Ад парты да трэнажора

- 12:35Міншчына, Прэс-тур

Практычна з першых сваіх нумароў “Настаўніцкая газета” асвятляе пытанні развіцця тэхнічнай творчасці навучэнцаў. За гэты час з добрую сотню, а то і тысячу разоў мы пісалі і пра аўтамадэлізм, і пра дзейнасць радыётэхнічных гурткоў, і пра шмат што яшчэ цікавае, адметнае, тэхнічнае. За сем дзясяткаў гадоў мы закраналі ўсе тэмы… Амаль што ўсе… Не было, напэўна, толькі аповеду пра трактаратэхнічную творчасць. З гэтым цікавым кірункам мы пазнаёміліся падчас наведвання Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя, што ў Дзяржынску.

Цяпер модна ствараць лабараторыі робататэхнікі. У дзяржынскім ліцэі лічаць, што не менш моднымі і прэстыжнымі з’яўляюцца заняткі ў своеасаблівай лабараторыі трактаратэхнікі — спецыяльнай аўдыторыі ліцэя, дзе праводзяцца лабараторныя заняткі па вывучэнні трактароў. Трактар у разрэзе, плакаты з яго складовымі часткамі і агрэгатамі. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з унікальным трэнажорам “Электраабсталяванне трактара БЕЛАРУС — 82.1”, створаным навучэнцамі Віталем Чарняўскім і Паўлам Ліпніцкім пад кіраўніцтвам выкладчыка Васіля Іванавіча Прыстаўкіна.

За гэты трэнажор калектыў аўтараў атрымаў дыплом на Рэспубліканскім аглядзе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Для тых, хто ў тэме: тут ёсць нават габарыты, блізкае і далёкае святло, а таксама аварыйная сігналізацыя. Больш падрабязна візуальна ўнікальны экспанат-трэнажор, у аснове якога ляжыць самая звычайная вучнёўская парта, можна разгледзець на фотаздымку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.