Ад праекта — да праекта

- 16:16Брэстчына

Гісторыя Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна пачалася больш за 90 гадоў назад. За доўгі час установа адукацыі перажыла не адну рэарганізацыю, змяніла некалькі будынкаў. Гонарам школы з’яўляюцца выпускнікі і дружны педкалектыў.

— Сёння ў нашай установе атрымліваюць веды 417 вучняў, — расказвае дырэктар Дзмітрый Святаслававіч Тарасёнак. — У дэмаграфічным плане вёска перспектыўная. Сярэдняя напаўняльнасць класаў — 19 чалавек. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 54 педагогі, з якіх 26 — выпускнікі школы. Амаль 65% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі з’яўляюцца дыпламантамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду, членамі абласных творчых і раённых праблемных груп настаўнікаў-прадметнікаў, выдатнікамі адукацыі Беларусі.


У інавацыйным рэжыме


На працягу 2013—2016 гадоў ва ўстанове рэалізоўваўся праект па ўкараненні тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Сёння настаўнікі працуюць над праектам па ўкараненні мадэлі арганізацыйна-кіраўніцкіх умоў прафесійнага развіцця педагогаў.

— Вопыт работы па цьютарскім суправаджэнні адораных вучняў выкарыстоўваецца ў іншых напрамках дзейнасці, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Пятроўна Ізбіцкая. — Так, у рамках праекта было наладжана сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі. Такое метадычнае партнёрства надзвычай карыснае, паколькі вырашае праблему іх тэрытарыяльнай аддаленасці, павышэння якасці адукацыі і кваліфікацыі педагогаў. Дзякуючы супрацоўніцтву, удаецца аб’яднаць кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы для вырашэння агульных задач, у прыватнасці, па арганізацыі даследчай і праектнай дзейнасці, дапрофільнай і профільнай работы. Сеткавыя зносіны будуюцца на аснове арыгінальных мадэлей блогаў настаўнікаў-прадметнікаў, аўтарскіх метадычных распрацовак і праектаў.

З мэтай ранняй прафарыентацыі ў школе дзейнічаюць прававыя класы і групы педагагічнай накіраванасці. Шэраг прадметаў вывучаецца на павышаным узроўні. На базе Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці старшакласнікі атрымліваюць спецыяльнасць афіцыянта, а на базе школы — агародніка. У рамках шостага школьнага дня наладжана плённае супрацоўніцтва з Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна, Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў, ПалесДУ, установамі дадатковай адукацыі і прадпрыемствамі.


З законам на “ты”


— Прававыя класы, створаныя па запытах вучняў і іх бацькоў, адыгрываюць важную ролю не толькі ў прафарыентацыйнай, але і ў выхаваўчай рабоце, у прыватнасці, у фарміраванні прававой культуры, — гаворыць В.П.Ізбіцкая. — Каля 30% вучняў 5—11 класаў нашай школы хацелі б звязаць прафесійную дзейнасць з праваахоўнымі органамі.

Выхаванцы прававых класаў вывучаюць факультатыўныя курсы “Мая Айчына” і “Вывучаем гуманітарнае права”, якія валодаюць вялікім выхаваўчым патэнцыялам і дапамагаюць атрымаць веды, што могуць спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці. Юныя правазнаўцы збіраюць матэрыялы пра мінулае роднага краю, удзельнічаюць у рэйдах (“Чыстая тэрыторыя”, “Парадак у мікрараёне школы”) і прафілактычных акцыях (“Моладзь — за здароўе!” і “Здаровы ты — здаровая краіна!”), займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, ствараюць сацыяльныя відэаролікі і рэкламу. З ліку вучняў прававых класаў створаны агітбрыгады “Святлафор”, “Агеньчык” і “Міратворцы”. Супрацоўнікі міліцыі — частыя госці школы, якія дапамагаюць вучням арганізаваць сацыяльную практыку, каб паспрабаваць сябе ў прафесіі.

Ю.М.Прасмыцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:

— З кожным годам пашыраецца ўзаемадзеянне “Настаўніцкай газеты” і адукацыйнай галіны Брэстчыны ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. За 6 гадоў яго рэалізацыі на старонках профільнага выдання істотна павялічылася колькасць матэрыялаў, падрыхтаваных педагогамі вобласці. Толькі сёлета газета апублікавала больш за 340 іх матэрыялаў з вопыту работы. А калі гаварыць яшчэ пра журналісцкія матэрыялы, то іх колькасць будзе ўдвая большай. Сістэма адукацыі Брэстчыны годна прадстаўлена на старонках “Настаўніцкай газеты”. І гэта не толькі радуе, але і да многага абавязвае.

Важную ролю ў папулярызацыі дасягненняў педагогаў на ўзроўні краіны адыгрывае дзейнасць карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай газеты” па Брэсцкай вобласці, які размяшчаецца на базе Брэсцкага абласнога ІРА. Амаль 14 гадоў уласны карэспандэнт газеты Сяргей Грышкевіч вядзе летапісную хроніку адукацыйнай галіны вобласці.

Прэс-тур — выдатная форма ўзаемадзеяння галіновага выдання з чытачамі, якая дазваляе наладзіць жывую зваротную сувязь, пашырыць кантакты, пазнаёміцца з пазаштатнымі аўтарамі і журналістамі. Гэты прэс-тур “Настаўніцкай газеты” па ўстановах адукацыі Брэстчыны стаў другім па ліку. Летась журналісты пабывалі ў Брэсце, на Камянеччыне і Кобрыншчыне, сёлета — на Століншчыне, Піншчыне і Лунінеччыне. У кожным з гэтых раёнаў іх чакала шмат цікавага і вартага ўвагі. Ва ўстановах адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца.

У асобе “Настаўніцкай газеты” мы бачым надзейнага сябра і дарадчыка. А журналісты, упэўнены, бачаць у педагогах Брэстчыны не толькі ўважлівых і ўдзячных чытачоў, але і актыўных аўтараў.


У суЛАДдзі з сабой і светам


Важную ролю ў арганізацыі выхаваўчай работы адыгрывае профільны рэсурсны цэнтр, задача якога заключаецца ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, у тым ліку праз дзейнасць вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. Педагогі вывучаюць новыя выхаваўчыя методыкі, дзеляцца эфектыўным вопытам, ствараюць міжшкольныя праекты.

— Дзякуючы нашай рабоце, на працягу 5 гадоў адсутнічаюць правапарушэнні сярод школьнікаў, няма дзяцей на ўліку ў ІСН, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Васільеўна Трапачка. — На працягу 8 гадоў школа з’яўляецца пераможцай раённага агляду-конкурсу “За стварэнне аптымальных умоў для развіцця і ўдасканалення адукацыі ў Пінскім раёне” (у раздзеле выхаваўчай работы). З 2015 года ва ўстанове дзейнічае бацькоўскі клуб “Разам за руку з сям’ёй”.

З 2013 года школа з’яўляецца апорнай пляцоўкай па рэалізацыі праекта роўнага навучання, у рамках якога дзейнічае валанцёрская група “ЛАДьЯ”.

— Валанцёры займаюцца пераважна адукацыйнай дзейнасцю па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, — расказвае трэнер-педагог валанцёраў-інструктараў педагог-псіхолаг Вольга Станіславаўна Літвінчук. — Падчас прафілактычных мерапрыемстваў 27 валанцёраў расказваюць равеснікам пра негатыўны ўплыў шкодных звычак на здароўе і жыццё ў цэлым. Валанцёры — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы абласнога конкурсу “Моладзь — за РАЎНАдзеянне!”.

Валанцёры ўдзельнічаюць у семінарах, майстар-класах і трэнінгах для падлеткаў і педагогаў раёна, а таксама ў пасяджэннях раённага клуба “Новае пакаленне”, кіраўніком якога з’яўляецца В.С.Літвінчук. У рэалізацыі прафілактычных праграм група “ЛАДьЯ” цесна супрацоўнічае з многімі школамі і валанцёрскімі групамі Брэстчыны.


З любоўю да малой радзімы


Летась у школе стартаваў праект “Наперад у мінулае!”, накіраваны на захаванне і адраджэнне традыцый малой радзімы. Праект ажыццяўляецца ў форме квест-экспедыцыі пад дэвізам “Захоўваючы мінулае, ідзём у будучыню!” і ўключае вывучэнне гісторыі, культуры і традыцый малой радзімы. У бягучым навучальным годзе ў праекце ўдзельнічаюць вучні 5—8 класаў.

Кожны месяц квест-экспедыцыі тэматычны. Кожны клас — пошукавы атрад. У сацыяльнай сетцы “УКантакце” створана група квест-экспедыцыі, дзе вызначаюцца тэматыка і заданні пэўнага месяца. Праект рэалізоўваецца па напрамках “Мая радзіма — аповесць часоў”, “Жывыя вытокі”, “Усё нам дарагое тут”, “Саматканы цуд”, “Слова ў пераплёце”, “Вашы лёсы вайна рыфмавала…” і інш.

— Дзякуючы праекту, павялічылася колькасць экскурсій, шматдзённых пешых і веласіпедных паходаў, істотна абнавіўся фота- і відэаархіў аграгарадка Малоткавічы. Канчатковым вынікам сур’ёзнай краязнаўчай работы ў рамках квест-экспедыцыі стануць абноўлены летапіс вёскі і шматсерыйны фільм пра яе. У планах — новыя маршруты, якія пралягуць па гісторыка-культурным комплексе аграсядзібы Дубое непадалёк аграгарадка, — падагульняе В.В.Трапачка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.