Ад медыяадукацыі настаўнікаў да медыякампетэнтнасці вучняў

Калі былі апублікаваны вынікі апошняга даследавання PISA — аднаго з аўтарытэтных у свеце даследаванняў падрыхтаванасці вучняў сярэдніх школ да жыцця і працаўладкавання ў сучасным інфармацыйным грамадстве, усе краіны атрымалі PISA-шок. Аказалася, што толькі 9% навучэнцаў у даследаваных краінах здольны знаходзіць парушэнне логікі і выяўляць адрозненні паміж фактам і меркаваннем, абапіраючыся на няяўныя падказкі, якія тычацца зместу альбо крыніцы інфармацыі. У Беларусі гэты паказчык яшчэ меншы — толькі 4% навучэнцаў паказалі здольнасці крытычнай ацэнкі інфармацыі. У век інфармацыйных тэхналогій такое недапушчальна. Бо мы рызыкуем, што наступнае пакаленне не зможа арыентавацца ў патоку інфармацыі, рабіць высновы і прымаць адказныя рашэнні, быць канкурэнтным на рынку працы. Дапамагчы вырашэнню гэтай праблемы можа інтэграцыя ў школьныя прадметы медыяпісьменнасці вучняў, навучанне іх крытычнаму мысленню на прыкладзе сродкаў медыя. Менавіта з гэтай мэтай быў створаны і рэалізуецца дыстанцыйны курс-практыкум для настаўнікаў “Медыяадукацыя ў школе”. Паспрабуем расказаць пра яго ў серыі артыкулаў — па кожным з 5 вучэбных модуляў.

Педагогі часта сутыкаюцца з пытаннямі: як вучыць і вучыцца ва ўмовах сённяшняга інфармацыйна зменлівага свету, актыўнага развіцця і трансфармацыі медыя? Сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі аказваюць велізарны ўплыў на жыццё кожнага чалавека. Роля медыя ў фарміраванні каштоўнасцей, ацэнцы падзей, успрыманні свету пастаянна расце: новае вымярэнне рэальнасці створана са з’яўленнем высокаразвітых тэхналогій. Аднак адукацыя не заўсёды паспявае за зменамі і патрабаваннямі часу: не так хутка адбываецца абнаўленне методык адпаведна сучасным выклікам, педагогам цяжка змяніць звыклыя падыходы да выкладання, знайсці прыклады, праблемы, жыццёвыя сітуацыі і задачы, для вырашэння якіх спатрэбяцца прадметныя веды і ўменні. У выніку школьнае асяроддзе часта застаецца па-за сувяззю з асяроддзем інфармацыйнага грамадства.

Нельга не ўлічваць таго, што сучасныя вучні з’яўляюцца не толькі актыўнымі спажыўцамі сродкаў масавай інфармацыі, але і тымі, хто стварае і распаўсюджвае ўласныя медыяпрадукты. Медыя для многіх з іх — натуральны і вельмі важны складнік жыцця. Сённяшнія падлеткі жывуць у іншым культурным асяроддзі, чым большасць іх настаўнікаў. У вучняў па-за школай развіваюцца новыя спосабы ўспрымання, адчування, слухання і бачання. Такім чынам, вучні імкліва ідуць наперад, кіруюцца арыенцірамі і каштоўнасцямі, якія часта адрозніваюцца ад выпрацаваных, правераных часам грунтоўных прынцыпаў, на якіх будуецца культура школы. Гэтыя аспекты нельга не прыняць пад увагу ў медыяадукацыі.

Чаму так адбываецца? З самага пачатку школа, народжаная друкарскім станком, заўсёды была звязана з культурай друку. Школы жылі ў свеце, які кіраваўся логікай кнігі, лінейнасцю, прыярытэтам пісьма, слоў і падручнікаў. Нягледзячы на тое што мяняюцца канцэпцыі падручнікаў, ідзе пашырэнне выкарыстання электронных адукацыйных рэсураў, з тых часоў і па сённяшні дзень школы працягваюць ісці па шляху традыцыйна ўстаноўленага парадку. Не заўсёды педагогі пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў абапіраюцца на сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі, медыятэксты, медыякрыніцы як важны рэсурс развіцця медыяінфармацыйных кампетэнцый і развіцця крытычнага мыслення вучняў; не зважаюць на тое, што веды больш не з’яўляюцца выключнай прэрагатывай настаўнікаў і падручнікаў, яны пачынаюць распаўсюджвацца праз сродкі масавай інфармацыі (эфект паралельнай школы), і задачай настаўніка становіцца не толькі перадаць веды, а яшчэ і навучыць здабываць іх, выбіраць патрэбнае з патоку інфармацыі, якая акружае сучаснага вучня.

Для вырашэння гэтай праблемы ёсць некалькі кірункаў. Адзін з іх — падрыхтоўка і навучанне педагогаў асновам медыяадукацыі, акцэнтаванне ўвагі на новых рэаліях інфармацыйнага грамадства, на развіцці кампетэнцый у сферы планавання і правядзення ўрокаў і заняткаў з медыяадукацыйным зместам.

Менавіта гэтыя аспекты разглядаюцца ў межах дыстанцыйнага курса для педагогаў “Медыяадукацыя ў школе”, які з 2016 года паспяхова рэалізуецца Таварыствам беларускай школы. За гэты час беларускімі педагогамі напрацаваны даволі вялікі вопыт, які лёг у аснову скарбонкі практыкаванняў для развіцця медыяпісьменнасці Media Toolkit. Зараз праходзяць навучанне больш за 80 педагогаў, іх ментарамі з’яўляюцца настаўнікі-метадысты, члены клуба “Крыштальны журавель”, выкладчыкі АПА, БДПУ імя Максіма Танка, НІА.

Асаблівасці дыстанцыйнага курса:

• курс больш арыентаваны на практыку, чым на тэорыю медыя;

• на ім акцэнтуецца ўвага не на выкарыстанні ІКТ для правядзення заняткаў, а на фарміраванні ў школьнікаў крытычнага мыслення;

• за кожным педагогам на курсе замацаваны ментар — педагог, які раней сам паспяхова прайшоў дыстанцыйны курс, паспрабаваў на практыцы многія стратэгіі, мае метадычныя распрацоўкі і вопыт у навучанні дарослых;

• навучанне заснавана на прынцыпе канструктыўнай зваротнай сувязі;

• абмеркаванне пытанняў дыстанцыйнага курса адбываецца на агульным форуме;

• змест курса пастаянна абнаўляецца.

Дыстанцыйны курс складаецца з шасці модуляў:

Модуль 1 (уступны). “Я і медыяадукацыя”. У ім разглядаецца актуальнасць медыяадукацыі, асноўныя тэрміны і ключавыя паняцці: медыя, медыяадукацыя і медыяпісьменнасць.

Модуль 2 (практычны). “Я — медыя­карыстальнік. Я і мая медыякампетэнтнасць”. Гэты модуль прысвечаны развіццю крытычнага мыслення. Удзельнікі практыкуюць дэкадаванне (аналіз) розных медыятэкстаў, знаёмяцца з мовай медыя, прыёмамі рэкламных маніпуляцый, вучацца распазнаваць фэйкі, захоўваць бяспеку ў інтэрнэце і кіравацца адпаведнай этыкай і аўтарскімі правамі пры стварэнні ўласных матэрыялаў.

Модуль 3 (метадычны). “Я — медыянастаўнік”. Удзельнікі вучацца інтэгра­ваць медыяадукацыю ў адукацыйны працэс, фарміраваць медыякампетэнцыі вучняў на ўроках.

Модуль 4 (метадычны). “Я — медыявыхавальнік”. Педагогі вучацца фарміраваць медыякампетэнцыі на выхаваўчых занятках, у пазакласнай рабоце.

Модуль 5 (практычны). “Я — медыястваральнік”. Ствараюць уласныя медыя­прадукты разам з вучнямі.

Модуль 6. Падсумоўванне.

Такім чынам, дыстанцыйны курс адпавядае асноўным прынцыпам фарміравання медыяпісьменнасці вучняў, вызначаным ЮНЕСКА.

Доступ: магчымасць мець фізічны доступ да сучасных медыятэхналогій і высакаякаснага кантэнту і ведаць, як эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі.

Разуменне простых адназначных пасылаў (меседжаў) медыякрыніц.

Аналіз і ацэнка: умець дэкадаваць медыямеседжы (ад англ. message — паведамленне, пасыл, пасланне) з мэтай іх крытычнага асэнсавання; рабіць свядомыя абгрунтаваныя высновы аб каштоўнасці і карыснасці медыямеседжаў для пэўных мэт.

Стварэнне медыятэкстаў для розных мэт і выкарыстанне шматлікіх медыяфарматаў.

У серыі публікацый мы будзем гаварыць пра зместавыя асаблівасці кожнага модуля, прыводзіць пытанні, якія ўзніка­юць у педагогаў пры знаёмстве з прапанаванымі дыдактычнымі матэрыяламі, пры выкананні практычных заданняў, а таксама адказы на іх ментараў.

Першы модуль прысвечаны актуальнасці медыяадукацыі, асноўным тэрмінам і паняццям.

Працэс масавай камунікацыі праз пэўныя сродкі зрабіў магчымым перадаць адно і тое ж паведамленне бясконцай колькасці атрымальнікаў на геаграфічнай і часавай адлегласці. Такім чынам, сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі адкрыва­юць магчымасці для глабальных зносін, навучання, развіцця дэмакратыі, але ў той жа час нясуць небяспеку маніпуляцый.

У дыдактычных матэрыялах разглядаюцца паняцці “старыя медыя” і “новыя медыя”, асаблівасці іх работы і ўзаемадзеяння са спажыўцамі інфармацыі. Першыя з іх працуюць па класічнай мадэлі:

стандартнае спажыванне інфармацыі (раніца — вечар, сетка праграм, перыядыч­насць выхаду), звыклыя спосабы распаўсюджвання (друк, радыё, тэлебачанне).

Новыя медыя працу­юць па сучаснай мадэлі:

спажыванне інфармацыі адбываецца круглыя суткі, няма адзінага спосабу распаўсюджвання: ёсць інтэрнэт, сацсеткі, мабільныя дадаткі, рассылкі ў месенджарах і г.д.;

 яны даюць карыстальнікам магчы­масць зваротнай сувязі, каменціравання і дыялогу;

больш даступныя — дастаткова з кішэні дастаць смартфон або планшэт;

аператыўныя — інфармацыя абнаўляецца па меры здарэння падзей, што немагчыма ў выпадку з класічнымі медыя, дзе даводзіцца чакаць наступнага выпуску газеты ці тэлеперадачы, каб даведацца пра якія-небудзь падзеі;

мультыфармат (тэкст, відэа, аўдыя);

тэксты (гіпертэксты) паменшыліся ў аб’ёме, але сталі больш насычанымі;

з’явіліся лёгкія ў выкарыстанні відэа і слайд-шоу з фота;

набіраюць папулярнасць аўдыязапісы, якія дазваляюць праслухаць тое, што раней трэба было чытаць.

З улікам новых медыярэалій, школа, якая лічылася другім сродкам сацыялізацыі, канкурыруе з рознымі сацыяльнымі сеткамі. Новыя медыя ўзялі на сябе гэтую ролю.

Важным для разумення актуальнасці медыяадукацыі з’яўляецца разуменне паняццяў “медыятэкст”, “меседж”, “мова медыя”:

кожны медыятэкст уяўляе сабой канструкт — ён створаны спецыяльна для перадачы меседжу з дапамогай візуальных сродкаў, мовы і/або гуку;

кожны меседж ствараецца чалавекам ці групай людзей (арганізацыяй) для дасягнення пэўнай мэты;

кожны медыятэкст утрымлівае пэўны пункт гледжання або сістэму каштоўнасцей, выкарыстоўваецца для ўплыву на рашэнні, выбар, дзеянні медыяспажыўцоў;

каб вылучыць і зразумець меседж, медыятэкст неабходна прааналізаваць.

Кожны від медыя мае сваю мову — сімвалы (словы, адзенне або паводзіны персанажаў, ракурсы, асвятленне), якія працуюць для перадачы сэнсаў. Гэта могуць быць сімвалы, лёгка зразумелыя кожнаму: чырвоная ружа — сімвал любові, сціснуты кулак — знак гневу. Педагагічным прыкладам можа быць параўнанне літаратурнага твора і яго экранізацыі.

Важнай тэмай з’яўляецца “Асоба ў медыя”. Інтэрнэт уплывае як на калектыўны, так і на персанальны імідж настаўніка. Праз віртуальную камунікацыю настаўнік можа паказаць сваю грамадскую вагу і заваяваць павагу бацькоў, вучняў і калег. Важна помніць не толькі пра імідж, але і пра бяспеку настаўніка. Гісторыя нашых дзеянняў у інтэрнэце запісваецца ў так званыя печыва-файлы (cookies). Калі мы другі ці трэці раз заходзім на сайт, сістэма даведваецца, што мы раней тут былі, і браўзер хутчэй загрузіць патрэбны нам рэсурс. А YouTube прапануе адпаведны вашым інтарэсам ролік. Добра гэта ці дрэнна?

Сёння вялікія кампаніі, такія як Google або Facebook, ведаюць пра нас даволі шмат, бо кожны з нас добраахвотна пра сябе дае шмат інфармацыі: у якім горадзе я жыву, якія кафэ наведваю, з кім сябрую ў сацсетках, пад чыімі пастамі пакідаю каментарыі і чые фатаграфіі лайкаю. Уся гэтая інфармацыя дазваляе гэтым кампаніям скласці партрэт карыстальніка і пералік яго звычак. І далей — прапаноўваць гэтую інфармацыю рэкламадаўцам, якія хочуць знайсці пакупнікоў сваіх тавараў і паслуг. Для таго каб не апынуцца пад уз­дзеяннем алгарытмаў, неабходна прытрымлівацца пэўных правіл, якія даступна прадстаўлены ў першым модулі.

У дыдактычных матэрыялах да модуля таксама акцэнтуецца ўвага на вызначэнні паняццяў “медыяадукацыя”, “медыяпісьменнасць”, “крытычнае мысленне” як аснова медыяадукацыі.

Медыяадукацыю можна вызначыць як працэс навучання, з дапамогай якога лю­дзі даведаюцца аб тым, як розныя сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі ўплываюць на іх мысленне, сістэму каштоўнасцей і мяняюць грамадства.

Медыяпісьменнасць разглядаецца як пажаданы вынік гэтага працэсу: лю­дзі становяцца крытычна думаючымі медыяспажыўцамі, здольнымі ацаніць ­якасць медыякантэнту і тэхналогій, дэкадаваць медыяпаведамленні для таго, каб пазбегнуць іх маніпулятыўнага ўздзеяння, ства­раць і распаўсюджваць уласныя медыяпрадукты.

Паняцце крытычнае мысленне разглядаецца з пункту гледжання развіцця ўменняў адрозніваць факты ад дапушчэнняў і меркаванняў, ацэньваць якасць аргументаў у выказваннях, выбіраць для ўласнага карыстання ці даследчай дзейнасці медыя­крыніцы з пункту гледжання іх надзейнасці. Менавіта гэтыя ўменні правяраюцца падчас міжнародных даследаванняў PISA.

Пасля знаёмства з дыдактычным матэрыялам удзельнікам дыстанцыйнага курса прапануецца прайсці інтэрактыўны тэст для самаацэнкі засвоеных ведаў і выканаць некалькі заданняў. Адно з іх — сфармуля­ваць пытанні ментару. Пытанні з’яўляюцца асновай пазнавальнай дзейнасці, “запускаюць” крытычнае мысленне і дазваля­юць пераасэнсаваць змест кожнага модуля.

Якія пытанні ўзніклі ў педагогаў падчас засваення зместу першага модуля? І як на іх адказвалі ментары?

Ці праводзіліся даследаванні па эфектыўнасці медыяадукацыі? Веданне табліцы множання лёгка праверыць. Ці можна праверыць узровень медыя­пісьменнасці? Ці ўмее чалавек прымяняць веды пры вырашэнні праблем? Можна ведаць, што такое фэйк, але верыць, што паласканне горла сокам лімона, ужыванне гарэлкі ці яшчэ нешта падобнае выратуе ад каранавіруса. Ці ёсць даследаванні, якія параўноўва­юць узровень крытычнасці аналізу і спажывання інфармацыі да і пасля атрымання медыяадукацыі?

Пытанне важнае. Сапраўды, ацэнка ўзроўню сфарміраванасці медыякампетэнцый як школьнікаў, так і дарослых зараз з’яўляецца адным з самых значных кірункаў у сферы адукацыі. Па-першае, Міжнародным фондам “Лічбавая будучыня” ўжо распрацаваны каталог медыякампетэнцый (там яны добра распісаны па ўзросце і ўзроўнях). Мы будзем у наступных модулях праца­ваць з гэтым дакументам, а таксама абапірацца на пералік медыякампетэнцый у нашых стандартах і вучэбных праграмах. Па-другое, адзінага падыходу і інструментаў для дыягностыкі медыякампетэнцый не існуе. Напрыклад, медыяспажыванне і бяспеку ў інтэрнэце можна замераць з дапамогай тэхналогій вялікіх даных (біг дата і інш.). Узровень крытычнага мыслення дыягнасту­юць з дапамогай спецыяльна распрацаваных заданняў з фокусам на медыяпісьменнасці (кампетэнтнасна арыентаваныя заданні).

Звяртаю ўвагу, што ў маніторынгу PISA крытычнае мысленне з’яўляецца галоўным аб’ектам даследавання, што б ні знаходзілася ў фокусе — чытацкая, ма­тэматычная, фінансавая ці іншая пісьменнасць. Інфармацыю для роздуму даюць маніторынгі якасці адукацыі ў нашай краіне

http://monitoring.adu.by/index.php/ru.

У дадатак стваральнікі курса распрацавалі анкету дыягностыкі медыякампетэнцый вучняў. Мы паспрабуем замераць навыкі жыцця ў медыйным свеце навучэнцаў да пачатку курса і напрыканцы, пра што напішам асобны артыкул у “Настаўніцкую газету”.

З якога ўзросту трэба пачынаць медыяадукацыю вучняў?

У нашых суседзяў, ва Украіне, існуе праграма медыяадукацыі дзяцей не толькі школьнага, але і дашкольнага ўзросту. На жаль, у нас пакуль такой практыкі няма, але ўжо з 1 класа мы павінны працаваць у гэтым напрамку, паколькі адным з чаканых вынікаў пачатковай адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2018 г. № 125 “Аб зацвяр­джэнні адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі”) з’яўляецца валоданне вучнямі асновамі ўмення вучыцца; гатоўнасць і здольнасць да супрацоўніцтва; уменне карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі пры арганізацыі самастойнай вучэбнай дзейнасці. Метапрадметныя вынікі засваення зместу адукацыйнай праграмы пачатковай адукацыі выяўляюцца ў тым, што навучэнец ажыццяўляе разумовую дзейнасць на адпаведным узроўні (аналіз, сінтэз, параўнанне, класіфікацыя, устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, выяўленне заканамернасцей); прыслухоўваецца да чужога меркавання, выказвае сваё; умее фарміраваць уласныя меркаванні; разумее пункт гледжання суразмоўніка, узгадняе свае дзеянні з улікам пазіцыі іншага; валодае ўменнямі і навыкамі зносін у вуснай і пісьмовай форме;

у супрацоўніцтве з настаўнікам і самастойна выкарыстоўвае даведачную літаратуру, электронныя сродкі навучання, інструменты і прылады для вырашэння вучэбных і пазнавальных задач; разумее і супастаўляе інфармацыю, прадстаўленую ў выглядзе тэксту, малюнка, схемы, табліцы.

Як бачым, ужо на ўзроўні пачатковага навучання актуалізуюцца навыкі крытычнага мыслення і асновы медыяпісьменнасці.

Беларускія педагогі распрацавалі заняткі па развіцці медыяпісьменнасці вучняў пачатковых класаў, з якімі можна пазнаёміцца на метадычным рэсурсе Media Toolkit.

Як зрабіць бацькоў сваімі памочнікамі?

Мне ў гэтым дапамаюць маленькія відэа і фотаздымкі, якія раблю з вучнямі ў класе, выкладваю на сваім YouTube-канале, а потым дэманструю бацькам у класным чаце ў Viber. Відэа паказва­юць пазітыўныя моманты нашага школьнага жыцця, вучэбнага працэсу і абавязкова поспехі, якія робяць дзеці. Гэта вельмі прываблівае бацькоў, выклікае даверныя адносіны да настаўніцкай дзейнасці. Але існуюць два важныя правілы:

1. У самым пачатку работы з вучнямі трэба заручыцца дазволам кожнага з баць­коў на фота і відэаздымку іх дзіцяці.

2. Здымаць кожнага вучня толькі з пазітыўнага і паспяховага ракурсу!

Як вы лічыце, ці любога чалавека можна навучыць крытычна думаць? Ці ўсё ж ёсць “некрытычныя” людзі?

Навучыць крытычна мысліць тэарэтычна можна кожнага. Але калі чалавек не хоча вучыцца, то гэта праблематычна. Асноўнай функцыяй школы як сацыяльнага інстытута ў інфармацыйным грамадстве павінна быць станаўленне асобы з крытычным мысленнем, але, відавочна, пакуль гэта цалкам не выконваецца.

Скажыце, калі ласка, ці сутыкаецеся вы часам з неабходнасцю пераконваць сваіх знаёмых у тым, што якая-небудзь інфармацыя недакладная? І калі так, то як вы гэта даносіце да суразмоўніка?

Былі выпадкі, калі блізкія людзі збіраліся купіць лекі, якія рэкламаваліся. Для большага пераканання прыво­дзілі меркаванне аўтарытэта з Мінска — “вядомага прафесара”, якога звольнілі з клінікі. Вядомага прафесара мы шукалі, але не знайшлі. Гэта быў фэйк.

Калі пачынаеш працаваць з медыя, да якіх матэрыялаў лепш звярнуцца: вузкапрофільных па прадмеце ці ўніверсальных?

Думаю, што мы не медыйшчыкі, не айцішнікі і ніколі не станем імі, бо ўжо выбралі сабе іншую прафесію — настаўніка. Як прафесіяналы імкнёмся ўдасканальвацца ў гэтай дзейнасці. Сёння жыццё патрабуе ад нас стаць і медыяадукатарамі. Найперш як настаўнікі мы спрабуем самі спасцігнуць і ўводзіць у свае ўрокі элементы, якія б дапамагалі нашым вучням стаць медыяадукаванымі. Мне падаецца, што правільна будзе ісці ад магчымасцей, якія даюць нашы прадметы.

Што стала штуршком для распрацоўкі такога адукацыйнага кірунку, як медыяадукацыя?

Змены, якія адбываюцца ва ўсім свеце. І гэтыя змены звязаны з актыўным распаўсюджваннем новых тэхналогій і інфармацыі. Медыяпісьменнасць з’яўляецца важнай ключавой кампетэнцыяй сучаснага чалавека. На першы погляд можа здацца, што гэты кірунак не звязаны з адукацыяй, але гэта не так. Ад таго, наколькі вучань будзе медыяпісьменным, наколькі будзе развіта яго крытычнае мысленне, залежыць наша будучыня. Вучні вырастаюць і становяцца палітыкамі, эканамістамі, рабочымі, дактарамі — тымі, хто бу­дзе вызначаць лёс нашай краіны. Таму хочацца, каб нашы выпускнікі навучыліся ацэньваць падзеі, пры­маць рашэнні, рабіць выбар не пад уплывам эмоцый, маніпуляцый ці папулісцкіх заяў, а выкарыстаўшы і ацаніўшы факталагічную інфармацыю, якасць аргументаў і г.д.

Як вы лічыце, ці абавязкова настаўніку для павышэння свайго іміджу быць актыўным у медыяпрасторы?

Калісьці я была вельмі ўражана актыўнасцю ў сацыяльных сетках свайго сябра-бізнесмена. Па-першае, я здзівілася прафесійнаму пісьму (як філолаг я ведаю, як гэта няпроста — пісаць), па-другое, сіс­тэмнасці работы (пасты і фота з’яўляліся раз на два дні), па-трэцяе, інфармацыя была цікавай і займальнай. Інтрыга раскрылася хутка: гэтую работу выконвала прафесійны журналіст.

Я настолькі загружана работай, дамашняй, прафесійнай, што апісваць сваё жыццё проста няма часу. Ёсць вялікая колькасць маіх урокаў у інтэрнэце, але гэта работа Таварыства беларускай школы, “Настаўніцкай газеты”, клуба “Крыштальны журавель”. Можна сказаць, што я закрыты чалавек. Для творчасці, для душэўнай раўнавагі мне вельмі важна, каб мая асабістая прастора была закрытай. Я дапускаю, што для некага, наадварот, больш камфорту, больш матэрыяльнай выгады ад публічнасці. Імідж можа фарміраваць медыя. Раскруткай настаўніка павінны займацца прафесіяналы. Самому настаўніку рабіць гэта сумніўна.

На вучэбных занятках якога цыкла прадметаў (гуманітарнага, прыродазнаўчанавуковага, матэматычнага) лепш за ўсё фарміруецца медыякампетэнтнасць навучэнцаў?

На маю думку, грунтуецца на асабістым шматгадовым вопыце і практыцы медыяадукацыі розных краін. Усе магчымыя формы, напрамкі і прадметныя зместы ўтрымліваюць вельмі вялікі патэнцыял для развіцця медыякампетэнцый. Іншае пытанне, што пэўныя прадметныя тэмы маюць розны медыяпатэнцыял. Але ж, упэўнена, што яго выкарыстанне значна актуалізуе і ўзбагачае змест любой тэмы. Ёсць важная перасцярога: гэта не павінна быць штучна прывязана і надумана. Спа­дзяюся, вы пераканаецеся ў гэтым падчас навучання на нашым курсе.

Якоёе ваша меркаванне па пытанні неабходнасці дадатковага прадмета або факультатыўнага курса “Медыяпісьменнасць навучэнцаў” у школьнай праграме: ці дастаткова гэтым займацца толькі на ўроках па вучэбных прадметах?

На маю думку, дадатковага прадмета ў вучэбным плане школы не трэба. У нас і так шмат прадметаў. Факультатыў? Магчыма, але мэтанакіраваны. Напрыклад, пра журналістыку або кінаклуб. Я большы прыхільнік фарміравання медыяпісьменнасці на ўроку. Прычым не хвілінай медыя­пісьменнасці, а ўкараненнем у прадметны змест урока. Зрабіць гэта дастаткова проста і выглядае натуральна. Я лічу, што так больш практычнай карысці. Бачна, для чаго патрэбна крытычнае мысленне, медыяпісьменнасць у жыцці. Як гэта зрабіць, мы з вамі будзем вывучаць у трэцім модулі — “Я — медыянастаўнік”.

Вы згодны з тым, што сёння прак­тычна немагчыма забяспечыць асабістую інфармацыйную бяспеку чалавеку, які карыстаецца інтэрнэтам?

Канечне, новыя тэхналогіі не толькі пашыраюць нашы магчымасці, але і ўтрымліваюць розныя рызыкі. Ствараючы ўласны медыятэкст, трэба памятаць, што інтэрнэт — гэта публічная прастора. Людзі адразу губляюць кантроль над інфармацыяй, якую апублікавалі ў інтэрнэце, таму трэба падумаць пра гэта загадзя. Мне вельмі падабаюцца вось гэтыя тры простыя правілы карыстання інтэрнэтам:

1. Правіла бабулі: не публікуй таго, чаго б ты не хацеў, каб ведала твая бабуля (а таксама мама, настаўнік, будучы работадавец).

2. Ніколі не пішы ў сацсеткі, калі ў цябе дрэнны настрой альбо ты раззлаваны. Пачакай, калі эмоцыі сціхнуць.

3. Не пішы ў інтэрнэце таго, чаго не можаш сказаць чалавеку ў вочы.

Ці падобныя паняцці “медыяпісьменнасць” і “інфармацыйная пісьмен­насць”?

ЮНЕСКА распрацавала праграму навучання настаўнікаў медыяінфармацыйнай пісьменнасці (МІП). З яе можна зразумець, што гэтыя паняцці не тоесныя: “інфармацыйная пісьменнасць падкрэслівае важнасць доступу да інфармацыі, яе ацэнкі і этычных норм выкарыстання, а медыйная пісьменнасць робіць акцэнт на здольнасці разумець функцыі медыя, ацэньваць ­якасць выканання гэтых функцый і ўсту­паць у рацыянальнае ўзаемадзея­нне з медыя ў інтарэсах самавыяўлення”.

Але ў праграме навучання настаўнікаў было вырашана аб’яднаць гэтыя два паняцці ў адно — МІП.

Вось такі змест першага модуля дыстанцыйнага курса для настаўнікаў. Цікавыя і важныя пытанні ставілі настаўнікі сваім ментарам. Вы бачылі іх грунтоўныя і прафесійныя адказы. Было б карысна, каб чытачы газеты далучыліся да нас і сфармулявалі свае пытанні адносна медыяадукацыі выкладчыкам дыстанцыйнага курса. Пішыце на адрас: [email protected] Мы абавязкова на іх адкажам у наступным артыкуле паводле другога модуля нашага курса.

Алена РАДЗЕВІЧ,
начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, ментар дыстанцыйнага курса.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.