У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшла VII Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Вышэйшая тэхнічная адукацыя: праблемы і шляхі развіцця”. У яе рабоце прынялі ўдзел звыш 400 спецыялістаў з Беларусі, Украіны, Германіі, Славакіі, Туркменістана, ЗША і Расіі.
У рамках канферэнцыі праходзілі адкрытыя дыскусіі ў фармаце круглых сталоў. У адной з такіх дыскусій, дзе размова ішла аб узаемадзеянні навукі, адукацыі і рэальнага сектара эканомікі ў падрыхтоўцы спецыялістаў, паўдзельнічала і наш карэспандэнт.
Паколькі круглы стол праходзіў у БДУІР, то тэма прадказальна звузілася да падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў. У наш час студэнты ІТ-спецыяльнасцей лічацца найбольш паспяховымі. Высокія конкурсы пры паступленні дазваляюць меркаваць, што ва ўніверсітэт прыходзяць даволі падрыхтаваныя маладыя людзі. Іх навучанне адбываецца ў сучасных лабараторыях з шырокім удзелам ІТ-кампаній. Многія студэнты ўжо з 3 курса пачынаюць працаваць па спецыяльнасці, набываючы дадатковыя практычныя веды, вопыт і атрымліваючы прыстойныя грошы.
ІТ-кампаніі, дзе аптымізацыя — не пусты гук, паколькі вынікае з самой сутнасці інфармацыйных тэхналогій, імкнуцца максімальна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы спецыялістаў. Там ёсць дакладнае разуменне: чым больш укладаецца ў студэнта падчас навучання, тым хутчэй выпускнік уключыцца ў вытворчы працэс з максімальнай аддачай. І ІТ-кампаніі выдзяляюць на падрыхтоўку спецыялістаў значныя і матэрыяльныя, і інтэлектуальныя рэсурсы.
Такая зацікаўленасць з боку работадаўцаў, калі агучваюцца дакладныя патрабаванні да выпускнікоў і ёсць практычная дапамога, дазваляе ўніверсітэтам развівацца больш асэнсавана і рашуча. Што і казаць, з партнёрамі БДУІР пашанцавала.
“У ІТ-галіне так хутка ўсё мяняецца, што калі кампаніі не будуць адкрыта гаварыць аб сваіх патрабаваннях да будучых спецыялістаў, то карысці не будзе”, — заўважыла начальнік аддзела па кіраванні персаналам кампаніі Webcom Media Вольга Пятрова.
Дарэчы, кампанія Webcom Media вельмі актыўна ўзаемадзейнічае з універсітэтамі, прымае студэнтаў на практыку і стажыроўкі з далейшым працаўладкаваннем.
“Пераддыпломная практыка і стажыроўкі студэнтаў — гэта тое, чым мы ганарымся, — расказала Вольга Пятрова, — бо не проста запрашаем студэнтаў паназіраць за работай нашых спецыялістаў, а давяраем ім рашэнне практычных задач. Ёсць прыклады, калі практыканты заставаліся ў нас працаваць і рабілі вельмі хуткі кар’ерны рост. Сёння сярод іх ёсць ужо кіраўнікі вышэйшага звяна”.
Кампанія Webcom Media мае дагаворы аб базавай арганізацыі з шэрагам універсітэтаў. Прычым супрацоўніцтва заключаецца не толькі ў арганізацыі студэнцкіх практык. Кампанія бярэ ўдзел і ў адукацыйным працэсе, накіроўваючы сваіх спецыялістаў у якасці выкладчыкаў для правядзення гасцявых лекцый і цэлых курсаў, а таксама экзаменаў. Плён гэтай работы ўвасобіўся ў вучэбны дапаможнік па электронным маркетынгу.
“Адукацыйны цэнтр кампаніі Webcom Media адкрыты для ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, — гаворыць Вольга Пятрова. — Там выкладаюць нашы спецыялісты-практыкі, якія стараюцца трымаць руку на пульсе прагрэсу і даваць слухачам самыя актуальныя веды. У рамках дагавора аб базавай арганізацыі мы прапаноўваем пэўнай колькасці ўніверсітэцкіх выкладчыкаў браць удзел у шэрагу праграм абсалютна бясплатна. Таксама прапаноўваецца бясплатны ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у галіновых мерапрыемствах”.
Вольга Пятрова адзначыла, што кампаніі, якія наракаюць на недастатковую практычную падрыхтоўку маладых спецыялістаў, павінны шукаць прычыну найперш у сабе. Бо ў іх ёсць магчымасць уплываць на якасць падрыхтоўкі.
“У любым выпадку нельга чакаць ад выпускнікоў сфарміраваных кампетэнцый. Максімум, чаго яны могуць дасягнуць, — гэта ўменні, — заўважыла Вольга Пятрова. — Таму галоўнае, на што мы звяртаем увагу, беручы саіскальнікаў на работу, — матывацыя. А вось з гэтым, на жаль, праблема. Моладзі часта бракуе шчырай зацікаўленасці ў рабоце. Часта гэта звязана з нявызначанасцю: многія сапраўды не ведаюць, чаго хочуць у жыцці. І вось тут, мы лічым, трэба папрацаваць не толькі нам, але і ўніверсітэтам, а таксама бацькам. Паасобку нам не справіцца”.
Гучыць крыху нечакана, але Вольга Пятрова сцвярджае, што зараз тэхнічныя кампетэнцыі адыходзяць на другі план. На першы план выходзяць асобасныя характарыстыкі маладых спецыялістаў.
“У кампаніі Webcom Media, напрыклад, ёсць уласны адукацыйны цэнтр, які дае вялікія магчымасці для навучання навічкоў. Ёсць адмысловыя праграмы для тых, хто пачынае працаваць з нуля. Такім чынам, выпускнікам, якія маюць фундаментальную ўніверсітэцкую базу, мы можам самі даць патрэбныя тэхнічныя кампетэнцыі. Нам важней атрымаць матываваных і адказных людзей, шчыра зацікаўленых у сваёй рабоце”, — адзначыла Вольга Пятрова.
Ніколькі не адмаўляючы важнасць практычнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, пра змены ў падыходах работадаўцаў расказаў і дэкан факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР В.А.Прыткоў.
“Сапраўды, яшчэ гадоў 5—7 назад многія кампаніі, у тым ліку рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, маглі заяўляць, што мы рыхтуем не тых спецыялістаў. Але зараз сітуацыя змянілася, — гаворыць Валерый Аляксандравіч. — Цяпер ужо і “ЭПАМ Сістэмз”, і “Інтразішн”, і ІВА змянілі сваё стаўленне, разумеючы, што без фундаментальнай падрыхтоўкі нічога не атрымаецца. Узровень праектаў, якія выконваюцца ў гэтых кампаніях, моцна вырас, і без сур’ёзнай фізіка-матэматычнай падрыхтоўкі выканаць іх немагчыма”.
“Выпускнікі для нас — найперш носьбіты тэорыі, але гэта таксама добра, — заўважыла Вольга Пятрова. — Спалучаючы іх тэорыю з нашай практыкай, можна ў экспрэс-рэжыме атрымаць вельмі добрых спецыялістаў. Аднак пры ўмове іх асабістай зацікаўленасці”.
Галіна СІДАРОВІЧ.