Ад навукі — у практыку

- 11:19Навука і інавацыі

43 навукова-педагагічныя школы дзейнічаюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі і ў навукова-даследчых установах Гродзеншчыны. Пра іх патэнцыял, перспектывы развіцця і сучасныя даследаванні гаварылі прадстаўнікі навуковых школ рэгіёна на сустрэчы, якая адбылася напярэдадні Дня беларускай навукі.

Удзельнікі сустрэчы — супрацоўнікі чатырох устаноў вышэйшай адукацыі і чатырох структур Акадэміі навук Беларусі — прадставілі сучасныя распрацоўкі, многія з якіх укаранёны ў практыку і прыносяць значны эканамічны эфект. На выставе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы былі прадэманстраваны і распрацоўкі маладых навукоўцаў і студэнтаў.
Так, старшы выкладчык кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ Аксана Паўлава прадставіла адно з сумесных даследаванняў універсітэта і НВЦ НАН Беларусі па харчаванні для інавацыйнага развіцця эканомікі Гродзеншчыны — тэхналогію аптымізацыі мікрабіялагічнага сінтэзу лімоннай кіслаты шляхам энергазберагальнага нізкатэмпературнага азанавання на Скідзельскім цукровым камбінаце. Рэалізацыя праекта дазваляе забяспечыць другаразовае выкарыстанне адходаў вытворчасці, атрымаць імпартазамяшчальную прадукцыю. Яе калегі з факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання прадэманстравалі новыя віды ролікавых апор для стужачных канвеераў. Агульнымі намаганнямі вучоных Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта распрацаваны і ўкаранёны ў практыку матэрыялы і тэхналогіі для айчынных канструкцый эндапратэзаў і аднаразовых здымных насадак для апарата, якія выкарыстоўваюцца для інтэнсіўнага лячэння отарыналарынгалагічных захворванняў.
Вучонымі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта распрацаваны новыя віды вадкіх угнаенняў, засвоены выпуск новых кармавых дабавак. У мінулым годзе аграрны ўніверсітэт атрымаў з абласнога інавацыйнага фонду 5 млрд рублёў на распрацоўку і ўкараненне тэхналогіі геномнага аналізу буйной рагатай жывёлы. Рэалізаваны праект дазваляе ўдасканальваць селекцыйную работу на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гродзеншчыны.
— Кіраўніцтва Гродзенскай вобласці вельмі ўважліва ставіцца да развіцця навукі ў рэгіёне, — сказаў на сустрэчы доктар медыцынскіх навук, прафесар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. — Добра, што на сённяшняй сустрэчы прадстаўлена шмат моладзі. Гэта наш рэзерв, наша будучыня. Маладыя людзі ўдзельнічаюць у розных праектах, у тым ліку годна прадстаўлены ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, становяцца лаўрэатамі і прызёрамі.
Пацвярджэнне гэтых слоў — грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у памеры 195 млн рублёў, які атрымала студэнцкае канструктарскае бюро “Практычная электроніка” ГрДУ імя Янкі Купалы. У складзе СКБ — студэнты і магістранты, а таксама старшакласнікі гродзенскіх школ. У мінулым навучальным годзе яны ўдзельнічалі ў выкананні двух заданняў — “Электроніка і фатоніка ” і “Эталоны і навуковыя прыборы”. Па выніках даследаванняў надрукавана больш за 30 навуковых артыкулаў, ёсць 9 актаў укаранення ў вытворчасць.
Ігар Жук і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін азнаёміліся з выставай навуковых распрацовак. Потым удзельнікам сустрэчы былі прадстаўлены вынікі навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і навукова-даследчых інстытутаў Гродзеншчыны за мінулы год, а таксама дзейнасць вядомых навукова-педагагічных школ. Загадчык кафедры агульнай фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Маскевіч расказаў пра дзейнасць навуковай школы “Малекулярная спектраскапія і нанатэхналогіі”, загадчык кафедры оталарынгалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алег Хораў — пра школу “Аталогія”, загадчык кафедры анатоміі жывёл Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Дзяніс Харытонік прадставіў гісторыю развіцця і дасягненні навуковай школы “Ветэрынарная медыцына”.
Група вучоных была адзначана ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі Гродзенскага абвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.