Ад родных каранёў

Педагогіка становіцца ладам жыцця настаўніка, спосабам мыслення. Людзі, якія свядома ідуць працаваць у педагогіку, асаблівыя, цікавыя. Такім неардынарным чалавекам з’яўляецца і дырэктар Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сяргей Анатольевіч Лазараў. Некалі, пасля заканчэння сярэдняй школы, малады чалавек доўга не раздумваў, кім стаць, бо яшчэ школьнікам яго цягнула да родных каранёў, беларускай гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі. Не раз станавіўся пераможцам раённых, абласных гістарычных і геаграфічных алімпіяд. Сяргей Анатольевіч паступае на гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Педагагічную дзейнасць малады спецыяліст пачаў адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. Спачатку працаваў настаўнікам гісторыі ў Лудчыцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. У хуткім часе маладога перспектыўнага настаўніка заўважыла раённае кіраўніцтва і назначыла дырэктарам Холстаўскай базавай школы. Пасля Сяргея Анатольевіча назначаюць дырэктарам Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, дзе ён ужо працуе 15 гадоў.

Макранскі дзіцячы сад — сярэдняя школа на працягу не аднаго дзясятка гадоў быў у першых радах сярод школ раёна. Традыцыі, вопыт, закладзеныя ў далёкія часы макранскімі педагогамі, перадаюцца з году ў год ад пакалення да пакалення. Заўсёды нашы настаўнікі з гордасцю гаварылі, што працуюць у Макранскай сярэдняй школе. Пры кіраўніцтве Сяргея Анатольевіча школа таксама падтрымлівае даўнія традыцыі, і кожны год наш ВПК паказвае самыя лепшыя вынікі. 

Макранскі дзіцячы сад — сярэдняя школа — адна з лепшых сельскіх устаноў адукацыі Быхаўскага раёна. У маі гэтага года ўстанова адукацыі занесена на Дошку гонару Быхаўскага раёна. Нашы вучні займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных этапах алімпіяд па вучэбных прадметах. Напрацаваны немалы вопыт у даследчай дзейнасці: нашы навучэнцы бяруць дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней не толькі на раённых этапах, а на абласных і рэспубліканскіх. 

У 2019 годзе Макранскі дзіцячы сад — сярэдняя школа ўключаны ў пералік устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць у сферы адукацыі ў сувязі з рэалізацыяй рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эканамічнай культуры навучэнцаў на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій”. Мэтай інавацыйнага праекта з’яўляецца стварэнне ўмоў для набыцця вучнямі элементарнага эканамічнага і сацыяльнага вопыту. “Каб арыентавацца ў сучасным грамадстве, неабходна выхаваць эканамічна культурнага чалавека, які зможа самарэалізавацца ў жыцці. Калі паступіла прапанова для нашай установы стаць удзельніцай праекта, то згадзіўся адразу, бо гэта з’яўляецца для настаўнікаў добрай магчымасцю рэалізавацца творча”, — дзеліцца сваімі думкамі Сяргей Анатольевіч. 

Калі гаворка зайшла пра асаблівасці работы кіраўніка, Сяргей Анатольевіч зазначыў: “Самае складанае — навучыцца працаваць з чалавекам, навучыцца яго разумець, стаць на яго месца. Калі навучышся гэтаму, то становіцца лягчэй вырашаць многія пытанні. Трэба быць і псіхолагам, і дыпламатам, і педагогам адначасова. Калі працаваў настаўнікам, то хацелася зацікавіць вучняў прадметам, дапамагчы ім у станаўленні асобы. Калі стаў працаваць дырэктарам, то хочацца, каб настаўнікі, як некалі мае вучні, паказвалі добрыя вынікі, былі захоплены настаўніцкай дзейнасцю. Мы можам многае, на дасягнутым не трэба спыняцца. Наш калектыў вельмі працаздольны, дружны і творчы, і толькі разам мы можам дасягнуць поспехаў”. 

Хто такі кіраўнік? Гэта той, хто ведае, як трэба зрабіць, гэта той, хто скажа і зробіць. У Макранскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе працуе краязнаўчы музей. Многія прадметы сталі экспанатамі музея дзякуючы Сяргею Анатольевічу. Таксама Сяргей Анатольевіч займаецца спортам, мае шмат дыпломаў за спартыўныя дасягненні. У 2019 годзе ён быў узнагароджаны юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”. У час узнагароджання адзначана, што Сяргей Анатольевіч сваёй працай дэманструе прыклад сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікам і прафсаюзам. Пры гэтым Сяргей Анатольевіч умее суперажываць, можа своечасова працягнуць руку дапамогі. А ў творчай атмасферы ўзаемадапамогі заўсёды выдатныя вынікі.

Алена ЦЫВІЛЬКА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага  раёна Магілёўскай  вобласці.