Ад першай настаўніцы да старэйшай калегі

Ад першай настаўніцы да калегі, ад першых урокаў да сумеснай работы, ад лёгкага хвалявання да цвёрдай упэўненасці — такі прафесійны шлях прайшлі разам Алёна Вітальеўна Бурнос і Алена Анатольеўна Швед. Гэта гісторыя пра дзвюх гродзенскіх настаўніц. Сёння яны калегі, а шмат гадоў назад Алена Анатольеўна Швед упершыню адчыніла дзверы ў Краіну ведаў для сваёй вучаніцы — першакласніцы Алёны Бурнос. Тры гады назад Алена Анатольеўна, сёння намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гродзенскай гарадской гімназіі, стала для Алёны старэйшай калегай: скончыўшы ўніверсітэт, Алёна Вітальўена Бурнос прыйшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у родную гімназію. 

Алёна Вітальеўна, як і ўсе маладыя педагогі, крыху хвалюецца перад кожным урокам. Але за лёгкім хваляваннем і сціплай усмешкай — цвёрдая ўпэўненасць і вялікая любоў да работы. Упэўненасці надае тое, што побач з Алёнай Вітальеўнай сёння, як і сямнаццаць гадоў назад, яе першая настаўніца. Тая, што калісьці прывяла яе зусім маленькай у школьнае жыццё, пасадзіла за парту, дапамагла разгарнуць кнігу ведаў, навучыла мудрасці і дабрыні. А яшчэ падарыла самыя станоўчыя ўспаміны пра навучанне. 

— Памятаю, як пасля першай школьнай лінейкі мы ўсім класам паехалі катацца на цеплаходзе па Нёмане. Мы знаёміліся, весяліліся і елі смажаную кукурузу, — вяртаецца ў думках Алёна Бурнос у 1 верасня 2003 года, калі яна ўпершыню сустрэла сваю першую настаўніцу. — Гэта быў вельмі незабыўны, цёплы момант, які і сёння грэе мне душу і сэрца. 

А пасля былі ўрокі — урокі ведаў, мудрасці і дабрыні. Алёна Вітальеўна прызнаецца, што чакала сустрэчы са сваёй настаўніцай і заўсёды ішла на ўрокі з добрым і бадзёрым настроем, бо ведала, што кожныя 45 мінут з Аленай Анатольеўнай — гэта час спакойнай атмасферы, цікавых гісторый і новых адкрыццяў.

— Нам ніколі не было страшна і сумна на ўроках. Усе заняткі праходзілі ў атмасферы добразычлівасці. Наша першая настаўніца клапацілася аб кожным вучні і рабіла ўсё, каб мы былі сапраўднай камандай, добрымі сябрамі. Можна сказаць, яна вучыла нас знаёміцца, сябраваць, ісці насустрач адно аднаму. Я ўпэўнена, што толькі намаганнямі нашай настаўніцы клас і сёння сустракаецца. Мы сябруем і не згубілі сувязі паміж сабой. Лічу, што гэта вельмі важна, бо, акрамя ведаў, школа дорыць яшчэ і першых сапраўдных сяброў.

Алёна Вітальеўна сёння ўзгадвае не толькі ўрокі сваёй першай настаўніцы, але і тыя мерапрыемствы, якія ладзіліся па-за вучобай. Гэта святочныя ранішнікі і першыя дарослыя падарожжы, конкурсы і канцэрты, салодкія сталы і проста размовы за кубкам чаю. Цёплыя і шчырыя, ад успамінаў пра якія і сёння становіцца салодка.

— Узгадвала іх і калі вучылася ва ўніверсітэце, і калі ўжо скончыла яго. Разумеючы, наколькі гэта важна для дзяцей, са сваімі вучнямі працую гэтак жа. Не проста вучу іх, а імкнуся стварыць сапраўдную моцную каманду. Каманду добрых і шчырых сяброў, бо ўпэўнена, што прынцыпы чалавечнасці, людской годнасці, уменне сябраваць вельмі важна залажыць вучням у пачатковай школе. Гэтак жа важна, як і навучыць пісьму, чытанню і лічэнню. 

Алёна Вітальеўна гартае — альбом фотаздымкаў. Вось тут першая школьная ёлка, тут — канцэрт, а тут — першае сумеснае падарожжа на мора. Перагортваючы старонку за старонкай, углядаючыся ў кожны фотаздымак, маладая настаўніца нібы вяртаецца ў сваё дзяцінства. Ужо тады на ўроках маленькая Алёна, а сёння Алёна Вітальеўна, глядзела на сваю настаўніцу і марыла: вось яна, дарослая, заходзіць у клас, вітаецца з вучнямі, разгортвае журнал. Алёна Бурнос прызнаецца, што думка ста ць настаўніцай з’явілася дзякуючы Алене Анатольеўне. Ста ць не проста настаўніцай, а самым надзейным, мудрым і шчырым педагогам — вось яе мара і мэта.

Пасля пачатковай школы надышоў сумны час развітання з першай настаўніцай. Але атрымалася так, што развітанне было толькі ўмоўным: Алена Анатольеўна засталася побач з кожным з вучняў. Няхай ужо і не на ўроках, а проста ў жыцці.

— Мы ўсё роўна пастаянна сустракаліся, разам ездзілі ў падарожжы. Мы прыходзілі да Алены Анатольеўны па парады і проста паразмаўляць. Нават атэстат аб сярэдняй адукацыі ўручала нам наша першая настаўніца. А што тычыцца мяне, то Алена Анатольеўна стала для мяне тым чалавекам, з кім я сёння побач працую, у якога працягваю вучыцца і да якога звяртаюся па любым пытанні.

Тры гады назад Алёна Вітальеўна Бурнос зноў пераступіла парог Гродзенскай гарадской гімназіі. І зноў з букваром у руках. Як і шмат гадоў на зад, тут яе сустрэла Алена Анатольўена Швед — толькі ўжо не ў якасці настаўніцы, а ў якасці калегі. Хваляваліся абедзве настаўніцы. Але хутка хваляванне змянілася ўпэўненасцю. Маладая настаўніца ведала, што побач мудрая і надзейная калега, якая заўсёды дапаможа. А Алена Анатольеўна ўпэўнена ў чалавечым і прафесійным падмурку сваёй вучаніцы — ён даволі моцны. 

Сёння ў сваёй рабоце Алёна Вітальеўна Бурнос выкарыстоўвае парады і вопыт старэйшай калегі. 

— На ўрокі Алена Анатольеўна часта прыносіла што-небудзь, што прываблівала ўвагу. Напрыклад, розныя кніжкі. Мы бачылі іх на стале ў настаўніцы — прыгожыя вокладкі, цікавыя малюнкі. Нам хацелася, каб хутчэй празвінеў званок і мы пачалі разглядаць іх, чытаць. Сёння і я стараюся знаходзіць для сваіх вучняў нешта новае, яркае, чым можна прыцягнуць іх увагу, здзівіць і захапіць, — гаворыць малады педагог. — Для вучняў пачатковай школы важна, каб урок быў наглядным. Я выкарыстоўваю спецыяльныя карткі, плакаты, схемы, малюнкі. Вучань хутчэй навучыцца лічыць, калі для навучання выкарыстоўваць малюнкі з жывёламі, кветкамі альбо машынкамі, а чытаць можна не толькі буквар, але і цікавыя гісторыі, якія адаптаваны для пачатковай школы. 

Быць настаўнікам — гэта значыць не толькі наладзіць сувязь з вучнямі, а яшчэ і выбудаваць адносіны з бацькамі. І ў гэтай справе дапамаглі падказкі калегі.

— Я вельмі хвалявалася перад першым бацькоўскім сходам. Я зусім маладая, без вопыту, учарашняя студэнтка… Алена Анатольеўна расказала мне, як размаўляць, што гаварыць і нават як рассадзіць бацькоў у класе, — узгадвае Алёна Вітальеўна. — І я зразумела, што галоўнае на такіх сустрэчах — гэта дыялог. Каб гаварыў не толькі настаўнік, але і бацькі: чаго яны чакаюць, якія мэты яны ставяць перад сваімі дзецьмі. Абавязкова пытаюся ў пісьмовай анкеце, якія асаблівасці ёсць у іх сыноў і дачок, на што настаўніку звярнуць увагу. Скажу, што мне вельмі гэта дапамагло: усе вучні розныя, але ўжо на першых уроках я больш-менш ведала пра звычкі кожнага.

Так першая настаўніца стала для Алёны Вітальеўны настаўнікам па жыцці. І сёння малады педагог сама імкнецца быць такім настаўнікам для сваіх вучняў. 

— Быць настаўнікам — гэта кожны дзень адкрываць нешта новае ў сабе, дзецях і сваёй працы. Самым галоўным у нашай справе былі і заўсёды будуць любоў і павага да сваіх маленькіх вучняў. Гэта заўсёды адчувалася на ўроках у Алены Анатольеўны, гэта перайшло і на мае ўрокі. 

Надзея МІКОЛІНА.