Падышоў да свайго завяршэння Рэспубліканскі тыдзень спорту і здароўя. Сёлета ён быў як ніколі багаты на падзеі. Акрамя тых мерапрыемстваў, якія мы ўжо згадвалі на старонках “Настаўніцкай газеты”, нельга не адзначыць яшчэ адзін яркі момант.
Ток-шоу “Мы верым цвёрда ў герояў спорту” — мерапрыемства, якое прайшло ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Студэнты сталічных устаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцы спартыўных школ, гімназій атрымалі ўнікальную магчымасць задаць свае пытанні і абмеркаваць хвалюючыя спартыўныя тэмы з вядомымі беларускімі атлетамі.
Разам са спартсменамі ў ток-шоу ўзялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Сяргеевіч Дубкоўскі. — Беларусь сёння гатова праводзіць самыя буйныя спартыўныя форумы, — адзначыў у пачатку сустрэчы М.У.Рыжанкоў. — Той факт, што мы выйгралі заяўку на правядзенне юнацкага алімпійскага фестывалю ў 2019 годзе, сведчыць, наколькі якаснымі і маштабнымі з’яўляюцца нашы спартыўныя аб’екты.
Намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык у рамках ток-шоу падзяліўся планамі на будучыню. Высветлілася, што Беларусь падае заяўкі на правядзенне чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце ў 2018 годзе і баскетболе 3×3 у 2020 годзе.
— Спорт пачаў развівацца ў Беларусі фантастычнымі тэмпамі, — падкрэсліў вядомы плывец Яўген Цуркін. — У хуткім часе мы зарэкамендуем сябе як адна з наймацнейшых сусветных дзяржаў.
Натуральна, што ўдзельнікаў сустрэчы цікавілі і асабістыя пытанні. Напрыклад, што адчувае яшчэ адна прадстаўніца плавання Аляксандра Герасіменя, калі стаіць на п’едэстале і назірае, як уздымаецца беларускі сцяг і гучыць гімн.
— Кожны раз па-рознаму, — прызналася Аляксандра. — Іншы раз, стоячы на п’едэстале, проста не разумееш, што адбываецца. Усё робіш аўтаматычна, бо стомленасць неверагодная. І толькі праз час прыходзіць усведамленне — ты першая!
Намеснік міністра адукацыі адзначыў, што сёння плаванню ўдзяляецца асаблівая ўвага ў пачатковай школе. У ідэале кожны малодшы школьнік павінен умець плаваць. А для тых, хто жадае займацца гэтым відам спорту на больш сур’ёзным узроўні, пяць гадоў назад уведзены факультатыў “Плаванне і здароўе”.
У ходзе ток-шоу прагучала інфармацыя, што за апошнія гады ў Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю каля 80 спартыўных збудаванняў. Найбуйнейшыя з іх знаходзяцца ў сталіцы. “Мінск-арэна, “Барысаў-арэна” вядомыя ўсім дзякуючы правядзенню чэмпіянату свету па хакеі. Ёсць Акадэмія тэніса, новы цэнтр па фрыстайле, хутка з’явіцца Палац мастацкай гімнастыкі…— Беларусь прымала ўжо нямала маштабных спартыўных спаборніцтваў, — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму А.С.Дубкоўскі. — У кірунку студэнцкага спорту гэта VI чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ, які мы праводзілі разам з Міжнароднай федэрацыяй студэнцкага спорту (FISU) на вяслярным канале ў Заслаўі ў жніўні 2014 года. Наступным летам там плануецца правядзенне чэмпіянату свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і спартсменаў да 23 гадоў.
Не застаўся без увагі і такі від спорту, як фрыстайл.
— Вы займаецеся адным з самых траўманебяспечных відаў спорту. Як пераадолець сябе? — пыталіся ўдзельнікі ток-шоу ў фрыстайліста Дзмітрыя Дашчынскага.
— Гэта стэрэатып, — сказаў Дзмітрый. — Нашмат больш траўматычнымі з’яўляюцца гульнявыя віды спорту. Каб адпрацаваць тэхніку, спачатку мы скачам на ваду, цяпер ужо ў новым комплексе “Фрыстайл”. Адрозненне нашага комплексу ад аналагічных цэнтраў у іншых краінах у тым, што ён мае дах і мы можам трэніравацца круглы год.
Як настроіцца на выступленне, якія поспехі чакаюць Беларусь у лыжных гонках і лёгкай атлетыцы, адказалі Міхаіл Сямёнаў і Эльвіра Герман.
Завяршылася ток-шоу пажаданнямі спартсменам новых перамог у імя Беларусі.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.