Ад розуму — не гора, ад розуму — камфорт

Ці ёсць розум у буфета? “Якое недарэчнае пытанне!” — абурыцеся вы, калі, канечне, не ведаеце пра тое, што з 1 верасня ў 100 школах Мінска ўкараняецца сістэма “Разумны буфет”. Хаця наўрад ці хто з педагогаў і бацькоў дагэтуль не чуў або нават не ўключыўся ў гэтую сістэму, пілотны праект якой быў апрабаваны ў мінулым навучальным годзе ў Партызанскім раёне сталіцы. У сярэдняй школе № 225, што ў Першамайскім раёне, сістэма дзейнічае з пачатку гэтага навучальнага года. Як гэта адбываецца, мы вырашылі ўбачыць на свае вочы.

І сілкавацца, і трэніравацца

…У новым будынку школы цішыня, бо трапілі мы сюды ва ўрочны час. Што ж, ёсць магчымасць пагутарыць з кіраўніцтвам навучальнай установы і палюбавацца ўнутраным аздабленнем школы, хаця і звонку яна прыемна ўражвае, у тым ліку сваім даволі складаным архітэктурным рашэннем. 

— Школа разлічана на 750 навучэнцаў, але ў першы год работы ў нас 410 вучняў, у большасці 1—4-х класаў, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 225 Таццяна Уладзіміраўна Качан. — У школе шмат чаго цікавага, у тым ліку зімовы сад, 4 лінгафонныя кабінеты, 4 кабінеты інфарматыкі. Абсталяванне ў іх стандартнае, але ў такой колькасці гэтыя кабінеты далёка не ў кожнай школе знойдзеш. 

Акрамя таго, ва ўстанове выдатная спартыўная база: 2 спартыўныя залы, трэнажорная, зала для заняткаў харэаграфіяй. Шмат спартыўных збудаванняў на вуліцы: валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, пляцоўка для варкаўта. У школе шмат спартыўных секцый, у тым ліку бясплатных. Праводзяцца заняткі па гандболе, валейболе, баскетболе, працуюць секцыі па міні-футболе, настольным тэнісе і інш. Карацей, тут ёсць усё для стварэння здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей. Безумоўна, харчовы блок з’яўляецца адным з важных элементаў гэтага асяроддзя.  

— У нас добрая сталовая на 264 пасадачныя месцы, тут жа размешчаны буфет, — заўважае кіраўнік навучальнай установы. — Сталовую мы стараліся аформіць максімальна прывабна, прыклалі шмат сіл для гэтага. 

Як і ва ўсіх школах Мінска, харчаванне вучняў тут арганізоўвае камбінат школьнага харчавання. Дырэктар кажа, што нараканняў па якасці і выбары страў ні ў кога няма. Класныя кіраўнікі пытаюцца ў дзяцей, якія стравы яны жадаюць, а тыя могуць выбраць з 2—3 варыянтаў. У буфеце таксама нядрэнны выбар: ёгурты, салаты, якія запраўляюцца пры дзецях, свая выпечка, сокі і многае іншае. Карацей кажучы, у новай школе ўсё ў поўным парадку і з абсталяваннем, і з арганізацыяй харчавання. А ў праект “Разумны буфет” школе № 225 прапанавалі ўключыцца яшчэ ў жніўні. Прадстаўнікі школы (намеснік дырэктара і шэф-кухар) пабывалі на нарадзе па гэтым праекце, паслухалі тлумачэнні, параіліся з адміністрацыяй, з класнымі кіраўнікамі і разам вырашылі: “Нам гэта цікава, гэта сучасна — паспрабуем!” 

На якіх прынцыпах заснавана рацыянальнае харчаванне школьнікаў? Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі вызначае гэтыя прынцыпы так: энергетычная раўнавага, збалансаванае харчаванне і выкананне рэжыму харчавання. 

Жадаючых усё больш

QR-код, з дапамогай якога дзеці расплачваюцца за пакупкі ў буфеце, бацькі могуць спампаваць, зайшоўшы на сайт камбіната школьнага харчавання Мінска. Там ёсць раздзел “Разумны буфет” з падрабязнымі інструкцыямі для бацькоў. А раздрукаваць код можна і на бэйдж, і проста на паперку, можна захоўваць яго ў электронным выглядзе ў тэлефоне, можна карыстацца бірулькай з кодам. Разлік за пакупкі ў буфеце “падцягнуты” да безнаяўнага рахунку, па якім бацькі расплачваюцца за гарачае харчаванне дзяцей.

— Дзецям гэта цікава, а бацькам — карысна і зручна, — каменціруе новаўвядзенне дырэктар школы. — Па-першае, дзецям не трэба насіць з сабой грошы, значыць, і згубіць іх яны не могуць. Па-другое, бацькі маюць магчымасць абмежаваць і колькасць паходаў дзіцяці ў буфет на працягу дня, і колькасць грошай, якія там можна патраціць (хаця магчымы і безліміт), і выключыць з меню свайго сына або дачкі непажаданыя прадукты. Напрыклад, камусьці па стане здароўя нельга ўжываць малако, а значыць, дзіця не зможа набыць малочныя прадукты. Або цытрусавыя, калі ў школьніка на іх алергія. А можа, бацькі проста не хочуць, каб дзіця ела не самыя карысныя сасіскі ў цесце, тады яны забараняюць купляць гэтую страву.

Больш падрабязна пра тое, што такое праект “Разумны буфет” і як ён увасабляецца ў новай школе, расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Анатольеўна Тулейка: 

— Наш буфет абсталяваны планшэтам са спецыяльнай прыладай, якая счытвае QR-код. Буфетчык вельмі лёгка можа праверыць, чый гэта код, бо на планшэце з’яўляюцца не толькі даныя дзіцяці, але і яго фатаграфія. Адразу бачна і тое, якія прадукты бацькі забаранілі дзіцяці набываць, калі такая забарона ёсць. Паслугі, якія прапаноўвае “Разумны буфет”, папулярныя і ў бацькоў, і ў нашых вучняў. Так, калі ў пачатку верасня ў праект уключыліся прыкладна 20% навучэнцаў, то сёння ўдзельнікаў больш за 60% — 274 чалавекі з 410. Гэта і прыемна, і зразумела, бо ў нас новы раён, дзе шмат адукаваных маладых жыхароў, якія з тэхнікай на “ты”, таму з “Разумным буфетам” разабрацца ім проста. Хаця, канечне, любы чалавек пры жаданні з гэтым справіцца.

…Што ж, пасля завочнага знаёмства мы гатовы ўбачыць “Разумны буфет” у дзеянні, тым больш што гучыць званок з урока і школьнікі ідуць у сталовую: хто — на абед, а хто — у буфет.

У меню свабоднага выбару ў школе № 225 у адзін з кастрычніцкіх дзён былі расольнік, 2 гарачыя стравы з рыбы, 5 найменняў салатаў, 3 — бутэрбродаў, 7 відаў салодкіх страў і напіткаў, у тым ліку лімоны, апельсіны і сок, а таксама 4 віды ўласнай выпечкі.

З QR-кодам і за наяўныя

Школьная сталовая радуе вока яркімі і ў той жа час не крыклівымі фарбамі, сваім памерам і чысцінёй. Старшакласнікі садзяцца за накрытыя сталы, а вучні малодшых класаў, у якіх снеданне было раней, выстройваюцца ў чаргу да буфета. Тут на першым плане некалькі найменняў салатаў, за імі горкай выкладзены бутэрброды, іншыя стравы. На шыі адной з дзяўчынак у чарзе заўважаю бэйдж з QR-кодам. Высвятляецца, што з адваротнага боку фота дзяўчынкі, яе імя, прозвішча, іншыя даныя. Трэцякласніца Ульяна бывае ў буфеце не кожны дзень, а зараз прыйшла па падушачкі і яблычны сок. 

Дзіяна з 3 “Б” трымае ў руках тэлефон, у які спампаваны код, і расказвае, што прыйшла купіць “штосьці папіць” і “штосьці перакусіць”. Паслугамі “Разумнага буфета” яна карыстаецца з пачатку навучальнага года і кажа, што для яе гэта вельмі зручна, тым больш што мама нічога не забараняе набываць, а грошы кладзе тады, калі бачыць, што яны хутка скончацца.

Загадчык вытворчасці Алена Сяргееўна Канкулеўская гаворыць, што для дзяцей у харчаблоку ёсць усё, “Разумны буфет” падабаецца і дзецям, і супрацоўнікам, бо скарачае час на пакупкі. А яшчэ навучэнцы прыходзяць сюды, каб даведацца, колькі грошай засталося на іх рахунку для аплаты харчавання, для чаго падносяць QR-код да планшэта. 

Наконт таго, што часцей за ўсё школьнікі набываюць у буфеце, Алена Сяргееўна кажа, што гэта выпечка ўласнай вытворчасці, якую ў харчаблоку гатуюць дзякуючы ўласнаму параканвектамату, піца, дадатковыя абеды, салаты, бутэрброды, шмат бяруць малочных кактэйляў і ёгуртаў (усяго ў буфеце прыкладна 10 відаў малочных прадуктаў). Тут ёсць і здаровы куток, дзе па аўторках і чацвяргах прадаюць гематаген, мюслі, іншыя прадукты.

Канечне, піца або выпечка — не самыя здаровыя прадукты, але, па-першае, продаж піцы, смажанак або сасісак у цесце абмежаваны двума днямі на тыдзень. А па-другое, “Разумны буфет” дае магчымасць бацькам уводзіць абмежаванні на пакупкі, якія робяць дзеці. 

Застаецца дадаць, што да пачатку новага навучальнага года “Разумны буфет” будзе ўведзены ва ўсіх школах сталіцы. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.