Ад шматгалосся — да вакальнай ёгі

19 красавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум “Сучасныя метады і прыёмы фарміравання пеўчых навыкаў навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах”. Мерапрыемства сабрала больш за 50 педагогаў сярэдняй і дадатковай адукацыі вакальнага кірунку з розных рэгіёнаў краіны.

Як адзначыла ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў семінара-практыкуму намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Мікалаеўна Левіна, дзіцячая і маладзёжная вакальная творчасць займае асаблівае месца ў мастацка-эстэтычным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэта сапраўды вельмі вялікая дзялянка на полі мастацкай творчасці ў сістэме сярэдняй і дадатковай адукацыі: сёння ў адпаведных навучальных установах краіны працуюць 1410 аб’яднанняў па інтарэсах вакальнага кірунку, якія ахопліваюць 15 642 навучэнцаў. 42 калектывы маюць званне “ўзорны”, 3 — “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”: дзіцячая эстрадная студыя “Вясёлыя ноткі” цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва, эстрадная студыя “Росы” Цэнтра дадатковай адукацыі “Росквіт” Бабруйска і вакальна-эстрадны ансамбль “Буслік” Цэнтра дадатковай адукацыі “Ветразь” Мінска. Сённяшнія дзеці, асабліва гледзячы на шматлікія тэлевізійныя конкурсныя песенныя перадачы, вельмі прагнуць убачыць сябе на сцэне і ў гэтых самых тэлеперадачах, і задача педагогаў — улавіць найноўшыя тэндэнцыі ў развіцці дзіцячай вакальнай творчасці, адэкватна трансфармаваць метады і прыёмы навучання. Семінар-практыкум у НЦМТДіМ выявіў бязмежныя магчымасці ў гэтым сэнсе.

Калі першая частка форуму мела больш метадычна-кансультацыйны характар (загадчык метадычнага кабінета НЦМТДіМ Вольга Аляксееўна Кляцова засяродзілася на асаблівасцях распрацоўкі і рэалізацыі праграм навучання па вакале, а выкладчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Мікалаеўна Лігорская — на сутнасці спевака як вакаліста, музыканта і акцёра ў адной асобе і асноўных прыёмах навучання пеўчым навыкам), то другая частка ўяўляла сабой жывую карцінку канкрэтных метадычных напрацовак, якія наглядна прадэманстравалі на сваіх майстар-класах сённяшнія паспяховыя педагогі.

Так, сваім вопытам навучання пеўчым навыкам навучэнцаў малодшага і сярэдняга ўзросту падзялілася кіраўнік узорнай студыі “Мікс” сярэдняй школы № 161 Ірына Іванаўна Раманоўская. Сама назва студыі гаворыць пра тое, што яе кіраўнік не аддае перавагу нейкаму аднаму кірунку вакальнага мастацтва, а ставіць мэту навучыць дзяцей спяваць у розных манерах (народны вакал, эстрадны вакал, акадэмічны вакал). Цудоўны міні-канцэрт самых паспяховых навучэнцаў студыі стаў яркім таму пацвярджэннем. Ірына Іванаўна наглядна прадэманстравала многія нюансы сваёй педагагічнай практыкі, асобна спыніўшыся на такіх момантах, як “залатое правіла” дыяфрагмы, гарлавыя спевы, асаблівасці народнага, акадэмічнага і эстраднага гучання і інш. Адметна, што на свой майстар-клас Ірына Іванаўна прынесла цэлы набор прадметаў, якія дапамагаюць ёй у вучэбным працэсе: надзіманыя шарыкі, сіліконавую рукавічку, трубачку-пішчалку, бярушы, шкляначкі з-пад вітамінаў, пачак з соллю і інш. Між іншым кожны з гэтых немудрагелістых гаджэтаў мае сваё строгае прызначэнне і істотны эфект. Напрыклад, калі дзіця схільна больш не спяваць, а крычаць, яму трэба проста выкарыстаць бярушы, тады яго спевы стануць намнога чысцейшымі, а калі баліць горла, асабліва перад адказным канцэртам, няма больш дзейснага сродку, чым проста ўзяць ды рассмактаць перад выступленнем дробку звычайнай сталовай солі.

На праблеме пастаноўкі голасу засяродзілася на сваім майстар-класе кіраўнік народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Уладзіміраўна Лабанава, якая заўважыла, што нічога не развівае музычны слых і пеўчыя навыкі навучэнцаў лепш, чым шматгалоссе.

Самым экзатычным было на семінары-практыкуме выступленне кіраўніка творчай майстэрні “Трыумф” НЦМТДіМ Марыны Якаўлеўны Куцко і яе выхаванцаў, якія, акрамя некалькіх калектыўных канцэртных нумароў, паказалі практыкаванні ў стылі так званай вакальнай ёгі — сёння вельмі актуальнай методыкі навучання вакальным спевам, у прыватнасці майстэрству гукавымання.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *