Ад сэрца да сэрца — кропелькі цяпла

1 кастрычніка ў Дварэцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшла акцыя “Міласэрнасць”, прысвечаная дню пажылых людзей. Члены цімураўскіх атрадаў, навучэнцы 5—8 класаў разам з педагогам-арганізатарам Віталіем Анатольевічам Іванашкам наведалі адзінокіх пажылых людзей, якія пражываюць у аграгарадку Дварэц.

Валанцёрскія атрады аказвалі дапамогу састарэлым: складалі дровы, падмяталі двор, насілі ваду.

Ганна Станіславаўна Кухарчык, Таццяна Паўлаўна Пастухова, адзінокія састарэлыя людзі, азарылі сваімі ўсмешкамі восеньскі дзянёк пасля цёплых слоў віншаванняў і найлепшых пажаданняў. Анастасія Сцяпанаўна Карповіч, якой сёлета споўнілася 103 гады, з удзячнасцю глядзела на падлеткаў, якія прынеслі восеньскія букецікі і салодкія пачастункі.

Не абышлі ўвагай і былога малалетняга вязня — Аляксандру Паўлаўну Пачук, якая ўжо не можа самастойна падняцца з ложка і яшчэ больш, чым астатнія, чакае ўвагі і добрага слова. Пасля наведвання пажылых вучні і педагогі ўпэўніліся: каб запаліць святло ў вачах, патрэбна зусім нямнога — хвілінка часу і чулае сэрца.

Вераніка ФАБІШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.