На сучасным этапе адукацыя — гэта не толькі прадметныя веды, але і фарміраванне светапогляду, а значыць, сістэмы поглядаў чалавека на навакольны свет і сябе. Уплываць на выхаванне навучэнцаў можа і царква. Практыка работы школы ў сферы выкарыстання рэлігійных ведаў у выхаваўчай дзейнасці прадугледжвае шмат цікавых падыходаў і методык. Узаемадзеянне школы, сям’і і царквы можна разглядаць як працэс супрацоўніцтва, саўдзелу, садружнасці. Мэта адукацыі з хрысціянскага пункту гледжання — гэта далучэнне дзяцей не толькі да ведаў, але і да маральных асноў. Гэтыя веды накіраваны на тое, каб чалавек выявіў у сабе тыя даныя, якія закладзены ў яго прыроду, дапамагаюць раскрыцца такім талентам, як сумленне, любоў, свабода, гонар і годнасць, стаць паспяховай асобай. І таму галоўная задача школы, педагогаў — дапамагчы дзецям стаць падрыхтаванымі да дарослага жыцця.
Традыцыі выхавання
На падставе Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой педагагічны калектыў багушэўскай сярэдняй школы № 2 Сенненскага раёна Віцебскай вобласці распрацаваў мерапрыемствы Праграмы супрацоўніцтва паміж школай і прыходам Багушэўскай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла. На працягу чатырох гадоў у школе рэалізоўваўся раённы творчы праект “Духоўна-маральнае выхаванне малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. За перыяд работы над творчым праектам прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мы ўдзельнічалі ў ІX Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытаннях у Мінску, Глінскіх чытаннях і XVI Міжнародных Калядных чытаннях у Маскве, навукова-практычных семінарах у Мінску, Бабруйску, Жодзіне, Віцебску, навукова-практычных канферэнцыях у Віцебску, у абласной выставе-конкурсе метадычных матэрыялаў “Духоўна-маральнае выхаванне на праваслаўных традыцыях беларускага народа” (узнагароджаны дыпломам I ступені). Наш вопыт змешчаны ў інфармацыйна-метадычны бюлетэнь “Пошук”, выпушчаны Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Мы з’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі Грамнічных адукацыйных чытанняў. Выступалі на абласной і рэспубліканскай канферэнцыях па тэме “Выхаванне грамадзянскай пазіцыі школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, удзельнічалі ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Развіццё духоўна-маральных асноў адукацыі: узаемадзеянне царквы, сям’і і школы”, з калегамі дзяліліся вопытам рэалізацыі творчага праекта па апрабацыі педагагічнай сістэмы “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”.
Праект рэалізуецца праз супрацоўніцтва з царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла, факультатыўныя заняткі “Біблія як помнік гісторыі і літаратуры”, заняткі гуртка па асновах маральнасці, размовы на духоўна-маральную, грамадзянска-патрыятычную тэматыку, правядзенне праваслаўных свят, работу з бацькамі, дабрачынныя акцыі, праваслаўнае краязнаўства (экскурсіі па святых месцах Беларусі). Сутнасць інавацыі заключаецца ў актыўным узаемадзеянні школы, сям’і і царквы па фарміраванні маральных якасцей асобы. Царква нагадвае пра жыццёвую неабходнасць сфарміраваць у чалавека моцныя ўяўленні пра дабро і зло, адказнасць перад сям’ёй, краінай, самім сабой.
Цяпло сямейных сустрэч ля школьнага каміна
Выхаваць у дзяцей імкненне да дабра і вернасці, самаахвярнасці і бескарыслівасці, міласэрнасці і спачування школа павінна разам з сям’ёй. Дзіця павінна як паветрам дыхаць любоўю сваіх бацькоў, тады яно правільна сфарміруецца, памацнее духоўна і фізічна, зможа вырашаць самыя цяжкія праблемы, якія паставіць яму жыццё. Менавіта таму адным з важных напрамкаў з’яўляецца работа з сям’ёй. Традыцыйнымі ў нашай установе сталі лекторыі для бацькоў, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням умацавання дзіцяча-бацькоўскіх адносін, групавыя тэматычныя кансультацыі для бацькоў, інфармацыйныя бюлетэні; бацькоўскія сходы з прымяненнем інтэрактыўных метадаў і прыёмаў. Рэалізуючы праект, выкарыстоўвалі практыку адкрытага ўзаемадзеяння з бацькамі. Прыкладамі работы ў гэтым напрамку стала правядзенне такіх свят, як “Тыдзень маці”, “Сустрэча ля каміна”, “Калядныя сустрэчы”, “Светлае свята Вялікадня”, “Дзень сям’і”. Падрыхтоўка і правядзенне мерапрыемстваў адбываецца ў цесным узаемадзеянні са святаром і бацькамі.
Новай формай у рабоце з бацькамі сталі падзячныя пісьмы бацькам, круглыя сталы “У школьнай кавярні”, ушанаванне бацькоў на вытворчасці, дні адкрытых дзвярэй, семінар-практыкум “Паспяховае бацькоўства”, трэнінгавыя заняткі з бацькамі, інфармаванне праз школьны сайт. На працягу шэрага гадоў у школе была арганізавана работа семінара-практыкуму “Паспяховае бацькоўства”, які праводзіла псіхолаг школы Таццяна Уладзіміраўна Солапава. Служба СППС рэкамендавала прайсці курс навучання бацькам, якія маюць праблемы ў выхаванні дзяцей. Гэта і бацькі групы СНС, апекуны і прыёмныя бацькі, бацькі, дзеці якіх знаходзяцца на розных відах уліку (ІСН, УШК), а таксама мамы і таты, якiя выхоўваюць дзяцей у няпоўных сем’ях. Выніковае анкетаванне паказала, што частка бацькоў стала адмаўляцца ад гвалтоўных спосабаў падтрымкі дысцыпліны, навучылася пазнаваць прычыны дрэнных паводзін, разумець пачуцці і эмоцыі сваіх дзяцей і правільна на іх рэагаваць. Пасведчанні “Адказнага бацькі” аб навучанні на семінары-практыкуме “Паспяховае бацькоўства” ва ўрачыстай атмасферы ўручалі бацькам на ток-шоу “Ад садружнасці — да творчага супрацоўніцтва”.
Аб’яднанне намаганняў школы, сям’і, царквы, грамадскасці дапамагае вырашаць задачы пераадолення раз’яднанасці выхаваўчага ўздзеяння сям’і і школы, далучэння дарослых да актыўнага ўдзелу ў школьным жыцці, своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. На аснове вывучанай навукова-метадычнай літаратуры, уласнага вопыту работы ў школе можна зрабіць выснову, што, павышаючы ўзровень псіхалагічнай культуры бацькоў, садзейнічаючы фарміраванню іх бацькоўскіх навыкаў, звяртаючы ўвагу на пазітыўны стыль выхавання, можна не толькі папярэджваць дрэннае выхаванне і жорсткае абыходжанне з дзецьмі, але і садзейнічаць фарміраванню паспяховай асобы дзіцяці. Паспяховым дзеці лічаць разумнага, добрага, здаровага і спагадлівага чалавека. У аснове нашага праекта закладзена фарміраванне гэтых і многіх іншых якасцей маральнай і паспяховай асобы.
Творча пра клопат і адказнасць
Каб прывіць дзецям такія якасці, як суперажыванне, міласэрнасць, спачуванне, адказнасць, павага, мы праводзім акцыі “Клопат”, “Міласэрнасць”, “Дом без адзіноты”, “Ні дня без добрых спраў”. Супрацоўнічаючы з Багушэўскім дзіцячым домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, праводзім сумесныя канцэртныя праграмы і спартыўныя мерапрыемствы, дабрачынныя калядныя святы і сяброўскія сустрэчы. Аказваем падтрымку інвалідам і адзінокім людзям, ветэранам вайны і працы.
Відэалекторыі маральнага і патрыятычнага зместу, конкурсы малюнкаў “Квітней, мой кут”, “Зімовая казка”, “Калядны вяночак”, “Велікодны сувенір”, “Храм вачыма дзяцей”, урокі грамадзянскай культуры “Мая Сенненшчына”, “Край, у які я вярнуся”, “Чалавек і яго лёс”, “Прафесіі маіх бацькоў”, тэматычныя класныя гадзіны “Пакланіся роднай зямлі”, “Ці ведаеш ты гісторыю свайго краю”, “Мае землякі”, “Пра бессмяротны подзвіг багушэўскіх бацькоў і дзядоў” і многія іншыя мерапрыемствы фарміруюць патрыятычныя пачуцці навучэнцаў, спрыяюць эстэтычнаму выхаванню, прывіваюць любоў да прыгожага.
Добрай традыцыяй стала адзначаць праваслаўныя святы: Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Каляды, Вялікдзень. Святы праходзяць у школе і ў храме Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе святар чытае дзіцячы малебен. Дзякуючы навучэнцам праваслаўнага класа, у свяце Каляд прымаюць удзел выхаванцы дашкольнай установы пасёлка, Багушэўскага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школ раёна. Правядзенне сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных памятным датам праваслаўных святых, падзвіжнікаў, арганізацыя праваслаўных свят адкрываюць навучэнцам свет праваслаўнай культуры. Навучэнцы спасцігаюць культурную і хрысціянскую спадчыну, наведваючы не толькі факультатыў “Біблія як помнік гісторыі і літаратуры”, але і праваслаўныя храмы: Полацкі Сафійскі сабор, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр, Свята-Успенскі кафедральны сабор, Пакроўскі сабор, царква Уваскрэсення Хрыстова ў Віцебску, Свята-Ільінскі храм у Оршы, царква Святых апосталаў Пятра і Паўла. Мы сталі ўдзельнікамі навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога ды святыняў”, якая праходзіла праз гарадскі пасёлак Багушэўск у жніўні 2012 года. Педагогі і навучэнцы сталі ўдзельнікамі хрэснага ходу, сустрэчы з удзельнікамі экспедыцыі, якая адбылася ў школе.
З мэтай прафілактыкі дэвіянтных паводзін навучэнцаў, правапарушэнняў і злачынстваў у маладзёжным асяроддзі арганізавана работа гуртка ў старшых класах “Асновы маральнасці”, праходзяць круглыя сталы, сацыямасты, тыдні прававых ведаў і прафілактыкі правапарушэнняў, на якіх частым госцем стаў святар. Прысутнасць святара на пасяджэннях савета прафілактыкі павышае адказнасць бацькоў і навучэнцаў. Адной з форм стварэння пазітыўнага адукацыйнага асяроддзя сталі тыдні псіхічнага здароўя “Жыццё выдатнае — беражы яго”, на якіх традыцыйна працуе “Крама добрых якасцей”, “Майстэрня добрага настрою”, дадае пазітыву “Дрэва пажаданняў”.
Аналіз матэрыялаў праекта дае падставу зрабіць выснову, што ўзровень духоўна-маральнага выхавання асобы залежыць ад ступені далучэння да традыцыйных культуралагічных і духоўна-маральных каштоўнасцей народа, ад адпаведнасці ўяўлення аб маральных ідэалах і сфарміраванасці адпаведных мадэлей паводзін. Зацверджана структура далейшага ўкаранення сістэмы работы па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа “Да вытокаў духоўнасці”: I ступень — Школа духоўнасці, II ступень — Школа агульначалавечых каштоўнасцей, III ступень — Школа самабудаўніцтва асобы. У тым, што дасягнуць найлепшых вынікаў у гэтым напрамку можна толькі ў цесным узаемадзеянні школы, сям’і і царквы, мы пераканаліся. Але на дасягнутым спыняцца не будзем.
Святлана КАЗЛОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
багушэўскай сярэдняй школы № 2 Сенненскага раёна.