Ад праблемы — да вырашэння

Праблемы экалагічнай адукацыі і выхавання заўсёды стаялі перад сучаснай школай і грамадствам у цэлым. Сёння як ніколі актуальнае пытанне аб неабходнасці грамадства змяніць сваё стаўленне да прыроды і навакольнага асяроддзя. Кожны чалавек павінен зразумець, што толькі ў гармоніі з прыродай можа існаваць і развівацца сучаснае грамадства. Усе павінны валодаць экалагічнымі ведамі незалежна ад узросту і прафесіі.

Вядучая роля ў сістэме экалагічнай адукацыі і выхавання належыць пачатковай школе. Менавіта тут дзеці ўпершыню дакранаюцца да загадкавых таямніц прыроды. З ранняга дзяцінства ад бацькоў, настаўнікаў дзеці чуюць, што неабходна берагчы прыроду, клапаціцца пра яе. Гэтыя фразы для дзяцей сталі звыклымі і ўжо сур’ёзна імі не ўспрымаюцца. Як данесці да дзяцей іх значнасць, як прывучыць дзіця ўважліва і беражліва ставіцца да прыроды і навакольнага асяроддзя?

З гэтай мэтай я і арганізавала ў 2 класе аб’яднанне па інтарэсах “Сацыяльная экалогія”. Перад сабой паставіла задачу выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды і навакольнага асяроддзя, адказнасць за свае ўчынкі.

Работу мы пачалі з афармлення экалагічнага кутка, прыдумалі дэвіз і гімн, намалявалі эмблему. На першых занятках наведалі Клімавіцкі краязнаўчы музей, дзе адна з залаў прысвечана прыродзе роднага краю. Спачатку дзеці захоплена разглядалі экспанаты, карціны, але хутка сталі шумець, страціўшы цікавасць. І я вырашыла заняткі праводзіць у параўнанні: паказаць не толькі прыгожае, але і тое, што можа адбыцца з прыродай, калі чалавек будзе бяздумна да яе ставіцца, парушаць яе законы.

Так, на наступных занятках прадставіла прэзентацыю, наглядна паказаўшы сваім вучням, як за невялікі прамежак часу прыгажосць багатага восеньскага лесу ператвараецца ў буралом, як летні квітнеючы лужок у імгненне вока становіцца звалкай бытавых адходаў з агідным пахам і г.д. Калі я ўбачыла ў вачах дзяцей перажыванні, то зразумела, што цяпер яны гатовы ісці за мной далей да новых ведаў.

Каб лепш сфарміраваць уяўленні аб унікальнасці і таямніцах прыроды, павысіць цікавасць да экалагічных праблем, на занятках мы здзяйсняем падарожжы, праводзім хвілінкі чытання кніг пра прыроду, конкурсы малюнкаў і вырабаў з прыроднага матэрыялу, экалагічныя гульні, акцыі і гутаркі. Вялікія магчымасці для экалагічнай адукацыі і выхавання даюць экскурсіі ў прыроду. Для замацавання правіл паводзін у прыродзе я ствараю праблемныя сітуацыі, і мы разам шукаем шляхі іх вырашэння. Актыўна збіраюць інфармацыю па пэўнай тэме і самі дзеці, часта — разам з бацькамі.

Заняткі праходзяць толькі паўгода, і наперадзе ў нас яшчэ шмат часу для ажыццяўлення задуманых планаў. Але ўжо цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што праведзеная работа дае станоўчыя вынікі.

Людміла ПІСТАЛЕТАВА,
настаўніца пачатковых класаў Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.