Ад павагі да роднай мовы да актыўнасці вучняў на ўроку

- 17:39Якасць адукацыі

Лілія Аляксандраўна Якаўлева больш за 20 гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 20 Бабруйска  Магілёўскай вобласці. Пра яе высокі прафесіяналізм красамоўна сведчаць перамогі вучняў на абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды. Адзін з сакрэтаў паспяховай працы ў тым, што настаўніца імкнецца найперш здзівіць і зацікавіць дзяцей роднай мовай, выхаваць гордасць і павагу да яе, а затым накіроўвае на актыўную дзейнасць па яе вывучэнні.

Прафесіяналізм і любоў да сваёй справы

У родным Бабруйску і за яго межамі Лілія Аляксандраўна — чалавек вядомы і паважаны не толькі ў прафесійным асяроддзі. На яе рахунку вельмі шмат дасягненняў вучняў і ўласных узнагарод. У іх ліку — атрыманая ў 2013 годзе па­дзяка Міністэрства адукацыі за шматгадовую плённую працу, творчую ініцыятыву і высокія дасягненні ў педагагічнай дзейнасці, а таксама спецыяльная прэмія М.Лынькова Бабруйскага гарвыканкама за вялікую работу па папулярызацыі беларускай мовы, у 2019-м — пісьмо з падзякай Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую плённую працу, высокі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Бабруйска. Штогод, з 2010 па 2018 год, Л.А.Якаўлеву ўзнагароджвалі спецыяльным дыпломам Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія дасягненні ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Таксама ў яе скарбонцы дзве прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Ліліі Аляксандраўне важна было з годнасцю несці званне настаўніка. Відаць, справа ў тым, што з самага дзяцінства ёй было з каго браць прыклад. З гордасцю глядзела яна на сваю маму, настаўніцу малодшых класаў, з захапленнем гуляла ў школу і назірала за тым, як матуля правярае сшыткі, а пасля ніколькі не сумнявалася ў выбары прафесіі. Дарэчы, так склалася, што Лілія Аляксандраўна з першых дзён сваёй дзейнасці і да гэтага часу выкладае беларускую мову і літаратуру ў той жа школе, дзе працавала і яе мама.

Сёння Л.А.Якаўлева ўпэўнена: у сферы адукацыі не павінна быць выпадковых людзей. Безумоўна, складанасцей нямала, асабліва ў наш імклівы час. Таму так важна і быць прафесіяналам, і  ўмець ладзіць з людзьмі, і мець пачуццё гумару, і, вядома, любіць тое, чым займаешся. Калі прафесію настаўніка выбраў па прызванні, ніколі не зможаш з ёй развітацца.

Лілія Аляксандраўна не робіць выгляду, што ў яе заўсёды ўсё ішло як па масле. Як вядома, да зорак прыходзяць праз церні. Першыя ўрокі выклікалі шмат хваляванняў, бо здавалася, што літаральна ўсё адбываецца і робіцца не так. Перажываючы за дысцыпліну ў класе, магчыма, была занадта строгай. Разважала, аналізавала свае памылкі і перамогі, мяняла тактыку — і разам з тым мянялася сама. Таму сёння маладым калегам яна раіць узяць пэўную паўзу і не спяшацца з высновамі. Прызнаецца, што калі прыйшла працаваць у школу, то спачатку гады два ўнікала ў працэс, прыжывалася. І аднойчы раптам злавіла сябе на думцы: “Мне ўсё-ўсё падабаецца: і школа, і дзеці, і ўрокі!”

Формула сучаснага паспяховага ўрока

Паважлівыя адносіны да мовы — самае першае, на чым Лілія Аляксандраўна акцэнтуе ўвагу. Яна пераканана: для таго, каб дзецям хацелася вучыцца і ўдасканальваць веды па беларускай мове, яны перш-наперш самі павінны станоўча да яе ставіцца. Сённяшнія вучні не баяцца гаварыць, што думаюць, і добра, што ва ўзаемаадносінах ёсць шчырасць і адкрытасць. Спачатку прыходзіцца чуць усякае: “Навошта вучыць мову, на якой мала гавораць?..”

Лілія Аляксандраўна да такіх сітуацый заўсёды гатова. Яна даўно назбірала мноства цікавых фактаў, доказаў і гісторый з уласнага жыцця, каб пераканаць вучняў у неабходнасці ве­даць і шанаваць мову нашых продкаў. Яны выклікаюць у дзяцей спачатку здзіўленне (“Ну і ну! Нічога сабе!”), а пасля — гордасць за родную мову і пачуццё патрыятызму. Дарэчы, усё гэта настаўніца імкнецца пакінуць у сэрцы кожнага свайго вучня незалежна ад таго, якія ў яго адзнакі і планы на будучыню. Радасна, што часта  гэта атрымліваецца! Дзеці запамінаюць і расказваюць бацькам і знаёмым, што беларуская мова другая ў свеце па мілагучнасці, да таго ж адна з самых багатых у свеце, тры стагоддзі была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. А скульптурным увасабленнем адметнасці беларускай мовы з’яўляецца помнік літары “Ў” у старажытным Полацку…

Ці трэба казаць, што сама Лілія Аляксандраўна амаль увесь час размаўляе па-беларуску. Каб уключыць у дыялог на роднай мове дзяцей, яна з усмешкай кажа сваім новым вучням: “Прабачце, але я не разумею па-руску”. Дзеці спачатку дзівяцца з такой рэдкай з’явы. Але дзякуючы падобнай тактыцы не толькі на ўроках, але і на перапынках гучыць беларуская гаворка.

Другі важны момант — правільная арганізацыя ўрока. Пры гэтым першапачаткова Лілія Аляксандраўна ішла ад процілеглага: ёй было важна, каб вучэбны працэс быў не такім, як на некаторых прадметах у яе бытнасць вучаніцай. Не хацелася, каб дзеці сядзелі самотныя і думалі пра тое, калі ўсё гэта нарэшце скончыцца.

— Урок ні ў якім разе не павінен быць сухім ці сумным, — дзеліцца настаўніца. — Але ніякага агульнага рэцэпта яго паспяховасці не існуе. Кожны ўрок розны, у залежнасці ад тэмы, класа. Падчас маёй вучобы ў школе былі прадметы, на якіх не было дысцыпліны. І спачатку я перажывала: калі ў мяне таксама так складзецца, то не змагу даць веды. Аднак з цягам часу зразумела, што неабходна знайсці залатую сярэдзіну, каб дзеці добра сябе паводзілі, але і не баяліся разважаць, выказваць свае думкі, задаваць пытанні, а то і разам пасмяяцца.

Для Ліліі Аляксандраўны сучасны ўрок спалучае ў сабе самыя розныя тэхналогіі. Гэта ўрок-даследаванне, урок-падарожжа, кінаўрок, урок-канферэнцыя і інш. Вопытная настаўніца ўмела спалучае розныя тэхналогіі і прыёмы, стараецца гарманічна аб’яднаць разнастайныя іх элементы. Сёння нельга абысціся і без творчых заданняў, і без інфармацыйных тэхналогій. Яны робяць урок больш яркім і насычаным, даю ць такую неабходную нагляднасць. Л.А.Якаўлева выкарыстоўвае на занятках відэа- і аўдыяматэрыялы, аднак лі­чыць: нельга перагружаць урок такімі момантамі. Яны не павінны адцягваць на сябе занадта шмат увагі. Нельга забываць, што галоўны на ўроку настаўнік, які павінен умець павесці за сабой вучняў і накіраваць на актыўную, плённую дзейнасць.

За актывізацыю пазнавальнай дзейнасці

Лілія Аляксандраўна ніколі не спяшаецца знаёміць вучняў з новым матэрыялам па падручніку.

— Я не за тое, каб завучваць правілы, якія дзіця пасля не разумее, — тлумачыць Л.А.Якаўлева. — Выбрала для сябе такі варыянт: заўсёды стаўлю сябе на месца вучняў і стараюся падаць новую інфармацыю ў даступнай ім, цікавай і сучаснай форме.

Як і ў кожнага чалавека, у настаўніцы быў свой шлях спроб і памылак. У пачатку педагагічнай дзейнасці ёй ня­проста было зразумець, чаму пры даволі добрым тлумачэнні новага матэрыялу, падрабязным разглядзе практыкаванняў вучні пасля з цяжкасцю адказвалі вусна і дапускалі шмат памылак падчас замацавання тэарэтычнага матэрыя­лу. Гэта падштурхнула да пошуку іншых падыходаў. Больш за ўсё спадабалася праблемнае навучанне, яно апрабавана і добра “пайшло”. Таму Лілія Аляксандраўна часта бярэ яго за аснову заняткаў.

З цягам часу настаўніца пераканалася: немагчыма дасягнуць высокіх вынікаў у навучанні без актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Для таго, каб дзеці пачалі актыўна думаць, перад імі неабходна ставіць пазнавальныя задачы, скіроўваць да самастойнай пошукавай дзейнасці. Менавіта на гэта і накіравана праблемнае навучанне. З яго дапамогай вучні пад кіраўніцтвам настаўніка добра засвойваюць новы матэрыял. Аднак важна, каб праблема іх цікавіла, а яе вырашэнне было для іх пасільным.

Лілія Аляксандраўна адзначае: для паспяховага вырашэння праблемных сітуацый на ўроках неабходна, каб вучні валодалі мінімумам першасных ведаў для пачатку пошуку і пэўным вопытам пазнавальнай дзейнасці. Задача ж яе як настаўніка — стварыць на ўроку максімальна камфортную абстаноўку. Калі ўсе гэтыя ўмовы спалучаюцца, усё прахо­дзіць цікава і паспяхова.

Пры стварэнні праблемных сітуацый Лілія Аляксандраў­на выкарыстоўвае шэраг спосабаў: прыводзіць прыклады, абы­грывае сітуацыі, дзе вучні сутыкаюцца з мовай на прак­тыцы, і інш. Адной з форм рэалізацыі тэхналогіі праблемнага навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца тэсціраванне. Яно дазваляе ажыццяў­ляць аб’ектыўную, эфектыўную і хуткую дыягностыку ведаў і атрымліваць сапраўдную карціну паспяховасці вучняў. Да таго ж, актывізуецца дзейнасць дзяцей і істотна эканоміцца вучэбны час. Тэсты настаўніца выкарыстоўвае ва ўсіх класах, асабліва ў выпускных. Прымяняе тэсты-заданні рознага тыпу: з выбарам адказу, у форме “пытанне — адказ”, пошук “лішняга” варыянта. Таксама практыкуе заданні на ўстанаўленне правільнай паслядоўнасці. 

Напрыклад, для складання тэстаў па беларускай літаратуры прымяняюцца такія заданні:

— устанавіць правільную паслядоўнасць літаратурных кірункаў;

—  размясціць пісьменнікаў у храналагічным парадку;

— размясціць герояў твора ў парадку іх з’яўлення ў творы.

Настаўніца часта звяртаецца да пэўных метадычных прыёмаў, якія дазваляюць паспяхова вырашаць розныя праблемныя сітуацыі. Гэта і мазгавы штурм, і мысліцельны эксперымент, і эўрыстычная гутарка, і дыспут, і дыскусія. Лілія Аляксандраўна аддае перавагу парнай і групавой формам работы з вучнямі. Гэта дадаткова вучыць дзяцей наладж­ваць дыялог і працаваць у камандзе.

Яшчэ адна асаблівасць праблемнага навучання ў тым, што вучні паступова прыходзяць да поспеху. Настаўніца арыентуе іх не столькі на вынік, колькі на аналіз працэсу яго дасягнення. Вучні ўголас аналізуюць уласную мысліцельную дзей­насць, расказваюць пра шляхі пошуку, будуюць ход разважанняў. Пад кіраўніцтвам Ліліі Аляксандраўны вучні, абапіраючыся на вядомы матэрыял, шукаюць і самастойна знаходзяць адказы на пастаўленыя праблемныя пытанні. Пры гэтым яны самі акрэсліваюць этапы пошуку, выказваюць розныя меркаванні, вызначаюць варыянты вырашэння праблемы. Калі дзеці на ўроку працуюць актыўна, Л.А.Якаўлева вельмі задаволена: значыць, ім цікава, а так веды засвойваюцца значна лепш.

Ліліі Аляксандраўне даспадобы і тое, што пры праблемным навучанні істотна мяняецца роля настаўніка ў адукацыйным працэсе. Яна заключаецца ў творчым супрацоўніцтве з вучнямі пры выкананні вучэбных задач, пошуку сумесных падыходаў да іх вырашэння. Зразумела, адпаведна мяняецца і методыка вя­дзення ўрока. Структура праблемных заняткаў нешаблонная і варыятыўная, яна вызначаецца логікай пазнавальнага працэсу.

— Праблемнае навучанне дае магчымасць настаўніку вар’іраваць вучэбны матэрыял і прыёмы выкладання, абапіраючыся на прынцып праблемнасці з улікам зместу вучэбнага матэрыялу, форм арганізацыі заняткаў, а таксама ўзроўню ведаў вучняў, іх падрыхтаванасці да самастойнага навучання, — адзначае Л.А.Якаўлева. — На маю думку, праблемнае навучанне выдатна працуе. Яно дазваляе вучням актыўна прымяняць набытыя веды і ўменні, паляпшае разуменне і веданне беларускай мовы, актывізуе мысліцельную дзей­насць. У выніку навучанне становіцца больш эфектыўным. Вучні самі робяць параўнанні, супастаўляюць факты, ро­бяць і агучваюць высновы, і толькі пасля гэтага мы знаёмімся з правілам. Часта ў канцы ўрока даводзіцца чуць ад дзяцей: “Дык гэтая новая тэма лёгкая і зразумелая!”

Аднак тэхналогію праблемнага навучання, нягледзячы на яе высокую эфектыўнасць, як і любую іншую, Лілія Аляксандраўна не лічыць адзіна прымальнай, бо эфектыўнасць навучання залежыць ад умелага спалучэння розных тэхналогій.

Лепшае пацвярджэнне таго, што настаўніца знайшла сваю асабістую формулу эфектыўнага ўрока, — гэта, вядома ж, выніковасць працы, якая адлюстроўваецца ў дзіцячых поспехах. Яе вучні з 2012/2013 навучальнага года пастаянна становяцца прызёрамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды  па беларускай мове і літаратуры. (У 2015/2016 навучальным годзе быў заваяваны дыплом II ступені, у 2017/2018 — дыпломы I і II ступені, у 2018/2019 — пахвальны водзыў.) Усяго на працягу трох апошніх гадоў вучні Ліліі Аляксандраўны атрымалі 15 дыпломаў на гарадскіх алімпіядах па беларускай мове і літаратуры (9—11 класы), 9 дыпломаў на раённым этапе (5—8 класы), 4 — на абласным этапе і 3 — на заключным.

У класах, дзе выкладае Лілія Аляксандраўна, большасць выпускнікоў на працягу многіх гадоў выбірае для здачы ЦТ беларускую мову. І гэты факт, і вынікі ЦТ радуюць! Відаць, у школьнікаў ёсць упэўненасць у сваіх ведах. Таксама вельмі прыемна, што больш за 10 вучняў пасля заканчэння школы паступілі ў ВНУ і сталі настаўнікамі. Сёлета тры выпускніцы мараць стаць студэнткамі філалагічнага факультэта і па прыкладзе Л.А.Якаўлевай вывучаць менавіта беларускую філалогію.

Лілія Аляксандраўна паспявае не толькі працаваць з вучнямі, а яшчэ актыўна дзеліцца вопытам і дапамагае калегам. Яна з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, узначальвае секцыю беларускай мовы і літаратуры цэнтра па рабоце з таленавітымі вучнямі ў сваёй школе. Акрамя таго, Л.А.Якаўлева — член гарадскога трэнерскага клуба па падрыхтоўцы вучняў да трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. З 2012 года — старшыня журы другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гэтых жа прадметах. І гэта далёка не ўсё, чым паспявае займацца Лілія Аляксандраўна. Яна таксама з’яўляецца кіраўніком школьнага беларускамоўнага тэатра. Штогод на гарадскім конкурсе беларускамоўных тэатраў пастаноўкі пад яе кіраўніцтвам займаюць прызавыя месцы.

Вучням Ліліі Аляксандраўны вельмі пашчасціла. Перад іх вачамі прыклад творчага, пазітыўнага, неабыякавага чалавека, які з усмешкай паспявае многае, ва ўсім імкнецца да самаўдасканальвання, ніколі не спыняецца ў сваім развіцці і не баіцца цяжкасцей. Таму і цікавыя ўрокі, і мудрыя жыццёвыя парады, і паважлівыя адносіны да роднай мовы і літаратуры застаюцца ў сэрцах вучняў на доўгія гады.

Таццяна ШЫМКО.