Доктар юрыдычных навук прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і права юрыдычнага факультэта БДУ Мікалай Рыгоравіч Юркевіч спазнаў ліхалецце вайны яшчэ хлопчыкам. Рана пайшоў у партызаны. Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (1949) і Вялікай Айчыннай вайны II cтупені (1985), медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” I і II ступені, “За победу над Германией”. Сёння Мікалай Юркевіч — заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.
Вайна напаткала Мікалая Рыгоравіча, калі той скончыў шэсць класаў Сяргеевіцкай няпоўнай сярэдняй школы Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) раёна. Хлопчыку на той момант споўнілася ўсяго 13 гадоў.
Нямецкая танкавая калона ішла да Сяргеевіч з боку Шацка. Сутыкнуўшыся з салдатамі Чырвонай Арміі, немцы абстралялі вёску з гармат і кулямётаў. Калі Мікалай вылез з бліндажа, у якім яго разам з бацькамі схаваў сусед, то замест многіх хат убачыў абпаленыя печы. Родная хата ў той раз на дзіва ацалела.
Восень 1941 года, калі варожыя аўтамашыны зноў прайшлі праз Сяргеевічы па дарозе Шацк — Рудзенск, таксама ледзь не стала апошняй для вёскі. Каля суседняй Прыстані немцаў зноў абстралялі. За гэта жыхароў Сяргеевіч сагналі да будынка былога сельсавета і паставілі пад кулямёты. Выратаваў іх стараста. Ён змог упэўніць фашыстаў, што аднасяльчане не вінаваты. А праз тыдзень хлопчык даведаўся, што вёска Прыстань была спалена разам з жыхарамі.
Пасля гэтага выпадку людзі падаліся ў партызаны. Пайшоў у мсціўцы і Міколаў бацька Рыгор. Удзел хлопчыка ў партызанскай барацьбе пачаўся са збору ў навакольных лясах кінутай зброі і перадачы яе праз сувязных бацьку і іншым партызанам. Пазней, са снежня 1942 года, ён стаў служыць радавым у партызанскім атрадзе імя Суворава 2-й Мінскай чырвонапартызанскай брыгады. Разам з іншымі хадзіў у разведку, удзельнічаў у дыверсійных аперацыях, вёў рэйкавую вайну. У гэтым жа партызанскім атрадзе былі маці Еўдакія Кузьмінічна і малодшая сястра Ганна.
Напярэдадні наступальнай аперацыі “Баграціён” брыгада імя Панамарэнкі, у якой на той момант ваявалі Мікола з бацькам (Рыгор Юркевіч быў прызначаны камісарам гэтай брыгады), была перадыслацыравана ў Заходнюю Беларусь (Беластоцкае злучэнне). Партызаны руйнавалі лініі сувязі, утрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі пераправы на рэках, шукалі варожыя абарончыя збудаванні. Мікалай Рыгоравіч быў сведкам таго, як партызаны зрабілі засаду і знішчылі 15 нямецкіх салдат, што накіроўваліся на будаўніцтва дзота.
Пасля вайны Мікалай Юркевіч зноў вярнуўся ў родную вёску. (Хату ў Сяргеевічах вайна ўсё ж не пашкадавала.) Зноў пайшоў у школу, але ўжо ў рудзенскую. Скончыўшы яе з залатым медалём, мог паступаць у любую ўстанову вышэйшай адукацыі Савецкага Саюза. (Чатыры класы, з 7 па 10, прайшоў за два гады.)
Спачатку разам з сябрамі адвёз дакументы ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Сябрам пашанцавала менш, і Юркевіч за кампанію з імі вярнуўся ў Беларусь. Думаў нават пра журналістыку. Аднак, дзякуючы свайму баявому камандзіру, спыніў выбар на Мінскім юрыдычным інстытуце і сёння не шкадуе аб гэтым.
Мінскі юрыдычны інстытут Мікалай Юркевіч скончыў у 1950 годзе, праз пяць гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1974 па 1978 гады і з 1981 па 1994 гады быў загадчыкам кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ.
Першы невялікі перапынак у рабоце на юрыдычным факультэце БДУ звязаны з падрыхтоўкай доктарскай дысертацыі падчас работы старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле прававых навук АН БССР (1960—1963 гг.). А другі — з тым, што ў 1978 годзе ён узначаліў сектар праблем сям’і праблемнай навукова-даследчай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў БДУ, а потым — і саму лабараторыю.
Паспяхова сумяшчаў навукова-педагагічную дзейнасць з юрыдычнай практычнай і выдавецкай. Займаўся праблемамі сацыялогіі, сямейнага, працоўнага права, грамадзянскага працэсуальнага і трацейскага судаводства. Фактычна распачаў арганізацыю Міжнароднага арбітражнага суда пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце і ўзначальваў яго з моманту стварэння (з 1994 да 2005 года). Знаходзіцца ў рэкамендацыйным спіску арбітраў Міжнароднага арбітражнага суда і з’яўляецца членам яго прэзідыума. Застаецца галоўным рэдактарам створанага ім часопіса “Прамыслова-гандлёвае права” (выдаецца з 1996 г.).
Мікалай Рыгоравіч уваходзіў у склад групы па распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года, ім распрацавана канцэпцыя новага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ГПК). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны таксама першапачатковы тэкст праекта новага ГПК Рэспублікі Беларусь і праекта закона Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. “Аб міжнародным арбітражным (трацейскім) судзе”. Член Савета па абароне дысертацый БДУ, а раней і член спецыялізаванага савета НАН Беларусі.
Мікалай Рыгоравіч мае ўзнагароды і за сваю прафесійную дзейнасць: нагрудны знак Міністэрства юстыцыі “За адзнаку” II ступені (2009), у 2008 годзе ў намінацыі “Юрыдычныя навукі” ўзнагароджаны найвышэйшай юрыдычнай прэміяй “Феміда”, а ў 2009 годзе — памятным знакам Ex lege ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З’яўляецца ганаровым работнікам юстыцыі (2004), ганаровым работнікам гаспадарчага суда (2005).
Ён аўтар звыш 200 навуковых работ, у тым ліку 7 манаграфій і 10 калектыўных кніг, выдадзеных пад яго рэдакцыяй ці пад агульнай рэдакцыяй і з яго ўдзелам, па праблемах сацыялогіі сям’і, сямейнага права, грамадзянскага працэсуальнага і працоўнага права. Мікалай Юркевіч удзяляе шмат увагі падрыхтоўцы выданняў, якія прызначаны для штодзённага выкарыстання юрыстамі-практыкамі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый у галіне права і сацыялогіі не толькі з Беларусі, але і з Польшчы і В’етнама.
Ганна ЛАГУН.