Ад простага да цікавага

- 13:33Нам пішуць

У Поразаўскай сярэдняй школе стала добрай традыцыяй, калі бацькі навучэнцаў кожны месяц ладзяць майстар-клас для хлопчыкаў і дзяўчынак. І вось апошнім студзеньскім суботнім днём школа зноў азарылася прамяністымі ўсмешкамі навучэнцаў і смачным прыемным водарам. А ўсё таму, што праходзіў майстар-клас “Ад простага да цікавага” для вучняў 5—8 класаў ад Людмілы Васільеўны Сабіравай, мамы навучэнцаў Васіліны (6 клас) і Аляксея (10 клас).

Яна расказала, што старажытныя славяне на святы пяклі велізарныя ватрушкі, дзялілі і елі ўсёй сям’ёй. Начынка магла быць розная: тварог, яблыкі, ягады, варэнне, бульба і капуста. Ватрушкі з тварагом лічыліся ласункам, таму рэцэпты гэтай стравы беражліва захоўваліся як сямейныя рэліквіі. Цяпер ватрушкі можна купіць у краме, але хатняя выпечка заўсёды больш смачная, апетытная і духмяная. Таму і вырашыла Людміла Васільеўна навучыць дзяцей гатаваць гэты ласунак, тым больш што пекчы ватрушкі з тварагом нескладана. Такім чынам, падчас майстар-класа ў дзяцей з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі кухара-кандытара. Яны з задавальненнем узбівалі яйкі з цукрам, прасейвалі муку, рабілі начынку з тварагу, мясілі цеста, змазвалі сценкі посуду алеем… Як толькі цеста і начынка былі гатовыя, усё змяшалі і адправілі на гадзіну ў мультыварку.

А тым часам Людміла Васільеўна навучыла дзяцей, як з падручнага матэрыялу змайстраваць падстаўку для школьных прыладаў. Коркаў ад пластыкавых бутэлек удосталь у кожным доме. Як правіла, у большасці выпадкаў ад іх проста пазбаўляюцца. Але, калі пафантазіраваць, можна змайстраваць вельмі прыгожую падстаўку. Неабходныя былі коркі ад пластыкавых бутэлек рознага памеру, клей, кардон, пэндзаль. І вось работа закіпела… Вучні выбіралі коркі па вышыні, колеры і дыяметры, змазвалі іх клеем, злучалі паміж сабой, выразалі аснову пад падстаўку. У выніку атрымалася прыгожая зручная падстаўка для школьных прыладаў.

Завяршыўся майстар-клас чаяваннем са смачнай ватрушкай у сяброўскай атмасферы!

Марына ШЫМКО,
класны кіраўнік 6 класа,
настаўнік рускай мовы і літаратуры Поразаўскай сярэдняй школы