Ад сэрца да сэрца

— Што вам падабаецца ў “Зубраняці”? — праз перакладчыка задае пытанне групе юных сірыйцаў беларуская дзяўчынка.

— Прырода. Краявіды. Возера. Паветра. Людзі. Святы. Басейн. Ежа, — наперабой па-англійску і па-арабску пералічваюць у адказ госці нацыянальнага цэнтра. Нават правёўшы тут, на беразе Нарачы, усяго некалькі дзён, яны атрымалі такую колькасць станоўчых уражанняў, што гатовы працягваць гэты спіс вельмі доўга. Усе яны ўдзельнікі міжнароднай беларуска-сірыйскай змены “Ад сэрца да сэрца”, якая праходзіць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

На 15 дзён 150 хлопчыкаў і дзяўчынак з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі прыехалі на адпачынак у Беларусь. Следам за імі прыбудзе яшчэ адна такая ж група. Запрашэнне дзяцей у нашу краіну накіравана на рэалізацыю дасягнутых дамоўленасцей па далейшым развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сірыяй у гуманітарна-адукацыйнай сферы.

Усе юныя сірыйцы — выхаванцы школы, якая знаходзіцца ў Дамаску, для сыноў і дачок загінуўшых герояў. Кожны з іх на сваім пакуль нядоўгім жыццёвым шляху сустрэўся з жорсткасцю лёсу і трагічнымі падзеямі. Арганізатары адпачынку імкнуліся стварыць для іх атмасферу радасці і бесклапотнасці.

— Такія змены вельмі важныя і патрэбныя. У першую чаргу для падтрымкі дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю з-за ваенных дзеянняў. Таксама гэта прымушае нашых дзяцей задумацца, наколькі шчаслівае і бестурботнае іх дзяцінства. І нам, дарослым, гэта нагадвае пра нашу адказнасць за лёс дзяцей, калі сваімі неабдуманымі дзеяннямі мы ўцягваем іх у тыя ці іншыя падзеі, — дзеліцца меркаваннем дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Нацыянальны цэнтр рыхтаваўся да прыезду гасцей з Сірыі. Мы імкнуліся стварыць для іх найлепшыя бытавыя ўмовы, прадумвалі харчаванне, рыхтавалі важатых, шукалі перакладчыкаў, распрацавалі цікавыя праграмы. Упэўнена, яны цудоўна правядуць час.

І сапраўды, час сірыйскія дзеці бавяць весела і з карысцю. Насычаная праграма знаходжання ў Беларусі складзена так, каб яны маглі палепшыць здароўе, пазнаёміцца з нашай краінай і прадставіць сваю, знайсці сяброў. З першых хвілін на беларускай зямлі юным сірыйцам далі зразумець, што яны тут чаканыя і жаданыя госці. У аэрапорце іх сустракалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і НДЦ “Зубраня”. Цёплы прыём аказалі ім і беларускія равеснікі — у першы ж дзень дзеці разам сабраліся ля вялікага зубраняцкага кастра, спявалі песні, гулялі, вадзілі карагоды і ласаваліся печанай бульбай. Сустрэча паклала пачатак шчыраму сяброўству. Праграма змены прадугледжвае мноства магчымасцей для зносін, тым больш што дзецям гэта сапраўды патрэбна і цікава. Гэта відаць па тым, як яны імкнуцца пазнаёміцца, паразмаўляць, смела пераадольваючы ўсе моўныя бар’еры.

Умацаваць здароўе госці з Сірыі змогуць дзякуючы медыцынскім аздараўленчым працэдурам, якія шырока прадстаўлены ў “Зубраняці”. У адпаведнасці з назначэннямі ўрача, ім прапануюцца кіслародныя кактэйлі, розныя віды масажу, хвойна-жамчужныя ванны, водара-, аэраіонатэрапія і многае іншае.

Прыйшліся даспадобы сірыйскім дзецям спартыўныя мерапрыемствы. Яны наведваюць басейн, катаюцца на гіраскутарах, самакатах, веласіпедах. А больш за ўсё ім падабаюцца спаборніцтвы па розных відах спорту.

— Нядаўна быў футбольны матч паміж нашымі хлопчыкамі і беларускімі, — расказвае 13-гадовая Рэна. — Усе так самааддана гулялі! Мы горача падтрымлівалі сваю каманду на трыбунах, і яна выйграла. Я таксама вельмі люблю гуляць у футбол. Шкада, што няма дзявочай каманды: я з радасцю выйшла б на поле. Хаця і без гэтага тут заўсёды ёсць які-небудзь цікавы занятак.

Абавязковая частка праграмы — знаёмства з Беларуссю, якое пачалося на беразе Нарачы. Юныя сірыйцы прайшлі своеасаблівы абрад пасвячэння і адправіліся на экскурсію па берагах возера. Уразіла іх знаёмства з беларускімі традыцыямі падчас наведвання агратурыстычнага комплексу “Наносы-Наваселле”.

— Там мы бачылі цэлую калекцыю самавараў. Я нават запомніў, колькі іх там — 561! — эмацыянальна расказвае 13-гадовы Мухамед. — Тут усё нам незнаёма і вельмі цікава.

Мухамед расказаў таксама, што вядзе дзённік, у якім апісвае яркія моманты кожнага дня, праведзенага ў Беларусі. На яго старонках ужо запісана многа цікавага, і юны сірыец імкнецца не ўпусціць ніводнай падзеі і факта, каб пасля вяртання на радзіму расказаць сябрам пра сваё неверагоднае падарожжа і далёкую сінявокую краіну.

Наперадзе ў гасцей з сонечнай краіны яшчэ больш адкрыццяў. Сірыйская дэлегацыя адправіцца ў экскурсійнае падарожжа ў Мінск, Мір і Нясвіж, наведае аквапарк і дэльфінарый. А яшчэ дзяцей чакаюць творчыя конкурсы і вечары, майстар-класы, забаўляльныя праграмы, навуковае шоу, турыстычны злёт. Насычаная праграма нікому не дасць засумаваць у “Зубраняці”. Словам, зроблена ўсё магчымае, каб гасцям у нашай краіне было добра.

— Беларусь вельмі прыгожая краіна, і тут жывуць цудоўныя людзі. Мы бачым і адчуваем гэта кожны дзень, — кажа Лама Аід, педагог школы для дзяцей загінуўшых герояў. — Для нашых дзяцей такая магчымасць значыць вельмі шмат. Знаходжанне тут станоўча ўплывае на іх, дорыць ім велізарную радасць і задавальненне. І мы вельмі ўдзячны ўсім, дзякуючы каму трапілі ў гэтае неверагоднае месца, і ўсяму беларускаму народу за гасціннасць і дабрыню.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.