Ад рукапіснага часопіса да інтэрактыўнай дошкі

Яслі-сад № 5 Смалявіч з’яўляецца базавай установай у раёне па экалагічным выхаванні дашкольнікаў. Тут рэалізуецца адукацыйны праект “Фарміраванне экалагічнай культуры дашкольнікаў ва ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў”. Творчы падыход да справы дапамог установе заняць 1-е месца на раённым этапе конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі, атрымаць дыплом пераможцы на раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу праектаў “Энергія і асяроддзе пражывання”, дыплом ІІ ступені па выніках раённага этапу Рэспубліканскага фестывалю па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства”.

Наталля Іванаўна Навуменка ўваходзіць у склад абласной творчай групы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па тэме “Дыдактычнае забеспячэнне і правядзенне гульняў і заняткаў на экалагічнай сцежцы”. Наша экалагічная сцежка працягласцю больш за 250 м налічвае 18 станцый: “Ліпавы парк”, “Сасновы дэндрарый”, “Кветнікі”, “Альпінарый”, “Агарод” і інш.

У працэсе рэалізацыі адукацыйнага праекта па фарміраванні экалагічнай культуры ў выхаванцаў педагогі актыўна выкарыстоўваюць магчымасці інтэрактыўнай дошкі. -Акрамя таго, для бацькоў старшых груп выхавальнікі Н.В.Мінкевіч, Н.І.Навуменка прапаноўваюць такую форму зносін, як рукапісныя часопісы. Кожная старонка часопіса адпавядае адукацыйным галінам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Усе пажаданні і рэкамендацыі, патрабаванні і прапановы, анкеты, разважанні па канкрэтным пытанні размяшчаюцца ў кішэньках, кніжачках-гармоніках (матэрыялы аб правядзенні экалагічных акцый “Дапаможам бяздомным жывёлам”, “Развесім шпакоўні”, пытанні для ўдзелу ў бацькоўскіх гасцёўнях, падзякі за ўдзел у конкурсах, фестывалях, віншаванні з перамогай у аглядах-конкурсах). Выхавальнік можа, напрыклад, папярэджваць бацькоў пра неабходнасць набыцця флікераў і г.д.

Бацькоў цікавяць рубрыкі “Хто ў адказе за бяспеку дзяцей”, “ Вітаміны кожны дзень”, “Чым карысныя кіслародныя кактэйлі і “Біфідзін”, “Шахматы і дашкольнік”, “У нас так. А як у вас?”, “Будучы першакласнік, які ён?”, “Карусель падзей”, “Мы сябруем са спортам”, “Фотаздымак выхаднога дня”, “Гатуем беларускія нацыянальныя стравы”, “Сябруем з экалогіяй”, “Горад Смалявічы — наша малая радзіма” і інш.

Рукапісным часопіс назвалі таму, што на яго старонках можна пакідаць меркаванні па пэўных пытаннях. У кішэні можна пакласці свае пытанні, як у скрыню даверу, а потым атрымаць кампетэнтны адказ спецыяліста: настаўніка-дэфектолага, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнай культуры, педагога-псіхолага. Педагогі выкарыстоўваюць яшчэ сігнальную стрэлку, якая абазначае, што бацькам трэба хутка адрэагаваць, выказаць сваю думку. Такім чынам, рукапісны часопіс эканоміць час як выхавальнікаў, так і бацькоў, дазваляе наладзіць зваротную сувязь і своечасова рэагаваць на ўсе хвалюючыя пытанні.

Галіна САДОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч.