Ад малога да вялікага ў алімпіядзе па інфарматыцы

- 23:57Адукацыйная прастора

Гомельская абласная алімпіяда па інфарматыцы праходзіла на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Удзел у ёй прынялі 44 навучэнцы. Дыпламантамі сталі 15 чалавек.

Член журы, дацэнт кафедры матэматычных праблем кіравання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Сямёнавіч Далінскі расказаў, што ў першы і другі дзень абласнога этапу алімпіяды ўдзельнікам было дадзена па 4 задачы. Кожная задача ацэньвалася ў 100 балаў, і ў залежнасці ад якасці рашэння кожнай з іх можна было атрымаць ад нуля да ста балаў. Сумы за два дні складваюцца. Напрыклад, Сяргей Кулік, навучэнец 11 класа з Мазыра, рашыў усе задачы ў абодва дні і атрымаў 800 балаў. Сяргей — двухразовы прызёр міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, уладальнік сярэбранага, бронзавага медалёў. Нагадаем, што апошнія адзінаццаць гадоў запар Гомельская вобласць займала першае месца ў алімпіядах па інфарматыцы.
Дарэчы, удзел у алімпіядзе пры жаданні могуць прымаць школьнікі пачынаючы ўжо з пачатковых класаў. Так, Сяргей Процкі, навучэнец 4 класа гімназіі № 56 Гомеля, на другі дзень атрымаў сто балаў за рашэнне задачы, разлічанай на навучэнцаў 11 класа.
Безумоўна, сваімі поспехамі навучэнцы абавязаны педагогам. Напрыклад, вельмі добрая падрыхтоўка ў навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Вольга Скідан, адна з навучэнак Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, якая атрымала дыплом ІІІ ступені, падзялілася сваімі ўражаннямі ад алімпіяды. Вольга лічыць, што заданні ў гэтым годзе  лягчэй, чым у мінулым. На яе думку, былі зусім простыя задачы, але сустракаліся і такія, што патрабавалі неардынарнага падыходу ў рашэнні. Дарэчы, тры з сямі ўладальнікаў дыпломаў І ступені — навучэнцы ліцэя.
Пераможцамі абласнога этапу алімпіяды па інфарматыцы, уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі: навучэнец 11 класа Цэнтра юных пажарных Мазыра Сяргей Кулік (настаўнік А.В.Баруноў), навучэнец 10 класа Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Дзмітрый Дзямідка (настаўнік А.Л.Мяняйлава), навучэнец 11 класа Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вадзім Грыбанаў (настаўнік А.Л.Мяняйлава), навучэнец 11 класа Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Аляксей Саскевіч (настаўнік А.Л.Мяняйлава), навучэнец 10 класа гімназіі № 51 Гомеля Дзмітрый Фісько (настаўнік М.С.Далінскі), навучэнец 10 класа Цэнтра юных пажарных Мазыра Ягор Казачэнка (настаўнік А.В.Баруноў), навучэнец 11 класа Цэнтра юных пажарных Мазыра Станіслаў Пятроў (настаўнік А.В.Баруноў).

Вікторыя АГЕЕВА. Фота аўтара.