На Гомельшчыне падведзены вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон — 2013”.
Тэме энергаэфектыўнасці і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў у Гомельскай вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага. Ва ўстановах адукацыі распрацоўваюцца ўласныя праекты, праводзяцца розныя акцыі, накіраваныя на прапаганду беражлівага выкарыстання энергарэсурсаў. Прычым у гэтай рабоце зацікаўлены як дарослыя, так і дзеці. Вучыць беражлівасці сваіх выхаванцаў паспяхова спрабуюць у дзіцячых садах. Цікавыя праекты распрацоўваюць разам са сваімі педагогамі навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, устаноў спецыяльнай адукацыі. Даволі сур’ёзную работу ў гэтым кірунку праводзяць установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такі падыход да праблемы дазваляе не толькі займаць прызавыя месцы ў розных конкурсах, але і прыносіць добрыя вынікі.
За мінулы год лепшым па рабоце ў кірунку эканоміі і беражлівасці ў рамках абласнога этапу конкурсу прызнаны аддзел адукацыі, спорту і турызму Добрушскага райвыканкама. Сярод устаноў адукацыі лепшымі па стварэнні работы ў галіне энергазберажэння названы Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж (дырэктар Р.В.Каляда), яслі-сад № 4 Добруша (загадчыца Л.М.Алейнікава), Руднецеляшоўская базавая школа (дырэктар Т.М.Майсеенка), Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі (дырэктар Н.А.Алейнік).
Значную ролю ў прапагандзе энергазберажэння і ўкараненні энергазберагальных тэхналогій адыгрывае абмен вопытам выкладчыкаў і навучэнцаў, удзел устаноў адукацыі ў міжнародных праектах. За работу ў гэтым напрамку граматай упраўлення адукацыі ўзнагароджаны метадыст Гомельскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і мола-дзі І.У.Варапінава і настаўніца англійскай мовы Гомельскага абласнога ліцэя Т.М.Краснажон. Загадчыца аддзела арганізацыйна-кадравай работы абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Л.А.Калацэй атрымала грамату за асабісты ўклад у прапаганду беражлівага выкарыстання энергарэсурсаў. Былі адзначаны і педагогі гімназіі Добруша, сярэдніх школ № 13 Жлобіна і № 14 Мазыра за лепшы вопыт па арганізацыі работы і выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў.
Падчас падвядзення вынікаў былі прадстаўлены некаторыя праекты. Так, намеснік дырэктара настаўніца малодшых класаў добрушскай гімназіі Т.П.Цвяточнікава прадэманстравала свой праект факультатыўных заняткаў “Разумныя карты”. Вельмі цікавы і даволі сур’ёзны праект пад назвай “Ад тэорыі да практыкі” прадставілі гледачам аўтары навучэнцы Рагачоўскага каледжа будаўнікоў Міхаіл Шапавалаў і Арцём Гаеўскі. Мэта іх праекта — энергаэфектыўнасць і эканамічнасць індывідуальных крыніц цеплазабеспячэння і сушыльнай камеры, якія працуюць на адходах сталярнага цэха.
Бадай, адна з самых цікавых намінацый конкурсу “Энергамарафон” — гэта творчая работа навучэнцаў па прапагандзе (ці, інакш кажучы, выступленне агітбрыгад). Тут заўсёды хапае месца ідэям і фантазіі, таму і журы няпроста вызначыць лепшых. Тым не менш пераможцамі ў гэтай намінацыі былі названы агітбрыгады сярэдніх школ № 14 Мазыра, № 10 Светлагорска, № 7 Рэчыцы, а таксама гімназіі Рагачова.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.