Ад старадаўняга тракту да сучаснага праспекта

Пераможцаў, Ракасоўскага, Пушкіна, Машэрава… У горадзе-героі Мінску каля дзясятка праспектаў, і самы старэйшы, самы вядомы сярод іх, безумоўна, праспект Незалежнасці. Заўсёды шматлюдны, з адметнай архітэктурай, ён па праву лічыцца галоўнай магістраллю сталіцы. Наведаць Мінск і не прайсціся па тратуарах яго цэнтральнай транспартнай артэрыі — тое ж самае, што прыехаць у Парыж і не ўбачыць Елісейскія палі.

Мясцовы або прыезджы?

Адрозніць мінчаніна ад сталічнага госця вельмі проста. Для гэтага не абавязкова правяраць у пашпарце месца рэгістрацыі, дастаткова прагуляцца некалькі хвілін па праспекце Незалежнасці. Калі чалавек ідзе з абыякавым тварам, не азіраецца на бясконцы паток аўтамабіляў, не падымае галавы, каб палюбавацца ляпнінай “сталінак”, то можна не сумнявацца — гэта мінчанін, прычым самы закаранелы. Зусім па-іншаму паводзяць сябе сталічныя госці. Кожны дом для іх, як унікальны экспанат, а праспект, як сапраўдны музей з багатай, рознатэматычнай экспазіцыяй.
Возьмем для прыкладу раздзел гандлёвай тэматыкі. Для аматараў шопінгу і смачнай ежы экспанатаў тут больш чым дастаткова: невялікія магазінчыкі з бясконцымі акцыямі і распродажамі, буйныя гандлёвыя цэнтры — ГУМ і ЦУМ, бары, кавярні, піцэрыі. Цікавыя аб’екты знойдуць і прыхільнікі ваеннай гісторыі. Гэта і плошча Перамогі, і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і Дом афіцэраў. Літаратурна-мастацкі раздзел прадстаўлены плошчай Якуба Коласа, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, дзясяткамі дамоў, у якіх жылі знакамітыя дзеячы літаратуры і мастацтва, пра што сведчаць мемарыяльныя шыльды на фасадах будынкаў. Адным словам, для кожнага прахожага галоўны праспект сталіцы падрыхтаваў адметную экскурсійную праграму.
Для навучэнцаў сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска, якая знаходзіцца непадалёк ад праспекта за будынкам філармоніі, такіх экскурсійных праграм распрацавана дзве: “Сталінскі ампір — скарб галоўнага праспекта сталіцы” і “Залатая Горка: старонкі гісторыі аднаго раёна”. Менавіта так называюцца даследчыя работы, створаныя юнымі краязнаўцамі гэтай установы адукацыі пад кіраўніцтвам настаўнікаў англійскай мовы Андрэя Валер’евіча Жураўскага і гісторыі Аляксандра Анатольевіча Зайцава.

Рымскія калоны і грэчаскія вазы

Напэўна, ні ў адным іншым горадзе былога СССР не захавалася столькі будынкаў, узведзеных у сталінскім ампіры. Велічныя, пампезныя, яны спалучылі ў сабе элементы барока, ампіру пачатку ХІХ стагоддзя, позняга класіцызму. Менавіта так характарызуе гэты стыль савецкай архітэктуры пасляваеннага часу Вікіпедыя. Аднак гэтае азначэнне далёка не поўнае. Разгледзім для прыкладу Палац прафсаюзаў. Яго масіўныя калоны нагадваюць будынкі Старажытнага Рыма, а вось ляпніна пераносіць ужо ў залы шляхецкага палаца, узведзенага ў перыяд рамантычнага ХІХ стагоддзя. Калі спусціцца ад Палаца прафсаюзаў у бок плошчы Перамогі і прагуляцца ўздоўж парку імя Янкі Купалы, то можна здзейсніць незвычайнае падарожжа ў старадаўнюю Грэцыю і палюбавацца аб’ёмнымі вазамі — прыкладна такія любілі ствараць эліны. Злева антычная Грэцыя, справа — сучасныя аўтамабілі… Адным словам, прагулка даўжынёй у адзін-два кіламетры — і незвычайнае падарожжа ў часе гарантавана.
Калі навучэнцы Андрэя Валер’евіча Жураўскага даследавалі архітэктуру цэнтральнай часткі праспекта, то пад кіраўніцтвам Аляксандра Анатольевіча Зайцава было праведзена даследаванне кварталаў паміж праспектам Незалежнасці, вуліцамі Гікалы, Берасцянскай і Казлова. У выніку ў 2009 годзе была створана работа “Залатая Горка: старонкі гісторыі аднаго раёна”, якая неаднаразова прадстаўлялася на раённых і гарадскіх канферэнцыях.
— Падчас пошукаў малавядомых фактаў з гісторыі горада вывучаліся архіўныя матэрыялы, праводзілася анкетаванне насельніцтва, гутаркі са старажыламі, адбываўся пошук схем, планаў, фотаздымкаў, адбываўся іх параўнальны аналіз. Актуальнасць нашага даследавання бясспрэчная, паколькі і цяпер амаль не існуе сістэматызаванага матэрыялу, прысвечанага канкрэтна Залатой Горцы. У гістарычнай і навукова-папулярнай літаратуры можна знайсці толькі ўрывачныя звесткі пра раён, які непасрэдна прымыкае да праспекта Незалежнасці, — гэта Камароўка і Залатая Горка, — дзеліцца Аляксандр Анатольевіч.
Па словах настаўніка, у ранейшыя часы Камароўка і Залатая Горка былі працоўнымі ўскраінамі, дзе пражывалі ў асноўным дробныя рамеснікі і чорнарабочыя. Многія жыхары не мелі свайго жылля і здымалі “кут” або “ложак”. У адным памяшканні нярэдка пражывалі па 2-3 сям’і. Пітная вада ў калодзежах была дрэннай якасці, таму нядзіўна, што Камароўка лічылася месцам, адкуль па горадзе распаўсюджваюцца інфекцыйныя захворванні. Жылая забудова ў раёне вуліцы былой Захар’еўскай (сучасны праспект Незалежнасці) была прадстаўлена аднапавярховымі драўлянымі дамамі, вуліцы былі небрукаваныя. Спробы змяніць такую сітуацыю прымаліся неаднойчы. Напрыклад, у 1892 годзе праводзіліся мерапрыемствы па асушэнні брудных вуліц, забаранялася ўзводзіць масты з бярвення, шчыльна будаваць дамы. Нават у 50-я гады мінулага стагоддзя каля цэнтральнага праспекта сталіцы было шмат драўляных дамоў, небрукаваных вуліц, а ў дварах пасвіліся козы і каровы.
— Цікавым было месца на рагу Захар’еўскай і Чырвонай вуліц, так званы Конны рынак, дзе прадавалі свойскіх жывёл. Рынак размяшчаўся на месцы квартала ў трыкутніку паміж праспектамі Машэрава, Незалежнасці і вуліцай Чырвонай, — адзначыў настаўнік.
У сярэдзіне 50-х гадоў на тагачасным праспекце Сталіна ўзводзяцца 5-6-павярховыя будынкі. Да 1956-га набыла агульныя рысы плошча Якуба Коласа (былая Камароўская). Сучасны выгляд ёй быў нададзены пасля будаўніцтва Белдзяржфілармоніі ў 1963 годзе і ЦУМа ў 1964 годзе. У цэнтры плошчы сквер, дзе ў 1972 годзе быў пастаўлены помнік народнаму пісьменніку (скульптар З.Азгур, архітэктары Ю.Градаў, Г.Заборскі, Л.Левін). Кампазіцыйнай дамінантай на плошчы Якуба Коласа па-ранейшаму з’яўляецца былы будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, узведзены яшчэ ў 1939 годзе (архітэктары А.Брэгман, А.Воінаў).
— Гэта калі гаварыць коратка пра архітэктурныя адметнасці мікрараёна школы. Багаты матэрыял даследчай работы выкарыстоўваецца на класных, інфармацыйных гадзінах, а дзякуючы праведзенаму даследаванню вучні па-іншаму паглядзелі на звычныя для іх мясціны, — адзначыў Аляксандр Анатольевіч.

Услед за птушкамі

Пасля наведвання 19-й школы стала зразумела, што прыведзены ў пачатку матэрыялу спосаб адрознення мінчан ад гасцей сталіцы недасканалы. Чалавек, які падчас прагулкі па праспекце любуецца адмысловай архітэктурай будынкаў, не абавязкова павінен быць замежным турыстам або жыхаром райцэнтра. Гэта можа быць і карэнны мінчанін, у прыватнасці, навучэнец або педагог сярэдняй школы № 19. “…А яшчэ 23-й гімназіі”, — адзначыла дырэктар установы Ніна Іванаўна Нікіціна, дадаўшы, што падчас гутаркі з педагогамі ўстановы адукацыі можна не толькі азнаёміцца з адметнасцю архітэктуры “сталінак”, але і паглядзець на праспект і прылеглыя да яго вуліцы з вышыні птушынага палёту. І для гэтага зусім не абавязкова залазіць на дах аднаго з дамоў або пралятаць над горадам на верталёце. Дастаткова завітаць у гімназічны музей Савецкага раёна сталіцы і азнаёміцца з яго багатай экспазіцыяй.
— Афіцыйна наш музей адкрыўся 1 верасня 2003 года. Ідэйная задума экспазіцыі прадугледжвае паказ гістарычнага мінулага, баявых і працоўных дасягненняў Савецкага раёна ў розныя перыяды гісторыі, жыцця прадпрыемстваў, адлюстраванне жыцця сучаснай моладзі, якая стварае гісторыю. Савецкі раён — адзін з самых маладых, кожны чацвёрты жыхар раёна — малады чалавек ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў, — гаворыць кіраўнік музея Ганна Сяргееўна Сасноўская.
Гадзіна і дваццаць хвілін — менавіта столькі Ганна Сяргееўна расказвала пра адметнасці Савецкага раёна, паказвала фотаздымкі знакамітых людзей, лёс якіх быў звязаны з гэтым куточкам сталіцы. Багаты, грунтоўны і цікавы матэрыял… Аднак гэта ўжо тэма для іншага матэрыялу, а пакуль што нас цікавіць толькі праспект. Таму не адкладваючы, як кажуць, у доўгую скрыню, абяцаны Нінай Іванаўнай незвычайны палёт, адпраўляемся ўслед за птушкамі, а калі гаварыць больш дакладна і прыземлена, падыходзім да арыгінальнага папярова-фанернага макета, на якім, як на далоні, увесь Савецкі раён. Дзясяткі дамоў, тысячы вокнаў, у некаторых з якіх, калі прыглядзецца, нават гарыць святло. Макет унікальны, яго маштаб цалкам вытрыманы ў адпаведнасці з правіламі архітэктуры. Здаецца, ты сапраўды пралятаеш над праспектам, Залатой Горкай, Камароўкай. Аднак для максімальнага адчування рэальнасці палёту не хапае бясконцага аўтамабільнага шуму — неад’емнага атрыбута сучаснага праспекта Незалежнасці. Старонняму чалавеку можа падацца, што гэты шум перашкаджае вучэбнаму і выхаваўчаму працэсу ў 23-й гімназіі. На самай справе, пастаянны рух аўтамабіляў за вокнамі настройвае на работу, на актыўнасць, што пацвярджае плённы ўдзел гімназістаў у алімпіядах, конкурсах, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва ўстановы з расійскімі, кітайскімі, украінскімі партнёрамі.

“Усходнія вароты”

Калі адметнасцю той часткі праспекта, якая праходзіць праз Савецкі раён, з’яўляюцца будынкі 50 — 60-х гадоў, то суседні Першамайскі раён — гэта ўжо і “Усходнія вароты” (мікрараён Усход-1), і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, і сучасны офіс аднаго з мабільных аператараў, і Батанічны сад, і парк Чалюскінцаў. А яшчэ гэта вёскі Вялікая і Малая Сляпня, напамінам пра якія з’яўляюцца пладовыя дрэвы, што сустракаюцца ў дварах сучасных шматпавярховак. Больш падрабязна пра гарадское, а таксама вясковае жыццё на галоўным праспекце краіны раскажуць у музеі Першамайскага раёна, які размяшчаецца на базе сярэдняй школы № 163.
Першапачаткова экспазіцыя размяшчалася ў іншым будынку, у галерэі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна “АРТ”, і яе стварэнне было прымеркавана да 30-годдзя развіцця адукацыі ў Першамайскім раёне. Праз 10 гадоў у экспазіцыі з’явілася новае месца прапіскі — сярэдняя школа № 163, з якой установа дадатковай адукацыі падтрымлівае цесныя стасункі. Супрацоўнікамі аддзела экалогіі і краязнаўства і кіраўніцтвам адміністрацыі цэнтра быў падрыхтаваны тэматыка-экспазіцыйны план экспазіцыі, сумесна з педагогамі і творчымі калектывамі ўстаноў адукацыі раёна праведзена плённая пошукавая работа. Вывучаліся пісьмовыя крыніцы, даследаванне праводзілася на прасторах інтэрнэту, ладзіліся сустрэчы з цікавымі людзьмі, актыўная работа вялася з грамадскімі арганізацыямі, прадпрыемствамі. У выніку сабраны багаты матэрыял пра гісторыю Першамайскага раёна, біяграфіі людзей, чые імёны носяць вуліцы, складзены летапіс жыцця вёсак, якія ў другой палове ХХ стагоддзя ператвараліся ў сталічныя мікрараёны.
Усе экспанаты размяшчаюцца ў наступных раздзелах: “Рубяжы важных падзей”, “Кіраўнікі раёна”, “Гісторыя адукацыі раёна”, “Адміністрацыйна-тэрытарыяльная струк-тура раёна”, “Іх імёнамі названы вуліцы”, “Эканоміка раёна”, “Навуковы патэнцыял”, “Грамадскія арганізацыі”, “Памяць сэрца”, “Імі ганарыцца раён”, “Станаўленне сістэмы адукацыі”, “Сістэма аховы здароўя”, “Спартыўныя дасягненні”, “Сацыякультурныя аб’екты”.
Як паведаміла кіраўнік музея Алена Аляксандраўна Плёнкіна, да 1812 года тэрыторыя, якую сёння займае Першамайскі раён, знаходзілася ва ўладаннях Радзівілаў. Пасля вайны 1812 года іх землі былі перададзены Ваньковічам. Гэтаму роду належала і частка Старабарысаўскага тракту — сённяшняга праспекта Незалежнасці. Тракт пачынаўся ад поймы Свіслачы і заканчваўся ў раёне Камароўскай Слабодкі. Так было да 16(сайт0сярэдзіны 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Пазней межы горада пашырыліся да трамвайнага кальца з канцавой станцыяй “Выстава” (у раёне сучаснай плошчы Калініна знаходзілася выстава прамысловых дасягненняў). Тут шумеў векавы бор, дзе гараджане любілі збіраць грыбы і ягады. Да вайны актыўна вялося добраўпарадкаванне гэтай часткі Мінска. У 1932 годзе быў заснаваны Батанічны сад, які ў 1967-м атрымаў статус навукова-даследчага інстытута. У час вайны бамбёжкі абмінулі калекцыі экзатычных раслін, аднак акупанты ўсё ж вывезлі ў Германію ўнікальны гербарый. Пазней сасновы лес у межах горада ператварыўся ў парк культуры і адпачынку, якому далі імя Чалюскінцаў (у гонар маракоў аднайменнага парахода, на якім яны вырваліся з ледзянога палону Арктыкі. Сярод герояў быў і мінчанін Аляксандр Міронаў, які пасля арктычных прыгод стаў пісьменнікам).
У той часткі праспекта, якая знаходзіцца на тэрыторыі Першамайскага раёна, таксама ёсць адметнае архітэктурнае аблічча. Гэта ў першую чаргу мікрараён Усход. Узведзены ў канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў, ён і да сённяшняга часу не страціў прывабнасці і гарманічнасці. Сапраўдным упрыгожаннем праспекта сталі яркія мазаікі на тарцах 16-павярховых будынкаў, створаныя народным мастаком Беларусі заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Аляксандрам Кішчанкам. Гэта пано “Горад-воін”, “Горад навукі”, “Горад культуры” і “Горад-будаўнік”. Сапраўднай архітэктурнай жамчужынай Мінска стаў будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
— Дарэчы, вось фотаздымкі гэтых аб’ектаў, хоць, канечне, лепш самому паглядзець на гэты шэдэўр архітэктуры і мастацтва. Дарэчы. Не кожны ведае, што з’яўленню мікрараёна Усход-1 або “Залатых” ці “Усходніх варот” Мінска папярэднічалі інтрыгі і скандалы ў архітэктурных колах горада. І Георгію Сысоеву, кіраўніку аўтарскага калектыву, і мастаку Аляксандру Кішчанку неаднаразова даводзілася адваёўваць свае ідэі. Першая з мазаік “Горад-воін” распавядае мовай сімволікі (а гэта далоні рук, якія абараняюць травінку, фігуры трубача, сейбіта і жанчыны з васількамі, якая сустракае воінаў-пераможцаў) аб гераічнай барацьбе Мінска-воіна, Мінска-падпольшчыка. На мазаіцы “Горад навукі” адлюстравана развіццё навукі, рух думкі ад старажытнасці да эпохі асваення космасу. Мазаіка “Горад-будаўнік” праз фігуры архітэктараў, рабочых, студэнтаў раскрывае тэму стваральнай працы мінчан. Завяршае цыкл мазаіка “Горад культуры”. Тут і фальклорны ансамбль, і фігуры, якія ўвасабляюць розныя віды мастацтва, і гусляр як сімвал вытокаў нацыянальнай культуры. Сімвалам велічы, урачыстасці працы, навукі і творчай думкі з’яўляюцца намаляваныя на ўсіх чатырох мазаіках яркія дугі, падобныя на вясёлкі, і трыумфальныя аркі. На кожнай сцяне, у самым буйным медальёне па цэнтры, фігура маці з хлопчыкам-падлеткам. Сюжэт алегорыі запазычаны са старажытнага герба Мінска. З цягам часу горад узмужнеў, таму замест немаўляці тут паказаны падлетак. Дарэчы, цяпер разглядаецца пытанне аб уключэнні архітэктурнага комплексу праспекта Незалежнасці ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — расказвае Алена Аляксандраўна Плёнкіна.
Канечне, праспект Незалежнасці варты ўключэння ў гэты ганаровы спіс. Не ведаю, як для супрацоўнікаў адміністрацыі ЮНЕСКА, а для нас, мінчан, карэнных і не вельмі, гэта самая любімая, самая прыгожая магістраль. Ды і як не любіць праспект, калі вечаровае сонца хаваецца за будынкам Нацыянальнага банка і асвечвае рымскія калоны Палаца прафсаюзаў мяккім святлом. Тыя ў сваю чаргу нібыта знарок пачынаюць гуляць з зімовымі промнямі, пускаючы настолькі доўгі цень, што з першага погляду складана вызначыць, дзе ён заканчваецца. А сярод калон велічнай аркі будынка Акадэміі навук у гэты час можна наогул заблукаць.

Цэлае жыццё

Даўжыня самага галоўнага сталічнага праспекта складае каля 15 кіламетраў. Калі ўлічыць, што за гадзіну чалавек праходзіць у сярэднім 3 кіламетры, то для пешага падарожжа ад плошчы Незалежнасці да крайніх дамоў мікрараёна Уручча спатрэбіцца мінімум 5 гадзін. Гэта калі ісці як карэнны мінчанін: хуценька, не азіраючыся па баках, з абавязкова заклапочаным тварам. Калі ж прагульвацца па праспекце як госць сталіцы або замежны турыст, спыняючыся амаль на кожным кроку ды яшчэ пры гэтым фата-графуючы ўсе дамы, то для падарожжа спатрэбіцца дні два-тры. Гэта для адных людзей, для іншых — два-тры гады, а для некаторых і цэлае жыццё, за якое ўсё роўна адметнасці цэнтральнага праспекта сталіцы не будуць да канца спазнаны.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.