Ад колбачкі да завода

- 9:54Адукацыйная прастора, Навука і інавацыі

Вучні гімназіі № 16 Мінска пабывалі ў вядучых лабараторыях Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, дзе пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці навукоўцаў. 

Экскурсія арганізавана па ініцыятыве Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Нагодай паслужыла нядаўняя перамога гімназістаў Дзяніса Ліпкану і Марка-Альгерда Сандрыгайла на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару з праектам па тэме ўтылізацыі адпрацаваных літый-іонных акумулятараў. Падрыхтавала вучняў педагог Анжаліка Аляксееўна Лісічонак.

Юных хімікаў сустрэла намеснік дырэктара інстытута па навуковай рабоце Жанна Уладзіміраўна Ігнатовіч.  

— У нашым інстытуце праводзіцца шырокі спектр фундаментальных і прыкладных даследаванняў, — адзначыла навуковец. — Многія распрацоўкі знайшлі практычнае ўкараненне на прадпрыемствах Беларусі. У структуры інстытута дзейнічаюць аддзел і шэсць лабараторый. Асноўныя напрамкі нашай дзейнасці — лесахімія, нафтахімія і стварэнне нанаструктураваных матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэння.

Жанна Уладзіміраўна кіруе лабараторыяй арганічных кампазіцыйных матэрыялаў, дзе ажыццяўляецца накіраваны сінтэз розных рэчываў. Тут створаны стымулятар росту раслін “Эпін”, распрацаваны арганічныя святлодыёды (OLED) сіняга, зялёнага і чырвонага свячэння для мікраэлектроннай прамысловасці. Дасягненні лабараторыі прымяняюць пры стварэнні ахоўных элементаў для каштоўных папер. Тут атрыманы валокны з павышанай агня- і тэрмаўстойлівасцю (для вытворчасці фільтраў, ахоўнага адзення і аксесуараў) і святлостабілізатар, які дазваляе падоўжыць тэрмін службы валакна. Іх выпуск наладжаны на прадпрыемстве “СветлагорскХімвалакно”. Ва ўмовах лабараторыі сінтэзаваны супрацьпухлінны прэпарат, які прымяняецца пры лейкозе.

У лабараторыі матэрыялаў і тэхналогій вадкакрысталічных устройстваў пад кіраўніцтвам Аляксандра Анатольевіча Мураўскага ажыццяўляецца навуковае суправаджэнне вытворчасці сродкаў адлюстравання інфармацыі, распрацоўваюцца анізатропныя матэрыялы і новыя тэхналогіі на іх аснове, а таксама прылады на аснове тэхналогій вадкіх крышталёў. Былі прадстаўлены індыкатары і ячэйкі, у якіх арыентацыя вадкіх крышталёў ажыццяўляецца матэрыяламі, распрацаванымі ў лабараторыі.

Супрацоўнікі лабараторыі мікра- і нанаструктураваных сістэм прадставілі супергідрафобныя пакрыцці для прадухілення абледзянення і абароны ад карозіі на розных паверхнях. Сярод напрамкаў работы навукоўцаў — стварэнне носьбітаў для біялагічна актыўных рэчываў або сродкаў дастаўкі лекавых форм, якія дазваляюць данесці лекі ў патрэбны ўчастак арганізма, скараціўшы пабочныя эфекты ад яго прымянення. Гэта, найперш, тычыцца супрацьпухлінных прэпаратаў. Пра гэта расказала Вікторыя Ігараўна Кулікоўская, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце інстытута і загадчыца лабараторыі.

Актуальнае пытанне — пераадоленне рэзістэнтнасці бактэрый да антыбіётыкаў. Навукоўцы прапануюць камбінаваць з антыбіётыкамі наначасціцы серабра, каб лекі лепш пранікалі ў клетку. Тут распрацаваны падыходы, якія дазваляюць бяспечна выкарыстоўваць стваловыя клеткі ў барацьбе са спайкамі, што ўзнікаюць у людзей пасля аперацый.

Загадчык лабараторыі лесахімічных прадуктаў і тэхналогій Аляксандр Юр’евіч Сідарэнка расказаў вучням аб хімічнай перапрацоўцы кампанентаў драўніны і атрыманні новых прадуктаў. Так, каніфоль можна выкарыстоў­ваць у кампанентах ВК-устройстваў, для вытворчасці клеяў, вадкасці для апрацоўкі металу. Са шкіпінару атрымліваюць злучэнні, якія могуць выкарыстоўвацца ў парфуме, таварах бытавой хіміі, аддушках. Распрацоўваюцца і новыя лекавыя агенты для фармацэўтычнай прамысловасці, якія валодаюць супрацьвіруснай, анальгетычнай і супрацьпухліннай актыўнасцю.

Лабараторыю аптычных анізатропных плёнак узначальвае дырэктар інстытута Аляксандр Аляксандравіч Рагачоў. Тут ствараюць палароідныя плёнкі для оптаэлектронікі, клеі рознага прызначэння для палімерных плёнак, кампазіцыйны матэрыял для пластыкавых картак, аўтамабілебудавання, а таксама расходныя матэрыялы для 3D-прынтараў. Вучні паназіралі за работай 3D-прынтара і пабывалі ў цэху па вытворчасці прутка для 3D-друку і біяраскладальных плёнак. 

Сінтэз рэчываў у інстытуце ладзіцца ў хімічнай лабараторыі. Школьнікі ўбачылі рэактары, якія выкарыстоўваюцца для гэтага. Боль­шасць рэакцый тут праходзяць пры нізкіх тэмпературах (ад нуля да мінус 80 градусаў). Адзін з кірункаў — сінтэз хіральных злучэнняў, якім, дарэчы, ёсць прымяненне ў лаку для пазногцяў. Навукоўцы ствараюць лак для пазногцяў праграмуемага колеру.

У зале вучонага савета навукоўцы адказалі на пытанні гімназістаў і правялі для іх невялікую віктарыну. Найбольш актыўныя вучні атрымалі ў падарунак ад дырэктара інстытута сувенір — надрукаваную на 3D-прынтары саву з прабіркамі. Навукоўцы прапанавалі школьнікам карыстацца ў далейшым хімічнымі рэактывамі інстытута для правядзення сваіх даследаванняў і пры неабходнасці выконваць на базе лабараторый установы эксперыменты.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.