Ад пазнання ў сутворчасці — да новых вышынь майстэрства

Тры дні творчасці і фантазіі, натхнення і крэатыву, незабыўных эмоцый і новых знаёмстваў праляцелі як адно імгненне. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ІІІ Міжнародны фестываль прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”. Канкурсанты і госці пазнаёміліся з праектамі прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у межах адукацыйнага падарожжа, сталі ўдзельнікамі міні-даследавання, наведалі майстар-класы па выкарыстанні тэхналогій адкрытага навучання, а таксама адчулі сябе сапраўднымі артыстамі ў карагодна-гульнявой праграме.

А.П.Манастырны.

Фестываль сабраў пад сваім крылом больш за 150 педагогаў з усіх куточкаў Беларусі. Прынялі ўдзел у ім і госці з Расіі, а дакладней, са Смаленскай вобласці. І што асабліва цікава, большасць педагогаў-канкурсантаў — пастаянныя аўтары “Настаўніцкай газеты”, што яшчэ раз пацвярджае: зацікаўлены педагог — актыўны і ініцыятыўны ва ўсіх справах. Дзіву даешся, як толькі ў яго хапае часу і сіл на ўсё: правесці ўрокі, паўдзельнічаць у фестывалі, падрыхтаваць вучняў да ўдзелу ва ўсялякіх конкурсах, а яшчэ і напісаць у рэдакцыю!

Адкрываючы мерапрыемст­ва, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Пятровіч Манастырны адзначыў: “Невыпадкова фестываль мае назву “Пазнанне ў сутворчасці”. Ідэя сутворчасці педагога і навучэнца фундаментальная. Педагогі, якія прытрымліваюцца гэтай ідэі, паспяховыя ў прафесіі і пакідаюць добрую памяць у вучняў і калег, дабіваюцца добрых вынікаў. Сёння, калі традыцыйная мадэль педагогікі, заснаваная на непахісным аўтарытэце настаўніка, паступова размываецца (у грамадстве адбываюцца змяненні, мяняюцца дзеці, мяняюцца бацькі) і выбух інфармацыйных тэхналогій ураўнаваў практычна ўсіх у доступе да інфармацыі, да магчымасцей праявіць сябе, узае­мадзейнічаць, настаўнік становіцца чалавекам, які дапамагае дзецям развівацца, які ім цікавы, з якім яны могуць разам расці, дабівацца поспехаў. Фактычна сутворчасць становіцца найважнейшым фактарам паспяховасці педагога”.

Фестываль арганізоўваецца ў мэтах распаўсюджвання эфектыўнага вопыту работы педагогаў па фарміраванні метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе распрацоўкі і рэалізацыі праекта адукацыйнага падарожжа. Сярод яго задач — павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, публічнае прызнанне ўкладу педагогаў у станаўленне падрастаючага пакалення праз дзейнасць навуковых аб’яднанняў навучэнцаў.

Сёлетні фестываль на тэму “Прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў у межах адукацыйнага падарожжа” прайшоў у два этапы: завочны і вочны. На завочны этап педагогі прадставілі свае праекты адукацыйнага падарожжа, якія прайшлі экспертную ацэнку. Усяго было даслана 90 работ. Праект ацэнь­ваўся журы па шэрагу крытэрыяў: абгрунтава­насць і актуальнасць праекта, дакладнасць вызначэння праблемнага поля, практычная значнасць работы, накіраванасць на фарміраванне метапрадметных кампетэнцый і інш. Максімальная колькасць балаў за завочны этап — 36.

С.Р.Пузіноўская і В.А.Счасновіч.

Вочны этап складаўся з трох конкурсных выпрабаванняў: прэзентацыі праекта, стэндавага даклада і міні-даследавання ў групе па зададзенай тэме. Падчас абароны свайго праекта канкурсант павінен быў паказаць уменне дакладна, даступна, лагічна і сцісла выказваць свае думкі з апорай на падрыхтаваную прэзентацыю або ілюстрацыйны матэрыял. Журы ўлічвала паўнату раскрыцця тэмы, абгрунтаванасць высноў, кампетэнт­насць аўтара (веданне асноўных палажэнняў у выбранай галіне ведаў, свабоднае валоданне спецыяльнай тэрміналогіяй), якас ць прэзентацыі, а таксама арыгінальнасць і творчы падыход да абароны праекта. За прадстаўленне праекта педагогам можна было набраць 28 балаў. Поўнае ўяўленне аб змесце праекта, аптымальнасць падачы матэрыялаў і адпавед­насць афармлення патрабаванням, што прад’яўляюцца, — асноўныя крытэрыі ацэньвання стэндавага даклада, за які можна было атрымаць 12 балаў.

З гэтымі двума этапамі канкурсанты паспяхова справіліся, прадэманстраваўшы глыбокае валоданне тэмай, майстэрства прадстаўляць вынікі работы, прычым рабіць гэта арыгінальна і творча.


Дырэктар Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Анжэла Георгіеўна Яварчук прадставіла праект адукацыйнага падарожжа “У прафесію настаўнік”, які быў рэалізаваны на базе ўстановы ў межах інавацыйнага праекта па прафесійным самавызначэнні школьнікаў. Вучні падзяліліся на групы (гісторыкі, аналітыкі, псіхолагі, рэдактары, брэнд-менеджары), у якіх дасканала вывучылі інфармацыю, якая тычыцца настаўніцкай прафесіі, размясцілі сабраны матэрыял у школьнай газеце “Крынічка”. Навучэнцы прадставяць работу на школьным фестывалі ў сакавіку. Па словах дырэктара, вынікам праекта стала пашырэнне ведаў вучняў, развіццё камунікатыўных навыкаў, метапрадметных кампетэнцый.

Падчас адкрыцця фестывалю.

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Крычава Алена Ула­дзіміраўна Цілюпа прадставіла праект “Таямніца крыві, або Дзівосная вадкасць вакол нас”. Мэта праекта — павышэнне эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі 9 класа шляхам правядзення адукацыйнага падарожжа пры вывучэнні раздзела па біялогіі “Унутранае асяроддзе арганізма”. Вучні падзяліліся на групы. Так, філолагі азнаёміліся з прафесіямі філалагічнай накіраванасці (наведалі рэдакцыю мясцовай газеты, сустрэліся з пісьменнікамі), біяхімікі — з прафесіямі медыцынскага профілю, іх сацыяльнай значнасцю, з інструментальнымі і лабараторнымі метадамі даследавання крыві, наведалі дзіцячую паліклініку, аптэку. Гісторыкі адкрылі для сябе прафесіі ў сферы музейнай справы, склалі віртуальную экскурсію па музеі крыві, а эксперты-крыміналісты наведалі аддзел унутраных спраў раёна, Крычаўскі раённы аддзел Следчага камітэта і распрацавалі квест “Школа дэтэктываў”. Такім чынам, падчас рэалізацыі праекта былі створаны ўмовы для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у адпаведнасці з запытамі, асобаснымі якасцямі, патрэбамі грамадства.

Намеснік дырэктара гімназіі № 15 Мінска Наталля Фадзееўна Калінаева прадставіла праект “Карані”. У межах гэтага праекта разам з навучэнцамі гімназіі было рэалізавана адукацыйнае падарожжа “Мой радавод”. Дзеці размеркаваліся  па камандах, вызначылі ролі па прафесіях. Вынікам работы кожнай каманды стаў пэўны прадукт: фотакалаж, віртуальная карта, паведамленне, прэзентацыя свайго міні-праекта. Паспяховая рэалізацыя адукацыйнага падарожжа дазволіла кожнаму навучэнцу рэалізаваць сябе ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, магчымасцямі, стварыла ўмовы для выбару будучай прафесіі.

Змястоўныя і цікавыя былі і праек­ты расійскіх педагогаў. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Пячэрскай сярэдняй школы Смаленскага раёна Ірына Святаславаўна Кузянкова прадставіла выкарыстанне тэхналогіі адукацыйнага падарожжа на ўроку літаратуры ў 6 класе па апавяданні Б.Алмазава “Прабачце мне!” з мэтай стварэння музея пражывання аднаго твора. Музей пражывання аднаго твора — гэта музей-майстэрня, што ствараецца рукамі вучняў у супрацоўніцтве з бацькамі і настаўнікамі, у якім экспанатамі мо­гуць выступаць як работы, выкананыя ў розных тэхніках, так і рэцэнзіі, крытычныя артыкулы, лісты, напісаныя чытачамі аўтару і г.д. Навучэнцы па­дзяліліся на групы псіхолагаў, гісторыкаў, педагогаў, журналістаў, атрымалі свае адукацыйныя маршруты, а пасля завяршэння работы прадстаўлялі аформленыя стэнды. На думку настаўніцы, стварэнне музея пражывання аднаго твора садзейнічае развіццю асобы вучня, прадметных, метапрадметных кампетэнтнасцей, павышэнню ўзроўню самапазнання і прафесійнага самавызначэння. Акрамя таго, музей дае другое нара­джэнне мастацкаму твору.


Для многіх педагогаў самай яркай і запамінальнай падзеяй фестывалю стала групавое міні-даследаванне па тэме, якая вызначалася падчас жараб’ёўкі. Кожнай групе, а групы фарміраваліся арганізатарамі фестывалю, прапаноўваліся на выбар дзве прафесіі (артыст ці настаўнік, фермер ці пажарны, банкір ці візажыст і інш.). Канкурсантам неабходна было запоўніць тэхналагічную карту, падрыхтаваць творчую прэзентацыю выбранай прафесіі і арыгінальна абараніць яе. На выкананне работы давалася 2,5 гадзіны. Педагогі прадэманстравалі ўменні арганізаваць работу групы, валоданне цьютарскімі кампетэнцыямі (уменне прыцягнуць у даследчую дзейнасць, ажыццяўляць зваротную сувязь, каардынаваць дзейнасць усіх удзельнікаў), камунікатыўнымі навыкамі, творчы падыход.

Стэндавы даклад праекта гімназіі №15 Мінска.

Лепшай у арганізацыі міні-даследавання была прызнана група, якая яскрава і запамінальна прадставіла прафесію візажыста. Яе ўдзельнікі распрацавалі гульню ў сэрвісе LearningApрs, згенерыравалі яе з дапамогай QR-кода, прадставілі відэаролік і стварылі буклет. Дарэчы, гэтымі матэрыяламі кожны педагог можа скарыстацца ў сваёй школе.

Няпроста давялося журы конкурсу на чале з загадчыкам кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, доктарам педагагічных навук, прафесарам Таццянай Андрэеўнай Лапацік.

— З году ў год павялічваецца колькасць удзельнікаў фестывалю, узрастае іх актыўнасць і якасная падрыхтоўка як папярэдніх прадуктаў, так і міні-даследаванняў. У многім гэта звязана з распрацоўкай крытэрыяльнай базы і патрабаванняў да гэтых прадуктаў. Усе праекты, якія я рэцэнзавала, вельмі змястоўныя і запамінальныя. Ва ўменні прадстаўляць праекты ў нашых педагогаў назіраецца некаторая амплітуда. Фестываль паказаў, што ў каго больш акцёрскіх здольнасцей, больш вопыту публічнага прадстаўлення вынікаў сваёй дзейнасці, у таго абарона праекта ацэньвалася вышэй. У міні-даследаваннях педагогам патрабавалася праявіць максімум крэатыўнасці за кароткі прамежак часу. Спадабалася тое, што арганізатары ўключылі ў каманды прадстаўнікоў розных рэгіёнаў. У гэтым быў пэўны выклік, таму што працаваць з чалавекам, якога ўпершыню бачыш, і ствараць пэўны творчы прадукт вельмі складана. Але канкурсанты і з гэтым выпрабаваннем паспяхова справіліся, праявіўшы сваё майстэрства, практычныя ўменні, лепшыя асобасныя якасці: і ўзаемавыручку, і велікадушнасць, і дабрыню, і сумленнасць.

Радуе абагульняльны пачатак фестывалю: на яго прыязджаюць незнаёмыя людзі, за тры дні яны збліжаюцца, і яднае іх не толькі агульнае ў прафесійнай дзейнасці, а яшчэ і асобасны фактар, бо наш фестываль — гэта своеасаблівая разгрузка ад прафесійных будняў. І такія прафесійныя святы дазваляюць педагогам даведацца адно пра аднаго, абмяняцца вынікамі сваёй дзейнасці, атрымаць новы імпульс да развіцця,— падкрэсліла Т.А.Лапацік.

У выніку ўладальнікамі дыпломаў І ступені сталі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бараўлянскай гімназіі Антаніна Алегаўна Лушкевіч, настаўніца інфарматыкі гэтай жа ўстановы Сандра Уладзіміраўна Гаўлас за праект “Адукацыйнае падарожжа прафесійнага самавызначэння ў прасторы фізіка-матэматычнага профілю”, а таксама настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Мінскай вобласці Святлана Рыгораўна Пузіноўская і настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці Вольга Анатольеўна Счасновіч за праект “Падарожжа па сетцы інтэрнэт”.

Абсалютнай пераможцай фестывалю прызнана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Наталля Уладзіміраўна Даніловіч. Яна набрала максімальную колькасць балаў — 95,2 са 100 магчымых.

— Не чакала, што буду першай. У конкурсе я ўдзельнічаю ўжо другі раз. Летась прадстаўляла праект адукацыйнага падарожжа па малой радзіме, па аграгарадку Парэчча, і была адзначана дыпломам ІІІ ступені, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Наталля Уладзіміраўна. — Сёлета распрацавала праект адукацыйнага падарожжа “Прафесія кухар: гу­чыць смачна!”, што арыентаваны на навучэнцаў, якія вучацца гэтай прафесіі ў межах прадмета “Працоўнае навучанне”. Лічу, што аб прафесіі, якую набываеш, неабходна ведаць як мага больш. У праект уключыліся вучні 8—11 класаў і мае калегі. Мы размеркавалі ролі па групах: журналісты, фотарэпарцёры, кухары, гісторыкі і этнографы. Кожная група працавала па сваім адукацыйным маршруце. Прычым прадстаўнікі розных роляў дзейнічалі па розных маршрутах. Атрымалася, што кожная група стварыла пэўны прадукт, а на выніковым мерапрыемстве навучэнцы атрымалі цэласнае ўяўленне аб прафесіі. Рэалізацыя праекта садзейнічала развіццю ўменняў падлеткаў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць і абагульняць вынікі дзейнасці, фарміраваць праблемна-пошукавыя і ўдасканальваць вучэбна-пазнавальныя і камунікатыўныя кампетэнцыі навучэнцаў, а таксама па­спрыяла развіццю індывідуальнасці навучэнца незалежна ад яго адукацыйных патрэб і магчымасцей.

Н.У.Даніловіч.

Для мяне ўдзел у фестывалі — гэта ўзаемаадносіны з лепшымі педагогамі краіны, магчымасць наведаць майстар-класы ў настаўнікаў-метадыстаў, пабачыць, чым жывуць іншыя ўстановы адукацыі, штосьці запазычыць і прымяніць для сваёй установы. Гэта і своеасаблівы адпачынак. Самым складаным на фестывалі для мяне была менавіта распрацоўка праекта. Спадзяюся, у наступным годзе мы прымем удзел ужо з калегамі. Хочацца таксама выступіць і са сваім майстар-класам. Парада ад практыка наступным удзельнікам фестывалю: калі пішаце работу, чытайце тэму — гэта 50% поспеху. Актыўна ўдзельнічайце, імкніцеся да новага, будзьце адкрыты да ўзаемадзеяння!


Вішанькай на торце стала для ўдзельнікаў фестывалю правядзенне майстар-класаў педагогаў. І як заўважылі канкурсанты, самым складаным для іх было выбраць, на які майстар-клас пайсці, бо ўсе яны былі цікавымі, практыка-арыентаванымі і актуальнымі. Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 22 Барысава Мінскай вобласці Людміла Генадзьеўна Мардовіч прадставіла майстар-клас “Дапоўненая і віртуальная рэальнасць адукацыйнага асяроддзя: стварэнне і прымяненне”, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Баранавіч Вольга Аляксандраўна Банкевіч — “У нагу з пакаленнем Z”. Пра распрацоўку мабільных дадаткаў расказаў дырэктар сярэдняй школы № 22 Барысава Пётр Уладзіміравіч Кушняроў, пра выкарыстанне вучэбна-ролевай гульні з мэтай фарміравання прадметна-метадычных кампетэнцый паведаміў настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Мінска Міхаіл Мікалаевіч Полаўцаў.

Не засталіся ўбаку і настаўнікі пачатковых класаў. Так, настаўніца сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Марына Антонаўна Маршалок падзялілася вопытам выкарыстання тэхналогіі вэб-квест у рабоце з малодшымі школьнікамі. Настаўніца Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскай вобласці Алена Мікалаеўна Клеянкова расказала пра фарміраванне метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў праз сістэмы заданняў у цэнтрах актыўнасці. Было адзначана, што падчас работы ў цэнтрах школьнікі вучацца прымяняць веды і ўменні ў нестандартнай сітуацыі, самастойна працаваць па інструкцыі, набываюць вопыт калектыўнага ўзаемадзеяння. А ў настаўніка ёсць магчымасць стварыць сітуацыю поспеху, падтрымаць станоўчую вучэбную матывацыю.

Пераможцы фестывалю атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі, грашовыя ўзнагароджанні з рук першага прарэктара АПА, старшыні аргкамітэта, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Л.Г.Тарусавай. Падводзячы вынікі мерапрыемства, Людміла Георгіеўна адзначыла, што пераможаных на фестывалі няма, а ёсць толькі пераможцы, бо ўдзел у гэтых спаборніцтвах — перамога над сабой.

Кнігі і метадычныя матэрыялы ад спонсараў — прыемны сюрпрыз усім удзельнікам мерапрыемства. А яны былі ў захапленні ад цудоўнай, камфортнай, добразычлівай атмасферы, створанай арганізатарамі, ад узаемадзеяння з калегамі, ад насычанай праграмы спаборніцтваў, ад цудоўных майстар-класаў і яркіх песенных і танцавальных нумароў.

— Наш фестываль праводзіцца ўжо трэці раз і дае магчы­масць педагогам прадэманстра­ваць сваю кампетэнтнасць у самых розных галінах, адчуць поспех, перадаць веды і вопыт сваім калегам, — адзначыла Святлана Дзмітрыеўна Шакура, намеснік старшыні аргкамітэта фестывалю, начальнік аддзела творчых методык навучання моладзі АПА, супрацоўнікі якога з’яўляліся ініцыятарамі і членамі аргкамітэта. — Невыпадкова мы зноў звярнуліся да праектна-даследчай дзейнасці, бо яна мае вялікую практычную значнасць. Калі дзіця ў школьныя гады не паспрабавала сябе ў ролі даследчыка, не спазнала радасці адкрыцця, то ў будучыні наўрад ці яно зможа вырасці творчай і паспяховай асобай. Праектна-даследчая дзей­насць мае важнае значэнне ў будучым прафесійным самавызначэнні навучэнцаў, дапамагаючы зрабіць усвядомлены выбар прафесіі на аснове разумення яе каштоўнаснага зместу і магчымасці рэалізацыі ўласных жыццёвых планаў. Спадзяюся, на нашым фестывалі педагогі сапраўды змаглі сцвердзіцца ў сваім майстэрстве і адкрыць новыя гарызонты сваіх ведаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.