Ад праектнага навучання — да творчасці

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Настаўнік тэхнічнай працы Леанід Леанідавіч Шкадзінскі з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава, хоча бачыць сваіх вучняў здаровымі і фізічна развітымі асобамі, якія ўмеюць планаваць і кантраляваць сваю дзейнасць, адэкватна ацэньваць уласныя магчымасці, ставіць высокія мэты і дасягаць іх. У гэтым педагогу дапамагаюць актыўныя метады навучання, у прыватнасці, метад праектаў, які дазваляе арганізаваць выніковую пазнавальную і камунікатыўную дзейнасць на ўроках (найперш самастойную), развіваць крытычнае мысленне і творчыя здольнасці дзяцей, арыентаваць іх у інфармацыйнай прасторы, прымаць нестандартныя рашэнні.

Л.Л.Шкадзінскі лічыць, што метад праектаў дазваляе не толькі павысіць матывацыю школьнікаў да тэхнічнай працы, але і раскрыць уласны творчы патэнцыял, разнастаіць формы правядзення заняткаў. 

— Праект дапамагае прымяніць веды на практыцы, сарыентавацца ў свеце прафесій, сфарміраваць тэхналагічную культуру і творчыя адносіны да працы, пачуццё гонару за ўмелыя рукі і разумную галаву, — гаворыць Леанід Леанідавіч. — Працуючы над праектам, вучні ствараюць розныя вырабы, праводзяць цікавыя даследаванні, распрацоўваюць, правяраюць і ўвасабляюць арыгінальныя задумы. Дзякуючы творчым праектам, школьнікі выяўляюць прафесійныя здольнасці, атрымліваюць першапачатковую спецыяльную падрыхтоўку, у выніку чаго ў іх фарміруюцца ўсвядомленыя прафесійныя намеры.

Настаўнік выкарыстоўвае праектнае навучанне больш за 10 гадоў. За гэты час яно на практыцы даказала мэтазгоднасць і эфектыўнасць.

— Распрацоўка праекта — гэта шлях да самаразвіцця асобы праз усведамленне ўласных патрэб, самарэалізацыю ў практычнай дзейнасці, — адзначае Л.Л.Шкадзінскі. — Дзеці вучацца карыстацца набытымі ведамі для вырашэння пазнавальных практычных задач. Разам з творчымі здольнасцямі развіваецца і эстэтычны густ вучняў.

Па словах педагога, поспех праектнай дзейнасці залежыць ад правільнага выбару тэмы, якая павінна ўлічваць узроставыя і асобасныя захапленні дзяцей, матываваць іх, актывізоўваць самастойную творчую работу. Вучням з нізкай матывацыяй Л.Л.Шкадзінскі прапаноўвае выканаць малааб’ёмны праект, дзе асноўная ўвага ўдзяляецца стварэнню вырабу, а пошукава-даследчы і канструктарскі этапы зве­дзены да мінімуму. Так, школьнікі выконваюць тэмы, звязаныя з рамонтам ці вырабам прадметаў з найменшымі матэрыяльнымі затратамі.

— Усе вучні ўдзельнічаюць у індывідуальнай ці калектыўнай праектнай дзейнасці, — расказвае Леанід Леанідавіч. — У пачатку навучальнага года знаёмлю дзяцей з варыянтамі праектаў і этапамі іх выканання, мэтамі і задачамі будучай работы, патрабаваннямі да вырабаў, парадкам абароны праекта. Школьнікі вывучаюць тэматыку праектных заданняў, якая тычыцца афармлення класных куткоў, вырабу інструментаў і прыстасаванняў для школьнай майстэрні, абсталявання для кабінетаў, дзеючых мадэлей і макетаў, цацак, рухавых і лагічных гульняў, сувеніраў. Звяртаю ўвагу, каб у тэматыцы адлюстроўваліся рэгіянальныя асаблівасці, звязаныя з творчасцю народных умельцаў. 

Выбіраючы тэму праекта, некаторыя вучні часам сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі. У такім выпадку дзецям дапамагае прыкладны пералік творчых праектаў, складзены настаўнікам. Так, васьмікласнікам ён прапаноўвае вырабіць кухонны набор, хлебніцу, паліцу для тэлефона з дэкаратыўнай  разьбой, граблі, складное садовае крэсла. Важна, каб створаны выраб быў запатрабаваны.

Л.Л.Шкадзінскі праводзіць калектыўныя і індывідуальныя кансультацыі, вызначае канкрэтныя заданні, выбар матэрыялаў, інструментаў і неабходнай літаратуры, паўтарае з дзецьмі правілы аховы працы. Пасля гэтага вучні прыносяць планы работы над праектамі, эскізы ці малюнкі вырабаў, якія разам аналізуюць і ў якія ўно­сяць праўкі. Перад практычнай работай школьнікі складаюць тэхналагічныя карты і робяць неабходныя разлікі.

— Поспех творчага праектавання залежыць ад правільна арганізаванай дзейнасці і сумесных намаганняў удзель­нікаў праекта на ўсіх этапах і стадыях яго выканання, — заўважае педагог. — Пры неабходнасці аказваю дапамогу. Разам з вучнямі правяраю якасць выканання асобных дэталей і вузлоў, абмяркоўваю паслядоўнасць стварэння і афармлення вырабаў. Калі работа патрабуе вялікага часу, прапаноўваю выканаць яе часткова дома. Праект аб’ядноўвае дзяцей і бацькоў у агульнай справе.

Паспяховасць вучэбнага праекта канчаткова вызначаецца падчас абароны. Вучні рыхтуюць паведамленні пра ход выканання праектаў, прэзентуюць вырабы і дакументацыю па іх. Аўтары робяць самааналіз работы, выслухоўваюць меркаванні аднакласнікаў і настаўніка.

— Каштоўнасць праектнага навучання заключаецца ў актуалізацыі наяўных і фарміраванні новых ведаў і ўменняў, значнасці атрыманых вынікаў, атмасферы дзелавога супрацоўніцтва педагога і дзяцей, — адзначае Л.Л.Шкадзінскі. — У школьнікаў узнікае дадатковая зацікаўленасць у атрыманні ведаў, неабходных для выканання праекта. А настаўнік можа даць абагульненую ацэнку ведам, уменням і навыкам, засвоеным на працягу навучальнага года.

Леанід Леанідавіч актыўна далучае выхаванцаў да творчай дзейнасці з 5 класа. На працягу многіх гадоў ён вядзе гурток “Умелыя рукі”. На яго занятках дзеці рашаюць алімпіядныя заданні, паглыбляюць веды па раней вывучаных тэмах. Для некаторых гэта магчымасць падрыхтавацца да будучай прафесіі. Педагога радуе, што яго гурткоўцы паступаюць на тэхнічныя спецыяльнасці ўніверсітэтаў, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, конкурсах, фестывалях і выставах тэхнічнай творчасці.

Л.Л.Шкадзінскі ўпэўнены, што творчыя людзі хутчэй адаптуюцца ў вытворчай і навуковай дзейнасці, лепш асвойваюць сваю работу, прыносяць большую карысць краіне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.