Ад магістра — да доктара навук

II школа маладога вучонага “Вучоны пад ключ — 2018” стала доўгачаканай падзеяй у асяроддзі пачынаючых навукоўцаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук.

Школа маладога вучонага ўключала курс семінараў, лекцый, майстар-класаў і трэнінгаў ад вядучых навукоўцаў для магістрантаў, аспірантаў і маладых вучоных. Яе мэта — павышэнне эфектыўнасці і ініцыятыўнасці маладых прадстаўнікоў навукі пры правядзенні даследаванняў, а таксама развіццё ў іх лідарскіх здольнасцей для далейшай рэалізацыі ўласных навуковых праектаў.

— Мы перакананы, што тут сабраліся людзі, якія цвёрда і ўпэўнена ідуць у навуку. І наша задача на гэтым этапе — падтрымаць вас, усяліць упэўненасць, — звярнуўся да малодшых калег першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык. — І помніце, што тыя, хто хоча праявіць сябе ў навуцы, павінны заўсёды праяўляць ініцыятыву.

Кожны дзень школы быў прысвечаны канкрэтнай тэме: слухачы азнаёміліся з блокамі “Фінансаванне”, “Публікацыя пад ключ”, “Праект пад ключ” і “Падрыхтоўка да дысертацыі”.

Напачатку ўдзельнікам расказалі пра фінансаванне навуковай дзейнасці ў краіне, дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы, гранты і стыпендыі для маладых вучоных. Вялікая ўвага была ўдзелена падтрымцы міжнароднага супрацоўніцтва ў Беларусі, пытанням арганізацыі навуковай дзейнасці ў краінах Еўропы. У другім блоку ўдзельнікі атрымалі тэарэтычныя і практычныя парады па напісанні дысертацыі, эфектыўным выкарыстанні электронных рэсурсаў і апублікаванні вынікаў даследаванняў, даведаліся нюансы паспяховых прэзентацый.

Так, з дакладамі “Візуалізацыя даных: карысныя інструменты і магчымасці” і “Выкарыстанне сістэмы “Антыплагіят” у навуковым працэсе” перад удзельнікамі школы выступіла дацэнт кафедры менеджменту адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Стралкова. Спецыяліст расказала, што асноўная задача прэзентацыі — максімальна эфектыўна прадставіць інфармацыю сваім слухачам. Пры гэтым пытанні ў аўдыторыі павінны ўзнікаць не ад таго, што выступовец дрэнна раскрыў тэму, а ад зацікаўленасці прадметам гутаркі. Ірына Барысаўна азнаёміла малодшых калег з магчымасцямі электронных праграм (захоўванне патрэбных матэрыялаў у воблаку, распрацоўка структуры дысертацыі, выбар дыяграм, магчымасці Google-дакументаў).

— Самае важнае ў дысертацыі — уклад у практычную дзейнасць. Таксама варта акрэсліць пытанні, якія засталіся па-за межамі даследавання. Наяўнасць адпаведных пунктаў пакажа вас як перспектыўнага вучонага. Тады вам захочуць дапамагаць, будуць падтрымліваць, — адзначыла Ірына Стралкова.

Галоўнай памылкай спецыяліст назвала слайдамем (сітуацыя, калі на экран вынесены толькі дробны суцэльны тэкст, які нічым не раздзяляецца), выкарыстанне нестандартных і рознакаляровых шрыфтоў (пажадана, каб шрыфтавое рашэнне суадносілася з тэмай выступлення і выкарыстоўвалася не больш за 2 колеры). Недаравальным хібам прэзентацыі лічыцца неахайнасць, няўважлівасць і непісьменнасць аўтара (памылкі друку, граматычныя, стылістычныя, пунктуацыйныя) і адсутнасць адзінства прэзентацыі. У першым выпадку прафесіяналізм і кампетэнтнасць выступоўцы могуць паставіцца пад сумненне, у другім — перанасычанасць элементамі можа адцягваць увагу слухачоў ад асноўнага пытання.

— Візуалізацыя — наша ўсё, — рэзюмавала Ірына Барысаўна.

Адносна плагіяту было адзначана, што падобная з’ява зніжае як эфектыўнасць навуковых работ, так і якасць адукацыі ў цэлым. Спецыяліст вылучыла некалькі асноўных момантаў: плагіят — гэта звесткі, пададзеныя без спасылак у квадратных дужках (нават калі да гэтага ўказвалася імя аўтара і назва работы); пры спасылцы на кнігу аўтара, цытата якога даецца ў іншай рабоце, спасылаюцца на першакрыніцу з паметкай “цытуецца па… (спасылка ў квадратных дужках)”; у дысертацыі можна выкарыстоўваць і самацытаванне (спасылацца на некаторыя ўласныя артыкулы па тэме, якія выйшлі раней).

Трэці блок пазнаёміў прысутных з прынцыпамі кіравання навуковымі праектамі, кіраваннем часу ў рэжыме шматзадачнасці вучонага. Таксама лектары падзяліліся вопытам фарміравання маладзёжнай навуковай групы.

У апошні дзень школы ўдзельнікі праслухалі даклады “Навуковы шлях маладога вучонага: ад магістра — да доктара навук”, “Падрыхтоўка кадраў у НАН Беларусі”, прынялі ўдзел у семінары-трэнінгу “Этапы напісання дысертацыйнай работы”, панэльнай дыскусіі “Крытэрыі ацэнкі дзейнасці вучонага ў Рэспубліцы Беларусь”.

II школа маладога вучонага выклікала цікавасць у навуковай моладзі не толькі з акадэміі навук і сталічных устаноў вышэйшай адукацыі: слухачамі праекта сталі таксама прадстаўнікі рэгіянальных універсітэтаў і галіновых навуковых інстытутаў. Таму і колькасць удзельнікаў мерапрыемства ў гэтым годзе перавысіла 200 чалавек.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *