Ад маленькіх уменняў — да вяршынь майстэрства

- 11:55Нам пішуць

З нецярпеннем навучэнцы Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці чакалі дня працоўнага навучання, які другі год праводзіцца ў нашай школе. У гэтым навучальным годзе ён праўшоў пад дэвізам “Ад маленькіх уменняў — да вяршынь майстэрства”.


Зранку фае школы сустрэла ўсіх выставай творчых работ навучэнцаў “Умелые руки не знают скуки”. Пасля наведвання выставы навучэнцы з задавальненнем спяшаліся ў майстэрні працоўнага навучання на майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгажэнняў і сувеніраў, якія яны выкарысталі для аздаблення сваіх класаў.

Навучэнцы 4—8 класаў прынялі ўдзел у конкурснай праграме “Супердзеткі”, якая праходзіла на кожным перапынку.

Для навучэнцаў пачатковых класаў самай цікавай, па іх меркаваннях, аказалася экскурсія-падарожжа “У краіну Працы”, пасля якой кожны ўдзельнік атрымаў на памяць сувенір, выраблены навучэнцамі старшых класаў.

На кірмашы-продажы кандытарскіх вырабаў навучэнцы прадэманстравалі таленты ў гатаванні і афармленні сваіх шэдэўраў. Яны таксама паспрабавалі сябе ў ролі прадаўца. Кожны наведвальнік мог пакаштаваць гэтыя смачныя вырабы і запісаць рэцэпты іх гатавання.

Але самая значная падзея адбылася пасля ўрокаў. Гэта традыцыйнае свята “Пасвячэнне ў члены таварыства працоўнага навучання” навучэнцаў 5 класа. Для таго каб гэта адбылося, навучэнцам неабходна прайсці шэраг выпрабаванняў і выканаць заданні “блеф-клуба”: адгадаць загадкі аб матэрыялах, інструментах і прыстасаваннях працы, выказаць свае думкі наконт бяспечных умоў працы, каб пазбегнуць нестандартных сітуацый і скласці клятву на вернасць прадмету “Працоўнае навучанне”. У знак прыняцця ў члены таварыства ім былі ўручаны эмблемы.

Навучэнцы 4 класа з нецярпеннем будуць чакаць наступнага года, калі і яны змогуць стаць сапраўднымі членамі таварыства працоўнага навучання.

Ганна БАРАНОЎСКАЯ,
Ядвіга ДАНІЛЮК,
настаўніцы працоўнага навучання Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.