Ад падтрымкі ініцыятыў — да сацыяльнай кампетэнтнасці асобы

Моладзь і ініцыятыва — гэтыя паняцці заўсёды ідуць поруч, і менавіта яны былі ў цэнтры ўвагі падчас правядзення круглага стала “Удзел у дзіцячым грамадскім руху як аснова сацыяльнай кампетэнцыі падлетка. Арыенціры ў выхаванні сучаснага лідара для сістэмы адпачынку і аздараўлення дзяцей”. Мерапрыемства, якое прайшло ў НДЦ “Зубраня”, сабрала разам супрацоўнікаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і “Зубраняці”.

Мерапрыемства пачалося са знаёмства гасцей нацыянальнага цэнтра з лідар-клубам — пляцоўкай для развіцця і падтрымкі лідарскіх якасцей і здольнасцей у падлеткаў, якія прыязджаюць адпачываць да берагоў Нарачы. У чатырнаццаці офісах клуба арганізавана работа, якая праводзіцца самімі выхаванцамі пад кіраўніцтвам куратараў па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, з лідарамі па розных кірунках. І наогул, адна з галоўных задач, якія стаяць перад педагогамі “Зубраняці”, — стварэнне сітуацый, якія спрыяюць максімальнаму праяўленню лідарскага патэнцыялу ўдзельнікаў змен. Ва ўстанове паспяхова функцыянуе сістэма дзейнасці па фарміраванні лідарскіх кампетэнцый.

Пра педагагічную падтрымку сацыяльных ініцыятыў як эфектыўны сродак выхавання дзяцей і моладзі паведаміла за круглым сталом Н.А.Залыгіна, загадчык кафедры зместу і метадаў выхавання АПА, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт. Наталля Андрэеўна звярнула ўвагу, што сёння сацыяльнае выхаванне разглядаецца як фарміраванне і развіццё сацыяльнай кампетэнтнасці. І менавіта падтрымка сацыяльных ініцыятыў падлеткаў і моладзі з’яўляецца неабходным складнікам фарміравання сацыяльных кампетэнцый.

В.І.Вязгіна, дацэнт кафедры зместу і метадаў выхавання АПА, кандыдат педагагічных навук, расказала пра педагагічныя тэхналогіі і магчымасці падтрымкі развіцця дзіцяці ў сістэме выхаваўчай работы. Выкарыстанне педагагічных тэхналогій у працэсе падтрымкі сацыяльных ініцыятыў спрыяе выхаванню сацыяльнай ініцыятыўнасці дзяцей, моладзі і іх актыўнай стваральнай працы, гарманізуе інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы, дапамагае развіваць дзіця як цэласную асобу. Існуюць розныя віды педагагічных тэхналогій, якія можна выкарыстоўваць у працэсе падтрымкі сацыяльных ініцыятыў: ІКТ, гульнявыя, праектныя, здароўезберагальныя тэхналогіі, мікратэхналогіі, тэхналогіі міжасобаснага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва, развіцця творчага патэнцыялу асобы, стварэння сітуацыі поспеху, карэкцыйнай і прафілактычнай работы з дзецьмі і падлеткамі і многія іншыя. Асаблівую ўвагу Валянціна Іванаўна звярнула на тэхналогію калектыўных творчых спраў.

Пра сродкі і метады падтрымкі сацыяльнай актыўнасці дзяцей і моладзі ў працэсе выхаваўчай работы гаварыла ў сваім выступленні Алена Францаўна Міхалевіч, метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА. Яна звярнула ўвагу, што для падтрымкі сацыяльнай актыўнасці неабходна выкарыстоўваць разнастайныя формы і метады, максімальна абапірацца на ініцыятыву дзяцей, заахвочваць іх самастойнасць, ствараць умовы і педагагічныя сітуацыі для праяўлення ініцыятывы, стымуляваць дзяцей да аналізу матываў і спосабаў уласных паводзін, забяспечваць заахвочванне і ацэнку не толькі ўчынкаў, але і патрэб, матываў, прыцягваць дзяцей да працэсу абмеркавання паспяховых крокаў, прычын поспехаў і няўдач. Алена Францаўна нагадала, што найбольш дзейсны ў гэтай справе актыўны метадычны падыход, які прадугледжвае арганізацыю ўзаемадзеяння навучэнцаў і педагога, калі навучэнцы з’яўляюцца не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі, ажыццяўляюць сумесную з педагогам дзейнасць для дасягнення мэт свайго навучання і развіцця.

Пра падрыхтоўку педагогаў — дарослых лідараў і арганізатараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў расказала М.Я.Мінава, намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі АПА. Марына Яўгенаўна падкрэсліла, што большасць такіх аб’яднанняў дзейнічае на базе ўстаноў адукацыі. І каб дарослыя лідары маглі дапамагаць дзецям і падтрымліваць іх, ім самім патрэбна дапамога і падтрымка. Як ім дапамагае АПА, і расказала спецыяліст.

Вопытам рэалізацыі сацыяльных праектаў дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі падзяліліся Вольга Шмігельская, старшыня праўлення Лігі дабраахвотнай працы моладзі, і Васіль Дзямідчык, генеральны сакратар Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Васіль расказаў пра работу арганізацыі, якую прадстаўляе, на прыкладзе ўласнай гісторыі жыцця. Менавіта актыўная грамадская дзейнасць дапамагла яму стаць лідарам, сталай асобай, здзейсніць мноства дасягненняў.

За круглым сталом былі абмеркаваны разнастайныя пытанні падтрымкі дзіцячага грамадскага руху. Тэма настолькі актуальная і шматгранная, што цалкам ахапіць усе яе аспекты падчас адной сустрэчы немагчыма. Удзельнікі круглага стала падтрымалі прапанову зрабіць такія сустрэчы рэгулярнымі ў пашыраным складзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *