Ад школьнага парога шырокая дарога

- 10:01Адукацыйная прастора

1 верасня вучні 11 класа сярэдняй школы № 4 Навагрудка не адказвалі на пытанні. Яны іх задавалі. У фармаце адкрытага дыялогу тут адбылася сустрэча з першым намеснікам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Турчыным. Ганаровы госць наведаў сваю малую радзіму і родную школу, якую скончыў у 1992 годзе.

Аляксандр Генрыхавіч спачатку падышоў да дзвюх жанчын. Абняў і цёпла прывітаў сваю першую настаўніцу Раісу Канстанцінаўну Шклярэўскую і класнага кіраўніка Алену Іванаўну Саковіч. Ветэраны педагагічнай працы, уся школа ганарацца сваім былым вучнем. За сваю больш чым 50-гадовую працу школа выправіла ў дарослае жыццё больш за тры тысячы выпускнікоў. А.Г.Турчын, звяртаючыся да сённяшніх школьнікаў, падкрэсліў, як важна вяртацца да сваіх вытокаў, успомніць і ацаніць, што дае кожнаму малая радзіма.

Празвінеў першы званок новага навучальнага года, які далі першакласніца Дар’я Якубчык і адзінаццацікласнік Канстанцін Война, і вучні адправіліся на ўрок, прысвечаны Году малой радзімы, “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”.

У гэтым годзе ў 4-й навагрудскай школе будуць вучыцца 600 дзяцей, сярод іх 67 першакласнікаў. Тут створаны чатыры першыя класы, адзін з іх — з беларускай мовай навучання. Ганаровыя госці — першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксанадр Турчын, старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатолій Маркевіч, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч уручылі самым юным школьнікам падарунак ад прэзідэнта — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.

Атрымала ў гэты дзень падарункі і ўся школа — А.Г.Турчын ад імя ўрада перадаў на развіццё навучальнай установы сертыфікат на 10 тысяч рублёў, раённы выканаўчы камітэт падарыў камп’ютарны клас.

Менавіта аб тым, што краіне патрэбны інтэлект, ідэі маладых людзей, ішла размова на сустрэчы першага намесніка прэм’ер-міністра з адзінаццацікласнікамі.

— У нашай дзяржаве створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі маладых людзей. Стаяць амбіцыйныя задачы пабудовы ІТ-краіны, лічбавай эканомікі. І моладзь — гэта будучыня краіны, — сказаў А.Г.Турчын.

Дырэктар школы Антаніна Мазура правяла ганаровых гасцей па школе, пабывалі яны ў школьным музеі, дзе экскурсію вучні правялі на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. У гэтым годзе будуць весці свой расказ і на польскай мове. У падарунак Аляксандр Генрыхавіч атрымаў альбом, дзе сабраны яго школьныя фотаздымкі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.