Ад малой радзімы да індустрыі 4.0

- 9:51Інфармацыйная гадзіна

Дэпутацкая вясна будзе гарачай

2 красавіка пачалася чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Па традыцыі з уступным словам да дэпутатаў звярнуўся старшыня Палаты прадстаўнікоў У.П.Андрэйчанка, які акрэсліў асноўныя кірункі заканатворчай дзейнасці парламентарыяў на перыяд вясенняй сесіі.

— У рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады гэты год па праве лічыцца ключавым, — адзначыў У.П.Андрэйчанка. — Пераход да індустрыі 4.0, вызначэнне новых крыніц росту, заахвочванне дзелавой ініцыятывы грамадзян — не звычайнае патрабаванне часу. Гэта шлях развіцця сусветнай эканомікі. І ад рашэння задач, якія пазначаны ў гэтым праграмным дакуменце, цалкам залежаць канкурэнтаздольнасць краіны, грамадская стабільнасць і рост дабрабыту насельніцтва.

У.П.Андрэйчанка заявіў, што рашэнні прэзідэнта краіны, накіраваныя на развіццё прадпрымальніцтва і лічбавых тэхналогій, патрабуюць перагляду і ўдасканалення дзеючай заканадаўчай базы, непасрэдна змяненняў у бюджэтна-падатковай палітыцы, інвестыцыйнай дзейнасці, дыверсіфікацыі экспарту, мадэрнізацыі галін эканомікі. Усе гэтыя кірункі будуць у цэнтры ўвагі дэпутатаў.

Сёння ў дэпутацкім партфелі знаходзяцца 50 законапраектаў, якія накіраваны на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны.

Перш-наперш дэпутаты ўключацца ў работу па падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту. Эканомія дзяржаўных сродкаў, іх эфектыўнае выкарыстанне — гэтыя крытэрыі павінны стаць асновай законапраекта. Пры гэтым трэба захаваць сацыяльную скіраванасць бюджэту, у тым ліку аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям, пенсіянерам і іншым неабароненым катэгорыям насельніцтва.

Ставіцца задача па ўдасканаленні падатковай сістэмы. Яна павінна стаць простай і зразумелай для суб’ектаў гаспадарання, стымуляваць прадукцыйную працу грамадзян і іх занятасць. Будзе ўдасканальвацца заканадаўчая база банкаўскай сістэмы, энергетычнай галіны. Плануецца ўнесці ў Паветраны кодэкс папраўкі, нацэленыя на развіццё эксперыментальнай авіяцыі. Лібералізацыя заканадаўства, якое тычыцца транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці і аўтамабільных дарог, скіравана на развіццё прадпрымальніцтва ў гэтых сферах.

Сёння патрэбны адпаведныя карэкціроўкі працоўнага заканадаўства. З гэтай мэтай дэпутаты разгледзяць папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія ў тым ліку ўрэгулююць працоўныя адносіны і сацыяльныя гарантыі тых работнікаў, якія працуюць дыстанцыйна і колькасць якіх павялічваецца за кошт развіцця інфармацыйных тэхналогій. Будуць разглядацца новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, праекты па пытаннях пітнога водазабеспячэння, абароны правоў спажыўцоў і інш. Павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі паслужыць разгляд праектаў законаў аб гаспадарчых таварыствах, дзяржаўных закупках.

На гэтую сесію будзе прадстаўлена новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Улічваючы высокую сацыяльную значнасць гэтага дакумента, плануецца праводзіць работу над ім максімальна адкрыта.

У першы дзень сесіі была засяроджана ўвага на дзейнасці дэпутатаў у сваіх выбарчых акругах, звязанай у тым ліку і з рэалізацыяй мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы.

Ала КЛЮЙКО.