Ад маналогу – да дыялогу і партнёрства

Эфектыўнасць працэсу навучання і выхавання ў многім залежыць ад таго, як ва ўстанове адукацыі наладжана супрацоўніцтва з бацькамі  і законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў. Як жа знайсці паразуменне і плённа ўзаемадзейнічаць з імі па ўсіх пытаннях, што ўзнікаюць? У пошуку адказу на гэтае пытанне кожны педагагічны калектыў назапашвае свой вопыт. Шэрагу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за апошнія гады ўдалося выйсці на новы ўзровень і пабудаваць больш эфектыўныя ўзаемаадносіны з бацькамі вучняў.

Педагагічны калектыў Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з радасцю заўважыў: у апошнія гады ва ўзаемадзеянні з бацькамі адбылося шмат станоўчых, доўгачаканых змянненяў. З 2016 года тут пачалася работа над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”. Дзякуючы гэтаму, паступова, цаглінка за цаглінкай,  адносіны з бацькамі будаваліся па-іншаму.

— Вельмі хацелася, нарэшце, больш грунтоўна разабрацца ў такой злабадзённай тэме, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валянціна Віктараўна Баярчук. — Безумоўна, турбавала, што многія бацькі не вельмі ахвотна наведвалі ўстанову адукацыі, не праяўлялі цікавасці да мерапрыемстваў, на якія мы іх запрашалі. Каб змяніць сітуацыю, варта, як і ў любой справе, быць гатовым у першую чаргу па­чаць са змянення сваёй сістэмы работы.

Прааналізаваўшы сітуацыю, педагогі адзначылі, што ў рабоце з бацькамі шмат традыцыйных мерапрыемстваў. Так, пераважнай формай узаемадзеяння школы і бацькоў заставаліся бацькоўскія сходы і індывідуальныя гутаркі інфармацыйна-статыстычнага ці вучэбнага характару. Лекцыі, кансультацыі і іншыя мерапрыемствы часта праводзіліся па тэмах, якія выбіралі педагогі, без уліку запытаў бацькоў. У выніку склаліся спосабы і формы работы з сям’ёй, у якіх дамінаваў маналог педагога.

У выніку работы над праектам і поўнай змены ранейшай стратэгіі былі створаны новыя практыкі ўзаемадзеяння з бацькамі навучэнцаў на прынцыпах партнёрства, пераемнасці, павагі і супрацоўніцтва, уліку узроставых і індывідуальных магчымасцей. Сёння работа накіравана на навучанне бацькоў правільнаму выхаванню дзяцей і сумеснаму, аператыўнаму вырашэнню праблем, што ўзнікаюць. Гэта паляпшае ўзаемаразуменне бацькоў і настаўнікаў з дзецьмі, спрыяе наладжванню даверу і плённага супрацоўніцтва паміж педагагічным калектывам і законнымі прадстаўнікамі вучняў.

— Як і многія школы, мы з году ў год запрашалі татаў і мам на бацькоўскія сходы, Дзень сям’і, 8 Сакавіка, спартландыі… — працягвае свой аповед В.В.Баярчук. — Аднак адносіны не ўдавалася вывесці на новы ўзровень. Пачаўшы работу над праектам, мы пачалі пытацца ў бацькоў, якія тэмы іх цікавяць, якія мерапрыемствы нам варта для іх правесці. Чакалі тэм, якія яны назавуць, а таксама прапаноўвалі ім на выбар: пагаварыць пра здароўе, камп’ютарную залеж­насць, бяспеку дзяцей…

Такі падыход даволі хутка знайшоў водгук. Бацькі ўсё з большай цікавасцю сталі прыходзіць ва ўстанову адукацыі, толькі ўжо не на бацькоўскія сходы, як раней, а на вучэбныя заняткі па сваіх жа запытах. У выніку з часам было створана 13 мікра­груп, дзе ладзіліся мерапрыемствы па пэўных тэмах (“Дзеці і здароўе”, “Дзеці і вучоба”, “Дзеці і прафесія”, “Дзеці і права”, “Дзеці і маральнае выхаванне”, “Дзеці і сямейныя традыцыі”, “Дзеці і праца”, “Дзеці і грошы”, “Дзеці і камп’ютар” і інш.). Кіраўніком кожнай мікрагрупы быў прызначаны адзі­н з педагогаў, які сістэматычна праводзіў заняткі па выбраным кірунку.

Галоўныя змяненні былі не толькі ў тым, што бацькі сталі часцей і з большай ахвотай наведваць установу адукацыі, але яшчэ і ў тым, што на сустрэчах вяліся ажыўленыя гутаркі. Паступова татаў і мам удалося ўключыць у актыўны дыялог. Формы правядзення вучэбных заняткаў былі разнастайнымі: майстар-класы, трэнінгі, круглыя сталы, семінары-практыкумы, бацькоўскія гадзіны, сямейныя педсаветы, дыскусіі, кансультацыі, вечары пытанняў і адказаў, гасцёўні, квесты…

У выніку за 5 гадоў, на працягу якіх вялася работа над праектам, класныя кіраўнікі, выхавальнікі групы прадоўжанага дня і дашкольнай адукацыі правялі амаль 90 вучэбных заняткаў, у тым ліку 4 — у дыстанцыйнай форме. Педагогі сабралі ў агульную скарбонку каштоўны матэрыял: распрацоўкі мерапрыемстваў для бацькоў па ўсіх асноўных тэмах іх адукацыйных запытаў і цяжкасцей, планы работы бацькоўскіх аб’яднанняў і творчых груп для трансляцыі свайго вопыту калегам з устаноў адукацыі вобласці.

— На пэўным этапе мы вырашылі пайсці далей і падключыць бацькоў непасрэдна да адукацыйнага працэсу, — адзначае Валянціна Віктараўна Баярчук. — Смелым крокам сталі дні бацькоўскага самакіравання. Таты і мамы мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў: яны праводзілі ўрокі на першай ступені адукацыі. У дзіцячым са­дзе падчас творчых тыдняў бацькі станавіліся памочнікамі выхавальнікаў і вялі мерапрыемствы. Гэта таксама дапамагло наладжванню больш даверлівых адносін і плённага супрацоўніцтва. Падчас рэфлексіі таты і мамы адзначалі, што ім было цяжка ўтрымаць дысцыпліну і ўвагу дзяцей і што зараз яны многае разумеюць пра адукацыйны працэс. Увогуле, мерапрыемстваў і тэм, якія асабліва зацікавілі бацькоў нашых навучэнцаў, многа. Яны хацелі разабрацца, як правільна правяраць выкананне дамашняга задання, як заахвочваць і якое пакаранне з’яўляецца аптымальным і карысным для дзяцей, як прывучыць дзяцей да хатніх абавязкаў…

Педагогі Бобравіцкага  дзіцячага са­да — сярэдняй школы паставілі задачу абавязкова задзейнічаць патэнцыял сем’яў з высокім узроўнем выхаваўчых магчымасцей. Адметна, што шэраг май­стар-класаў быў праведзены самімі бацькамі. Магчымасць навучыцца нечаму новаму выклікала непадробленую цікавасць. Па суботах майстар-класы з задавальненнем наведвалі іншыя бацькі, педагогі і самі навучэнцы. Напрыклад, мама аднаго з навучэнцаў Тэрэса Станіславаўна Садоўская, майстрыха на ўсе рукі, дзялілася вопытам вырабу прыгожых рэчаў са звычайнай паперы, газет, лямцу, сена. Пазней да правядзення майстар-класаў па вырабе кветак з каляровай паперы далучыліся мамы Алена Бугаславаўна Буйко і Вольга Чаславаўна Каспяровіч. Усе разам асвойвалі тонкасці кулінарыі, дэкупаж і іншыя віды рукадзелля.

У выніку некаторыя бацькі не толькі набылі новыя навыкі — у іх з’явіліся хобі, і цяпер мамы самі праяўляюць ініцыятыву і падключаюцца да вырабу сувеніраў для дзяцей на нейкія мерапрыемствы ці ўпрыгожвання актавай залы да агульнашкольных свят. Безумоўна, пры жаданні знайсці сабе занятак па душы можна і самастойна, аднак камусьці менавіта школьныя майстар-класы дапамаглі раскрыць свае таленты, тым больш што ў сельскім населеным пункце магчымасцей для развіцця і баўлення вольнага часу не так і шмат. Ну і, безумоўна, заняткі ў школе з’ядналі бацькоў і педагогаў. На сайце ўстановы адукацыі для падтрымання зваротнай сувязі стварылі блог для бацькоў, які складаецца з раздзелаў: “Кулінарыя”, “Цестапластыка”, “Дэкупаж” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Тут размешчаны майстар-класы, мамы выкладваюць фота­здымкі сваіх работ.

Шмат станоўчых эмоцый выклікалі гадзіны ціхага чытання, якія ладзіліся ў бібліятэцы сумесна з бацькамі, і конкурсы буктрэйлераў па прачытаных творах (іх дзеці складалі дома разам з татамі і мамамі). Інавацыйны праект завяршаецца, аднак работа з бацькамі бу­дзе працягвацца з улікам атрыманага вопыту. Да таго ж ёсць верагоднасць, што ў новым навучальным годзе ў Бобравіцкім дзіцячым са­дзе — сярэдняй школе будзе адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па тэме праекта.

Полацкая гімназія № 1 імя Францыска Скарыны Віцебскай вобласці з 2016 года працуе над рэспубліканскім праектам “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў”. Сёлета калектыў падводзіць вынікі і ўжо можа дакладна сказаць: станоўчая дынаміка назіраецца.

Галоўнай ідэяй праекта стала арганізацыя навучання бацькоў з улікам іх запытаў і цяжкасцей. Было выбрана некалькі кірункаў работы з бацькамі. Першы, адукацыйны, рэалізоўваўся пры дапамозе сучасных форм (бацькоўскія школа і клуб, індывідуальныя і групавыя кансультацыі па пытаннях развіцця дзяцей, педагагічныя лекторыі, псіхалагічныя трэнінгі, тэматычныя круглыя сталы, заняткі ў сістэме “дзіця — бацькі — спецыяліст” і г.д). Важна было сфарміраваць у бацькоў аб’ектыўнае ўспрыманне дзяцей, прыняцце асаблівасцей і тэмпу іх развіцця. Мэтамі мерапрыемстваў другога, псіхолага-педагагічнага, кірунку сталі зніжэнне ўзроўню псіхаэмацыянальнага напружання ў сям’і, фарміраванне здаровага ладу жыцця, непрыняцця жорсткіх зносін з дзецьмі. Апошні, сацыяльны, кірунак падзелены на сацыяльна-трэнінгавы і сацыяльна актыўны. На сацыяльна-трэнінгавых занятках бацькоў вучаць эфектыўным формам паводзін у розных сацыяльных сітуацыях і зносінах. Мадэлююцца разнастайныя сацыяльныя сітуацыі і канструююцца новыя формы сацыяльных паводзін. Дзякуючы такім заняткам, бацькі пераадольваюць сацыяльную трывогу і няўпэўненасць, набываюць гібкасць паводзін і рэагавання, становяцца сацыяльна актыўнымі. Мэта сацыяльна актыўных мерапрыемстваў — грамадская самарэалізацыя баць­коў. Гэта перш за ўсё іх актыўная пазіцыя, удзел у сацыяльна значных мерапрыемствах, акцыях, абагульненне станоўчага вопыту выхавання дзяцей у сям’і.

— Для рэалізацыі асноўнай ідэі праекта ў гімназіі функцыянуюць  творчыя групы педагогаў: “Дзеці і школа”, “Дзеці і сям’я”, “Дзеці і соцыум”, “Дзеці і прафесія”, “Дзеці і віртуальны свет”, “Дзеці і здароўе”, “Дзеці і вольны час”, “Дзеці і праца”. Акрамя таго, працуе кансультацыйны пункт дапамогі для бацькоў і дзяцей, — звярнула ўвагу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце полацкай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Вераніка Ана­тольеўна Скап’юк.

Ладзяцца ў гімназіі і традыцыйныя бацькоўскія сходы. Аднак, акрамя іх, мамы і таты рэгулярна сустракаюцца яшчэ і ў школе бацькоўскага майстэрства па павышэнні педагагічнай культуры бацькоў і ўдасканаленні сямейнага выхавання. Гэта форма псіхолага-педагагічнай асветы, якая забяспечвае неабходнымі ведамі, вучыць асновам педагагічнай культуры, знаёміць з сучаснымі пытаннямі выхавання, дапамагае ўстанавіць больш цесны кантакт бацькоў з грамадкасцю, сем’яў са школай, а таксама наладзіць ўзаемадзеянне бацькоў і настаўнікаў у выхаваўчай рабоце. Праграма школы складаецца з улікам узроставых асаблівасцей вучняў і запытаў баць­коў. У ёй арганізуюцца заняткі па прынцыпе шматпрофільнага навучання, групавыя заняткі па інтарэсах, гутаркі і клубныя сустрэчы.

— Мы вывучылі бацькоўскія запыты і сістэматызавалі іх па тэмах: “Вучоба і інтэлектуальнае развіццё дзіцяці”, “Працоўнае выхаванне і прафесійнае самавызначэнне”, “Канструктыўныя адносіны”, “Прафілактыка залежнасцей”, “Аздараўленне дзіцяці і канікулярны вольны час”, “Шкодныя звычкі і іх прафілактыка”, “Дзіцячая агрэсія” і інш., — дадала Вераніка Анатольеўна Скап’юк. — Кожную тэму падзялілі на часткі з улікам узросту дзяцей і канкрэтных запытаў бацькоў кожнай узроставай групы. Арганізавалі семінары-практыкумы для настаўнікаў па гэтых тэмах, шмат увагі ўдзялілі распрацоўцы сцэнарыяў вучэбных заняткаў.

Вучэбныя заняткі арганізуюцца адначасова ў некалькіх групах. Вядуць іх не толькі класныя кіраўнікі, але і настаўнікі-прадметнікі, бацькі ці запрошаныя спецыялісты. Формы і тэхналогіі розныя: дзелавая гульня, аналіз сітуацый, трэнінг, круглы стол…

Шмат увагі ўдзяляецца абмену бацькоўскім вопытам, стымуляванню ўдалай арганізацыі сямейнага вольнага часу і сучаснай адукацыйнай дзейнасці (праект “Чытаем разам”, правядзенне заняткаў і сустрэч бацькоўскага клуба “Тата плюс”). Практыкумы і прайграванне сітуацый зносін па вырашэнні канфліктных сітуацый у сям’і право­дзіць педагог-псіхолаг у клубе “Сям’я”.

У школе бацькі мо­гуць падзяліцца сваімі ведамі і вопытам. На занятках яны самі становяцца настаўнікамі, праводзяць вучэбныя заняткі для іншых мам і татаў. Таксама яны прымаюць актыўны ўдзел у педагагічных канферэнцыях. Напрыклад, на апошніх былі ўзняты тэмы “Гульнявая дзей­насць у жыцці дзіцяці”, “Маральнае выхаванне падлеткаў у сям’і”, “Выбар прафесіі — выбар будучага жыцця дзіцяці”. Вельмі папулярным стаў дзень баць­коўскага самакіравання: мамы і таты замяняюць настаўнікаў, класных кіраўнікоў і нават кіраўнікоў установы. Гэты дзень заўсёды пачынаецца ўстановачным педсаветам і заканчваецца выніковай педагагічнай нарадай, таксама традыцыйна ладзіцца бацькоўскі семінар “Вучымся, каб правільна вучыць”.

У перыяд пандэміі была апрабавана такая новая форма зносін, як прамы эфір у сацыяльнай сетцы Instagram. Загадзя правялі апытанне бацькоў аб самых актуальных пытаннях, адказы на якія яны хацелі б па­чуць падчас трансляцыі. Час паказаў, што падобныя эфіры выклікаюць вялікую цікавасць у бацькоўскай аўдыторыі.

Калектыў гімназіі падсумаваў плюсы арганізацыі школы бацькоўскага майстэрства. Да іх адносяцца і высокі ўзровень матывацыі бацькоў да навучання мастацтву выхавання ўласных дзяцей, і індывідуалізацыя педагагічнага ўзаемадзеяння “настаўнік — бацькі”, “бацькі — бацькі” на аснове асобасна арыентаванага падыходу праз дыялог, і актыўнае засваенне бацькамі карыснай інфармацыі па іх запытах. Важна таксама, што бацькі становяцца суб’ектамі навучання, выяўляецца мноства пунктаў гледжання, найбольш эфектыўных падыходаў і практычных прыёмаў вырашэння штодзённых сямейных праблем. Дзякуючы школе, тэорыя і практыка выхавання аб’ядноўваюцца, заахвочваецца творчасць бацькоў у штодзённай практыцы выхавання дзяцей. У выніку радасна назіраць, як павышаецца бацькоўская кампетэнтнасць. Усё гэта пераконвае: такая сістэма работы з бацькамі неабходная і перспектыўная.

Таццяна ШЫМКО.
Фота  з архіва полацкай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны.