Ад навукі і інавацый — да стартапаў і бізнесу

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які ў будучым годзе адзначыць 100-гадовы юбілей, стаў удзельнікам эксперыментальнага праекта па стварэнні новай мадэлі “Універсітэт 3.0”. Для найстарэйшай тэхнічнай установы вышэйшай адукацыі краіны гэта нібы амалоджвальная працэдура. Усё ёсць: вопыт, сувязі, багатыя навуковыя напрацоўкі… Пераход на новую мадэль дасць універсітэту прыток маладой энергіі, дадатковую матывацыю і штуршок для далейшага развіцця.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — гэта як асобны горад унутры сталіцы. Тут вучацца больш як 35 тысяч студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў; выкладаюць і вядуць навуковыя даследаванні каля 2000 чалавек з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.

У структуры ўніверсітэта — 16 факультэтаў, 6 інстытутаў, 9 філіялаў па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй (каледжаў), ліцэй.

Падрыхтоўку інжынерных кадраў для эканомікі краіны ажыццяўляюць 115 кафедр. Ва ўніверсітэце 32 навукова-даследчыя лабараторыі, навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” і завод “Палітэхнік”.

— Пераход да мадэлі “Універсітэт 3.0” — гэта чарговы этап развіцця БНТУ, — гаворыць прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Нікалайчык. — Базай для стварэння сучаснага прадпрымальніцкага ўніверсітэта з’яўляецца той значны патэнцыял, які быў напрацаваны ў рамках універсітэта 2.0 (адукацыя і навука). У новай мадэлі, акрамя адукацыйнай і навуковай дзейнасці, моцна развіваецца трэці складнік — камерцыялізацыя, актыўнае ўкараненне навуковых распрацовак у вытворчасць і іх вывад на рынак.

Для БНТУ гэтая задача не новая, многія элементы канцэпцыі “Універсітэт 3.0” тут ужо рэалізаваны. Экасістэма ўключае ў сябе кафедры і навукова-даследчыя лабараторыі па розных напрамках тэхнікі і тэхналогій, тэхнапарк “Палітэхнік”, доследны завод “Палітэхнік”, фаблаб і стартап-цэнтр. Зараз стаіць задача цесна інтэграваць усе інавацыйныя структуры і выбудаваць адзіную ўніверсітэцкую экасістэму.

Віталь ГМЫРАК:

“Фаблаб — гэта міжнародны праект, які рэалізоўваецца ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза “Эразмус+”. У ім прымаюць удзел Данія, Францыя, Бельгія, Іспанія, Партугалія, Вялікабрытанія. У Беларусі ў рамках праекта фаблабы з’явіліся ў двух універсітэтах — у БНТУ і БДУ.

У адрозненне ад ІТ, дзе для стварэння прадукту патрэбны толькі камп’ютар, у нашай сферы неабходна яшчэ абсталяванне для матэрыялізацыі ідэі. Задача фаблаба — дапамагчы маладым людзям стварыць прататып. Маючы на руках гатовы выраб, яны могуць хутчэй знайсці інвестара.

Фаблаб БНТУ — гэта лабараторыя хуткага прататыпавання, аснашчаная 3D-прынтарамі, 3D-сканерамі, лазернымі разакамі, прасцейшымі станкамі з лічбавым кіраваннем і іншымі прыкладнымі інструментамі (каля 25 пазіцый). Дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза, набыта і ўстаноўлена абсталяванне коштам каля 25 тысяч еўра.

Карыстацца лабараторыяй могуць студэнты, а таксама супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта, якія маюць інавацыйныя ідэі. У фаблабе іх задумы могуць быць рэалізаваны”.

Тэхнапарк “Палітэхнік”

Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” — першы і найбуйнейшы ўніверсітэцкі тэхнапарк у краіне. Ён з’явіўся, калі ў вышэйшай школе яшчэ і размовы не было пра ўніверсітэт 3.0 (1992 год), з мэтай стварэння і падтрымкі новых інавацыйных вытворчасцей. На гэты час у партфелі тэхнапарка больш за 50 інавацыйных праектаў вучоных і студэнтаў з розных сфер.

— Сёння рэзідэнтамі тэхнапарка “Палітэхнік” з’яўляюцца каля 20 прадпрыемстваў, — расказвае начальнік медыяцэнтра БНТУ Віталь Гмырак, — і ўсе яны не прыйшлі аднекуль, а нарадзіліся ў экасістэме ўніверсітэта і заснаваны на распрацоўках нашых вучоных і студэнтаў. Дарэчы, адным з крытэрыяў работы прадпрыемстваў у структуры тэхнапарка з’яўляецца менавіта сувязь з універсітэтам. Ідзе пастаянны абмен ідэямі і напрацоўкамі. Так, навуковыя даследаванні для вытворчых прадпрыемстваў выконваюцца ў навукова-даследчых лабараторыях і на кафедрах БНТУ. Выраб прадукцыі адбываецца на заводзе “Палітэхнік”. Усе структуры ўзаемазвязаны. На базе тэхнапарка “Палітэхнік” студэнты праходзяць практыку, ажыццяўляюць курсавое і дыпломнае праектаванне.

Юрый НІКАЛАЙЧЫК:

“Рыхтуючы спецыялістаў у галіне тэхнікі і тэхналогій, мы будуем адукацыйны працэс у адпаведнасці з канцэпцыяй “Індустрыя 4.0”. Вытворчасць развіваецца, і адукацыя мусіць развівацца паралельна ці, яшчэ лепш, з апярэджаннем.

Укараняем у вучэбны працэс праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе студэнтам мадэляваць і праектаваць розныя аб’екты і канструкцыі. Яно ахоплівае ўсе напрамкі, якія ёсць ва ўніверсітэце: прыбора- і машынабудаванне, металургію, архітэктуру і інш. Напрыклад, калі гаварыць пра архітэктуру і будаўніцтва, то зараз актыўна выкарыстоўваюцца BIM-тэхналогіі (Building Information Modeling) — інфармацыйнае мадэляванне будынкаў. Студэнты ствараюць лічбавы двайнік будучага збудавання, выкарыстоўваюць пры гэтым неабходныя архітэктурныя элементы і падыходы, матэрыялы, складаюць каштарыс і г.д. Так, яны могуць змадэляваць увесь жыццёвы цыкл лічбавага двайніка, атрымліваючы поўнае ўяўленне пра ўсе працэсы на кожным этапе праектавання і будаўніцтва”.

Завод “Палітэхнік”

Уласны доследны завод дае ўніверсітэту значную вытворчую свабоду: шлях ад распрацоўкі да гатовага вырабу значна карацейшы, чым калі б распрацоўшчыкі мусілі шукаць вытворцаў звонку.

— Завод — гэта вытворчае ядро, дзе прадпрыемствы — рэзідэнты тэхнапарка размяшчаюць свае заказы на выраб інавацыйнай прадукцыі, — тлумачыць Віталь Гмырак. — Напрыклад, прадпрыемства “Прамысловыя экалагічныя сістэмы” — вядомы брэнд не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Абсарбцыйна-біяхімічныя ўстаноўкі ачысткі вентыляцыйнага паветра ад шкодных арганічных рэчываў па заказе гэтага прадпрыемства вырабляюцца менавіта на доследным заводзе БНТУ. І такіх прыкладаў шмат.

На заводзе “Палітэхнік” размешчана сучаснае, у тым ліку ўнікальнае абсталяванне, ёсць чыстыя пакоі, што дазваляе адпрацоўваць тэхналогіі і выпускаць прадукцыю самага рознага прызначэння. Напрыклад, медыцынскія прылады вытворчасці завода “Палітэхнік” — біялагічныя клапаны сэрца, пратэзы сасудаў, пасткі для тромбаў і г.д.

— Вельмі важна, што інавацыйная вытворчасць адкрыта для моладзі, — гаворыць Юрый Нікалайчык. — Зараз кіраўніцтва БНТУ, улічваючы жаданне многіх студэнтаў падзарабіць, ставіць задачу стварэння рабочых месцаў для іх менавіта ва ўніверсітэце — у навукова-даследчых лабараторыях, у тэхнапарку, на заводзе. Такая работа, непасрэдна звязаная з будучай працоўнай дзейнасцю, будзе вельмі карыснай для маладых людзей. Дарэчы, ужо сёння ў БНТУ на розных пасадах працуе каля сотні студэнтаў.

Маладзёжнае прадпрымальніцтва

Значная роля пры пераходзе на мадэль “Універсітэт 3.0” адводзіцца стартап-цэнтру БНТУ, які быў створаны ў 2014 годзе ў рамках праграмы ЕС Tempus. Гэтая структура дапамагае студэнтам ствараць бізнес ва ўніверсітэце.

Вялікую папулярнасць набыла стартап-школа БНТУ — інтэнсіўны курс, калі на працягу пэўнага перыяду вопытныя прадпрымальнікі, супрацоўнікі тэхнапарка, выкладчыкі, навукоўцы, знешнія эксперты працуюць са студэнтамі па розных напрамках.

— Калі раней мы праводзілі стартап-школу раз на год, то зараз колькасць студэнтаў, зацікаўленых у павышэнні сваіх прадпрымальніцкіх навыкаў і развіцці ўласных праектаў, няўхільна расце, — расказвае Віталь Гмырак. — Цяпер наша стартап-школа праводзіцца 2—3 разы на год. Маладыя людзі атрымліваюць вельмі важныя веды ад практыкаў: як скласці бізнес-план, як правесці маркетынгавыя даследаванні, як знайсці фінансаванне, якія існуюць рызыкі, як кіраваць персаналам і г.д. Кола тэм вельмі шырокае. Фінальным акордам вучобы, калі ўжо студэнты падрыхтаваны, з’яўляецца прэзентацыя праектаў перад экспертным журы.

Віталь Мікалаевіч гаворыць, што з кожным разам узровень праектаў павышаецца. Напрыклад, летась у конкурсе перамог праект “Біянічная рука”. Галоўным прызам для яго аўтараў стаў год бясплатнага інкубіравання на базе тэхнапарка “Палітэхнік” і свабодны доступ да фаблаба, дзе яны могуць дапрацаваць свой прадукт.

— Спадзяёмся, што хутка праект выйдзе на ўзровень прадпрыемства і будзе мець поспех на рынку, — дзеліцца меркаваннем Віталь Гмырак. — Вытворчая інфраструктура тэхнапарка БНТУ гэтаму садзейнічае. Адпаведнае абсталяванне ёсць, і маладыя людзі могуць стварыць не толькі доследны ўзор, але і выпусціць дробную серыю, а пасля адпаведных выпрабаванняў — адкрыць паўнавартасную вытворчасць.

Кіраўніцтва БНТУ заахвочвае кааперацыю паміж прадстаўнікамі розных падраздзяленняў універсітэта. Той жа праект “Біянічная рука” шмат у чым выйграў, таму што была міждысцыплінарная каманда: у яе ўвайшлі студэнты прыборабудаўнічага і энергетычнага факультэта, факультэта маркетынгу і менеджменту.

— Поспех не там, дзе ёсць ідэя і чалавек у адзіночку спрабуе яе рэалізаваць, — гаворыць Віталь Мікалаевіч. — Поспех — гэта калі ёсць каманда, аб’яднаная адной мэтай, і разуменне, як яе дасягнуць.

Студэнтам у такім асяроддзі цікава жыць і вучыцца. Быць актыўным і разумным становіцца выгадна. Бо веды і творчасць — гэта не проста дзеля нейкай міфічнай кар’еры ў будучыні, іх можна манетызаваць тут і зараз.

— Дзякуючы стартап-руху, у студэнтаў павышаецца матывацыя да адукацыйнай дзейнасці, — гаворыць Юрый Нікалайчык. — Яны разумеюць, што ідэя, якая ўзнікла на лекцыі ці практычных занятках, можа быць увасоблена ў жыццё, прынесці прыбытак. Але для гэтага трэба валодаць пэўным узроўнем кампетэнцый, а значыць — паглыбляцца ў вучобу, ствараць аснову для будучага развіцця.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.