Ад масавага да прафесійнага спорту

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

Больш за 700 студэнтаў з 51 установы вышэйшай адукацыі нашай краіны сабраліся пазаўчора на футбольным манежы Брэста для ўрачыстага адкрыцця Рэспубліканскай універсіяды — 2019, якая праводзіцца па ініцыятыве міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі міністр адукацыі І.В.Карпенка, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры С.Б.Рэпкін, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту А.В.Багдановіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк, рэктары УВА, кіраўнікі федэрацый (аса­цыяцый) па розных відах спорту, заслужаныя дзеячы культуры і спорту, вядучыя спартсмены краіны. Ганаровыя госці пажадалі ўдзельнікам універсіяды ўпэўненасці ў сваіх сілах і бліскучых перамог у гонар Радзімы.  

— Развіццё студэнцкага спартыўнага руху — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, — адзначыў міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Гэты рух адыгрывае важную ролю ў прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод моладзі і фарміраванні спартыўнага рэзерву краіны. Высокія вынікі, атрыманыя студэнтамі-спартсменамі на розных спартыўных спаборніцтвах, умацоўваюць імідж Беларусі ў свеце. Так, нашы студэнты паспяхова выступілі на сёлетняй Сусветнай зімовай універсіядзе ў Краснаярску (Расія), дзе заваявалі два залатыя і сярэбраны медалі. На рахунку беларускіх студэн­таў — каля 230 медалёў рознай вартасці, узятых на сусветных універсіядах. 

У 2012 годзе ў нашай краіне была створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, дзейнасць якой накіравана на падтрымку студэнцкага спорту і заахвочванне студэнтаў-пераможцаў міжнародных спаборніцтваў. Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае Рэспубліканская ўніверсіяда. Гэта выдатная пляцоўка для паказу спартыўных здольнасцей і прапаганды спартыўнай культуры. Задача ўстаноў вышэйшай адукацыі — дапамагчы студэнтам знайсці від спорту па душы і стварыць умовы для рэалізацыі сябе ў ім. Тады, магчыма, на гарызонце спартыўнай Беларусі запаляцца новыя алімпійскія зоркі.

Удзельнікі мерапрыемства прайшлі спартыўным марш-парадам, вынеслі сцяг універсіяды і запалілі Полымя міру ІІ Еўрапейскіх гульняў, пасля чаго міністр адукацыі і іншыя афіцыйныя асобы ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў мінулагодняй універсіяды. У яе спаборніцтвах, якія праводзіліся па 34 відах спорту, летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе”, прынялі ўдзел больш за 9 тысяч студэнтаў з 47 УВА. Наймацнейшыя вызначаліся ў 4 групах. Сярод лепшых — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.

Пачалася сёлетняя Рэспубліканская ўніверсіяда са спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.