Ад soft skills да майстар-класаў

- 9:40Адукацыйная прастора

Амаль 700 беларускіх студэнтаў прайшлі навучанне па дадатковых праграмах іх спецыяльнасцей у 12 універсітэтах Расіі. “Летні ўніверсітэт” праводзіўся з 4 па 18 ліпеня, а яго каардынатарам выступіў Пскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, які і прыняў найбольшую колькасць удзельнікаў — 150 чалавек. Праект закліканы ўмацоўваць сувязі студэнцкіх супольнасцей Расіі і Беларусі і павышаць прафесійны ўзровень моладзі Саюзнай дзяржавы.

Беларускіх студэнтаў прынялі ўніверсітэты ў 12 гарадах Расіі, у тым ліку ў Маскве, Сочы, Калінінгра­дзе, Уладзівастоку, Смаленску і Казані. Навучанне праходзіла амаль па 20 спецыяльнасцях — ад інжынерных навук і праграмавання да маркетынгу і дызайну. Асобныя праграмы былі прысвечаны гісторыі, філалогіі, сельскай гаспадарцы, біятэхналогіям і медыцыне.

Акрамя паглыбленых ведаў па будучых прафесіях, студэнты набылі навыкі сацыяльнага праектавання і soft skills. Таксама студэнтам выпала магчы­масць азнаёміцца з асаблівасцямі рэгіёнаў, дзе яны вучыліся.

У прыватнасці, камп’ютарны зрок і кібербяспеку вывучалі ў Казанскім Нацыянальным даследчым тэхнічным універсітэце імя А.М.Тупалева. Студэнтам паказалі рэальныя кейсы аўтаматызацыі вытворчасці і дапамаглі рэалізаваць уласныя праекты. А ў вольны час наведалі востраў-град Свіяжск.

Лічбавай трансфармацыі дзярж­кіравання былі прысвечаны заняткі ў Паўночна-Каўказскім федэральным універсітэце. Новыя падыходы раскрылі на прыкладзе “разумнага горада” Жалезнаводска. Гасцям Сібірскага федэральнага ўніверсітэта далі магчымасць пабываць у нацыянальным парку “Слупы”.

У Пскоўскім дзяржаўным універсітэце беларускія студэнты вучыліся па трох праграмах — па журналістыцы, філалогіі і гісторыі, а таксама шасці кірунках soft skills — сістэмнае мысленне, гнуткі інтэлект, эмацыянальны інтэлект, IT-тэхналогіі, работа ў камандзе, кіраванне праектам і прэзентацыя. Са студэнтамі займаліся эксперты з Пскоўскага ўніверсітэта і запрошаныя спікеры. Напрыклад, педагог па акцёрскім майстэрстве Настасся Каранцова дапамагла студэнтам праявіць сябе з творчага боку, вызначыць свой тэмперамент і характар. Студэнты прайшлі маўленчы трэнінг, вучыліся рабіць эмацыянальную разгрузку, спрабавалі сябе ў рэжысёрскай ролі. Дырэктар і заснавальнік “Школы будучых прэзідэнтаў” Аляксей Ільін расказаў удзельнікам аб дывергентным і крытычным мысленні праз інтэрактыўныя гульні. Лекцыі чыталі спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, кіраўнік Пскоўскай мітраполіі мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўскі Ціхан, дырэктар Інстытута Еўропы РАН Аляксей Грамыка, лінгвісты Антон Сомін і Уладзімір Пахомаў і іншыя эксперты. Беларускія студэнты разам з настаўнікамі распрацавалі сацыяльныя праекты, якія пазней рэалізуюць на радзіме.

Штодзень па вечарах студэнты цікава праводзілі вольны час: каталіся на цеплаходзе па рацэ, ездзілі з экскурсіямі па Пскове і Пушкінскіх гарах, займаліся плаваннем, танцамі, валейболам і іншымі відамі спорту, пабывалі на майстар-класах пскоўскіх майстроў па каліграфіі, жывапісе, кераміцы, гулялі з пскоўскімі студэнтамі ў настольныя гульні і бралі заняткі па вакале. Падчас цырымоніі закрыцця “Летняга ўніверсітэта”, якая прайшла ў Пскове, удзельнікі праекта паспелі здзейсніць масавы сплаў на SUP-бордах, а фіналам праекта стала відовішчнае авіяшоу.

“Летні ўніверсітэт — 2021” — гэта толькі пачатак. Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі на наступныя гады плануе пашырыць геаграфію праекта, павялічыць колькасць універсітэтаў-­удзельнікаў і запрасіць больш студэнтаў з краін постсавецкай прасторы, — адзначыла рэктар Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Ільіна. — Мы як універсітэт цалкам гатовы гэтую ініцыятыву падтрымаць. Гэта выдатны старт для ўсіх універсітэтаў-удзельнікаў, пачатак добрай традыцыі, якая, я ўпэўнена, зможа азнаёміць замежных студэнтаў з моцнымі бакамі расійскай адукацыі. Гэтым праектам мы хочам паказаць, наколькі сучасныя, міждысцыплінарныя, актуальныя праграмы мы даём”.

Святлана НІКІФАРАВА.