Ад нашых “Вытокаў”

- 8:39Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Школьныя музейныя экспазіцыі актыўна выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы самастойнай работы, для напісання рэфератаў, дакладаў, навукова­даследчай дзейнасці навучэнцаў.

У Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе склалася пэўная сістэма работы па фарміраванні даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў з выкарыстаннем магчымасцей школьнага музея.

Створана праграма дзейнасці краязнаўчага музея “Вытокі”, якая разлічана на выхаванцаў і навучэнцаў установы ва ўзросце 3—17 гадоў. Гэтая праграма прызначана для вядзення краязнаўчай работы ў рамках вучэбна-выхаваўчай дзейнасці з мэтай дапамагчы навучэнцам шырэй пазнаёміцца з родным краем, глыбей зразумець асаблівасці яе прыроды, гісторыі і культуры, а таксама пазнаёміцца з прыёмамі збіральніцкай і музейнай дзейнасці праз экскурсіі, экспедыцыі, цікавыя сустрэчы.

Згодна з праграмай, вызначана 5 этапаў педагагічнай дзейнасці на базе музея:

1 этап — азнаямленчы (выхаванцы груп дашкольнай адукацыі) — дазваляе пазнаёміць дашкольнікаў з паняццем музея;

2 этап — цікаўнасны (навучэнцы пачатковых класаў) — садзейнічае далучэнню навучэнцаў да вучэбна-даследчай работы;

3 этап — падрыхтоўчы (5—7 класы) — дазваляе прывіць навык работы з навуковай і даведачнай літаратурай, выкарыстоўваць элементы мікрадаследавання;

4 этап — развіццёвы (8—9 класы) — прадугледжвае замацаванне атрыманага даследчага вопыту і набыццё новых навыкаў;

5 этап — даследчы (10—11 класы) — дазваляе навучэнцам больш актыўна займацца навуковымі пошукамі і прадстаўляць свае назіранні ў вучэбна-даследчай рабоце.

Першае знаёмства з музеем неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту. Выхаванцы сярэдняй і старшай груп наведваюць музей разам са сваімі выхавальнікамі. Першая экскурсія “Музей запрашае” заўсёды аглядная, у рамках якой дзеці знаёмяцца не толькі з музеем і музейнымі экспазіцыямі, але і з правіламі паводзін у музеі.

Малодшы школьны ўзрост — сензітыўны перыяд для развіцця навыкаў вырашэння праблем. Дзеці па прыродзе сваёй даследчыкі. З вялікай цікавасцю яны ўдзельнічаюць у розных даследчых справах, ім уласцівы цікаўнасць і імкненне да актыўнай дзейнасці. Малодшыя школьнікі з задавальненнем фантазіруюць, эксперыментуюць, робяць невялікія адкрыцці. Работа па іх развіцці павінна праходзіць у класе пастаянна як ва ўрочнай, так і сістэмна ў пазаўрочнай дзейнасці. Навучанне даследчыцкім уменням  павінна ажыццяўляцца на даступным для дзіцячага ўспрымання ўзроўні, само даследаванне павінна быць пасільным, цікавым і карысным.

Найбольш якаснае грамадзянскае станаўленне асобы школьніка адбываецца праз практычную дзейнасць. Навучэнцы з задавальненнем прасуюць бялізну пры дапамозе валка і качалкі, круцяць кола калаўрота, разглядваюць ручнікі і прылады працы, даведваюцца, для чаго яны выкарыстоўваліся.

На базе музея “Вытокі” на II і III ступенях навучання праводзяцца ўрокі па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі Беларусі, класныя гадзіны, тэматычныя пазакласныя мерапрыемствы.

У школьным краязнаўчым музеі “Вытокі” створана і працуе група экскурсаводаў, якія праводзяць экскурсіі як для навучэнцаў рознага школьнага ўзросту, так і для дарослага насельніцтва. Разнастайнасць матэрыяльнай культуры беларусаў, рэгіянальныя асаблівасці побыту насельніцтва Іўеўшчыны, дакументы аб гісторыі вёсак Юрацішкаўскага сельскага савета, захапляючыя аповеды аб лёсах землякоў — пра ўсё гэта кожны раз можна пачуць з вуснаў экскурсаводаў музея.

Фарміраванне даследчай кампетэнтнасці на ўроках па розных вучэбных дысцыплінах ажыццяўляецца праз выкарыстанне метадаў праблемна-пошукавай дзейнасці. Навучэнцы вучацца супастаўляць даныя з розных крыніц, аналізаваць іх, рабіць высновы і тым самым набываць навыкі самастойнага мыслення. Адна з навучэнак установы адукацыі прадставіла даследчыя работы “Гісторыя майго роду” і “Прафесіі майго роду”. У зборы матэрыялаў былі задзейнічаны не толькі бацькі, але і дзядулі, бабулі і нават прадзядулі і прабабулі як па лініі маці, так і па лініі бацькі. Так даследчая работа стала справай усяго роду.

Адукацыйнае і выхаваўчае ўздзеянне музея на дзяцей і падлеткаў найбольш ярка праяўляецца падчас іх удзелу ў пошукавай і даследчай дзейнасці, вывучэнні і апісанні музейных экспанатаў і архіваў, стварэнні музейных экспазіцый, арганізацыі і правядзенні экскурсій.

Наш школьны музей прымае актыўны ўдзел у выставах, конкурсах, краязнаўчых мерапрыемствах. Навучэнцы выступаюць на раённых і абласных навукова-даследчых канферэнцыях. У музеі сабраны банк рэфератаў і даследчых работ па гістарычнай, этнаграфічнай і філалагічнай тэматыцы.

Музей падтрымлівае сувязь з храмам свяціцеля Мікалая Цудатворца г.п. Юрацішкі, храмам Пакрова Прасвятой Багародзіцы в.Вялікія Князікоўцы, Іўеўскім музеем нацыянальных культур. Таксама наладжаны цесныя сувязі з кафедрай беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, музей атрымлівае падтрымку вучоных у даследчай дзейнасці.

Этнаграфічныя і краязнаўчыя матэрыялы кладуцца ў аснову навукова-даследчых работ навучэнцаў: “Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета Іўеўскага раёна”, “З гісторыі Юрацішкаўскага медыцынскага вучылішча”, “Мой радавод”, “Уласныя імёны жыхароў прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў першай палове ХІХ стагоддзя”, “Прозвішчы жыхароў прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў першай палове ХІХ стагоддзя”. Многія работы сталі прызёрамі абласнога конкурсу даследчых работ (канферэнцыі) “Крышталёвая Альфа”. Даследаванне “Пад аховай Пакрова Прасвятой Багародзіцы (з гісторыі прыхода ў Жыжме)” высока ацанілі вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. З гэтай работай навучэнец 11 класа Уладзіслаў Чакавы прыняў удзел у ХІІ Пецярбургскім міжнародным адукацыйным форуме. 

Такім чынам, выкарыстанне даследчых метадаў у музейнай дзейнасці садзейнічае развіццю творчых здольнасцей і фарміраванню камунікатыўных навыкаў, самастойнаму авалоданню новымі відамі дзейнасці.

Галіна МІНАЕВА, 
кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Юрацішкаўскага
ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.