Ад культуры чытання — да культуры асобы

- 10:13Практыкум

Зыходзячы са сваёй прафесійнай практыкі і ўласнага жыццёвага вопыту, хачу пагадзіцца са словамі вядомага дыдакта Д.Дзідро “Чалавек перастае думаць, калі перастае чытаць”. Думаю, што сёння, калі аб’ём інфармацыі, якую мы ўспрымаем, павялічваецца з кожным днём, пытанне фарміравання чытацкай пісьменнасці набывае яшчэ большую актуальнасць. Прычым гэтая здольнасць фарміруецца з ранняга дзяцінства. Са стратай у многіх сем’ях традыцыі чытання дзецям, сумеснага сямейнага абмеркавання літаратурных твораў фарміраванне чытацкай пісьменнасці пачынаецца позна, толькі ў школе, што і вымушае карэкціраваць работу настаўніка.

У аснове паспяховага развіцця чытацкай пісьменнасці ляжаць тры ўмовы: цікавасць да чытання, багаты слоўнікавы запас, развітыя здольнасці разумення тэксту.

Першы аспект важны ў пераемнасці навучання літаратуры паміж І і ІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі. Характар урокаў “Літаратурнае чытанне” і “Беларуская літаратура” адрозніваецца — зместам літаратурных тэкстаў, узроўнем чытацкай самастойнасці, методыкай правядзення вучэбных заняткаў. Па гэтай прычыне ў 5 класе важна засяроджваць увагу на тым, як сфарміраваны базавыя паказчыкі чытацкай пісьменнасці, каб скарэкціра­ваць іх перад ускладненнем патрабаванняў да ўменняў вучняў.

Работа над сюжэтам і кампазіцыяй мастацкага тэксту становіцца цікавай і эфектыўнай пры выкарыстанні наступных метадаў і прыёмаў: “Дрэва прадказанняў”, “Лаві памылку”, “Інтэрпрэтацыя”.

Для фарміравання ўмення буда­ваць гіпотэзы, звязаныя з развіццём сюжэтнай лініі ў тэксце, важнае значэнне мае прыём “Дрэва прадказанняў”. Сутнасць прыёму — у мадэляванні фіналу зададзенага тэксту.

Напрыклад, паслухаўшы пачатак апавядання К.С.Хадасевіч-Лісавай “Вітаміны ад грыпу”, неабходна падумаць, якім бу­дзе яго фінал.

Ваня лёг раней спаць, каб хутчэй надышла доўгачаканая субота. Нарэшце можна будзе апробаваць новы футбольны мяч.

Прачнуўся раніцай сам. Без будзільніка, і пайшоў на кухню. Здзівіўся, калі не ўбачыў там мамы. Звычайна ў гэты час яна завіхалася каля пліты, гатавала сняданак.

— Сынок! — паклікала мама са спальні. — Ты ўжо ўстаў?

Ваня заглянуў да мамы. Бледная, яна сядзела на ложку, прыкрыўшыся коўдрай.

— Захварэла я, сынок, — сказала мама. — Грып мусіць. Не падыходзь блізка.

Ваня занепакоіўся:

— Не ўставай, мамачка! Зараз я табе чаю сагрэю.

Мама папіла чаю з варэннем, падзякавала і папрасіла:

— Пакармі Наташку, сынок. І на рынак схадзі, купі малака, каўбасы, гародніны, каб і на заўтра вам хапіла.

— Добра, мамачка. Усё зраблю, — запэўніў Ваня. — Я ж не ў дзіцячы садок хаджу!..

Праз гадзіну Ваня выйшаў з дому. З сабой узяў не толькі грошы, але і футбольны мяч.

Пасля самастойнага мадэлявання вучні знаёмяцца з тэкстам апавядання.

На вуліцы сказаў сябрам:

— Гуляйце без мяне ў футбол. Я на рынак іду.

Вельмі хацелася Ваню далучыцца да сяброў. Але дома чакалі хворая мама і маленькая сястрычка, і ён аддаў мяч сябрам.

На рынку ўсяго было так багата, што аж вочы разбягаліся. Ваня доўга прыглядаўся, выбіраў. Дадому вярнуўся задаволены.

На кухні паклаў усё, што купіў, на вялікі паднос і прынёс маме.

— Каму гэта? — здзівілася мама, убачыўшы на падносе бананы, апельсіны, вінаград.

— Табе, мамачка. Вітаміны ад грыпу! Каб хутчэй ачуняла.

— Ты ж усе грошы патраціў, сынок. Што ж вы з Наташкай есці будзеце?

— Хопіць і нам, мамачка, — супакоіў Ваня. — У халадзільніку яшчэ каўбаса засталася, сыр ёсць, агуркі салёныя. Я звару бульбу.

На маміны вочы набеглі слёзы.

— Які слаўны ў мяне сынок! Сапраўдны гаспадар!..

Выхадныя, субота і нядзеля, прайшлі не так, як думаў Ваня. Але ён не зайздросціў сябрам: прыемна быць гаспадаром у сваім доме.

Для развіцця чытацкай уважлівасці важны прыём “Лаві памылку”. Яго сутнасць — у выпраўленні неадпаведнасцей у сціслым змесце тэксту ці яго фрагменце. Напрыклад, трэба знайсці памылкі ў прапанаваным тэксце.

Ваня лёг раней спаць, каб хутчэй надышла нядзеля. Можна будзе апрабаваць новы футбольны мяч.

Прачнуўся раніцай і пайшоў на кухню. Звычайна ў гэты час мама  чытала кніжку. Яе не было. Мама са спальні па­клікала Ваню.

Хлопчык заглянуў да мамы. Бледная, яна сядзела на канапе.

— Захварэла я, сынок, — сказала мама.

Ваня занепакоіўся:

— Не ўставай, мамачка! Зараз я табе чаю сагрэю.

Мама папіла чаю з лімонам, падзякавала і папрасіла:

— Пакармі Наташку. І на рынак схадзі, купі малака, каўбасы, садавіны.

— Добра, мамачка. Усё зраблю, — запэўніў Ваня. 

Праз гадзіну Ваня выйшаў з дому з футбольным мячом.

Прыём “Інтэрпрэтацыя” дапамагае развіваць літаратурнае ўяўленне вучняў, вызначаць аўтара і лірычнага героя твора. Прапануецца стаць удзельнікам падзей, пра якія расказана ў апавяданні, і сцісла пераказаць сюжэт ад імя Вані і маці.

Гэты прыём можа быць прадстаўлены наступным заданнем: зрабіць героя антыгероем, скласці апавяданне ці казку па зададзеных прадметах ці персанажах.

Усведамленню паняццяў “тэма”, “ідэя”, “праблема” спрыяе запаўненне кластара ці табліцы ў сшытку: “пра што”, “трэба зразумець”, “аўтар пытаецца”.

ТЭМА   ІДЭЯ   ПРАБЛЕМА  
ПРА ШТО   ТРЭБА ЗРАЗУМЕЦЬ   АЎТАР ПЫТАЕЦЦА  
     

Яшчэ адным істотным аспектам работы над разуменнем мастацкага тэксту з’яўляецца вызначэнне мастацкіх дэталяў, пастаноўка пытанняў і фармулёўка адказаў на іх, работа з моўнымі сродкамі. Эфектыўна дапамагае вучыць дакладнаму, лаканічнаму выказванню думак метад “Завяршы фразу” (дадзены пачатак, трэба дапісаць працяг).

Вырашаць у комплексе задачу фарміравання чытацкай пісьменнасці дапамагае і складанне плана мастацкага тэксту ў цытатах або пытаннях. Бачыць у тэксце мастацкія дэталі вучыць складанне літаратурных загадак (пазнай героя па апісанні, па рэчах, верш па радках.

Значнай праблемай у фарміраванні чытацкай пісьменнасці з’яўляюцца недастатковы слоўнікавы запас вучняў, нізкая засяроджанасць іх на запамінанні значэння новых слоў. Таму і на гэтым шляху важнае значэнне маюць прыёмы работы з элементамі займальнасці, напрыклад, “Філворд”, “Чытанне з пропускамі” (узнаўленне прапушчаных слоў), “Куфэрачак”, “Нататкі чытача” (у сшытку), “Ключавыя словы” (выпісванне ключавых слоў, узнаўленне па іх тэксту, мадэляванне тэксту па ключавых словах)  і інш.

к   у   ф   у   т   б   о   л   д   а  
а   ф   с   н   я   д   а   н   а   к  
н   і   л   о   ж   а   к   а   р   д  
з   г   а   р   о   д   н   і   н   а  

Прыём “Куфэрачак” дапамагае развіваць уменні вылучаць галоўнае, абагульняць і супастаўляць літаратурныя творы і характарыстыкі герояў. На паперы прапануецца запісаць адну характарыстыку галоўнага героя Вані. (Зачытваюцца ўсе характарыстыкі.) Такім чынам становяцца відавочнымі вядучыя рысы характару Вані.

Неабходна развіваць у дзяцей цікавасць да кнігі і да чытання, бо ўсё, што будуецца толькі на прымусе, не здольна даць добрых вынікаў. Таму на ўроках літаратуры актуальныя сёння метады рэкламы кнігі (буктрэйлера), эмацыянальнага і інтэлектуальнага паглыблення ў сэнс літаратурнага тэксту, метад “Асацыяцыі” (Уладзімір Ліпскі “Ад роду да народу” — РОД).

Буктрэйлер — гэта невялікі відэаролік, які расказвае ў адвольнай мастацкай форме пра нейкую кнігу. Мэта такіх ролікаў — рэклама новых кніг і прапаганда чытання, прыцягненне ўвагі да кніг пры дапамозе візуальных сродкаў. Працягласць буктрэйлера не большая за 3 мінуты.

Этапы стварэння буктрэйлера наступныя:

1. Выбар кнігі.

2. Прагляд узораў буктрэйлераў і стварэнне сваёй ідэі.

3. Напісанне сцэнарыя да роліка (10—15 сказаў). Падбор ілюстрацый, відэаматэрыялаў: па адным кадры да кожнага кароткага сказа, па 2—3 — да доўгіх сказаў. Вынас у загаловак трэйлера асноўнай ідэі кнігі.

4. Запіс неабходных аўдыяматэрыялаў.

5. Аб’яднанне візуальных і аўдыяматэрыялаў у адзіны ролік з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння.

6. Прагляд буктрэйлера, пры неабходнасці карэкціроўка.

7. Дэманстрацыя і аналіз уздзеяння роліка на гледачоў.

Візуалізацыя матэрыялу (напрыклад, карціна Язэпа Драздовіча да раздзела “Святло далёкай зоркі”) на ўроках беларускай літаратуры спрыяе таму, што мастацкія творы спасцігаюцца глыбей, развіваецца цікавасць да дадатковага чытання.

Такім чынам, метадаў і прыёмаў фарміравання чытацкай пісьменнасці на ўроках беларускай літаратуры ў 5—8 класах даволі многа. Аднак поспех работы будзе залежаць ад усведамлення індывідуальных цяжкасцей у авалоданні чытацкай пісьменнасцю і ўдала спланаванай у адпаведнасці з гэтым работы на вучэбных занятках і дома.

Алеся ЗЯНЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар гімназіі № 28 Мінска.