Ад свідравальнага станка да электрагітары

- 14:53Адукацыйная прастора, Рознае
Трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні на Міншчыне прайшоў сёлета на базе Жодзінскага прафесійнага ліцэя, гаспадары якога стварылі ўдзельнікам спаборніцтваў камфортныя ўмовы для работы і адпачынку. Дарэчы, гэта 10-я па ліку, юбілейная, абласная алімпіяда. Акрамя ўласна алімпіядных тураў, навучэнцы наведалі з экскурсіямі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “БелАЗ” і “Світанак”, азнаёміліся з дзейнасцю навучальных устаноў горада. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 85 навучэнцаў, сярод якіх 44 дзяўчыны (20 — прадстаўнікі малодшай групы, 24 — старэйшай) і 41 юнак (20 — малодшай групы, 21 — старэйшай). З іх 21 чалавек — навучэнцы сельскіх школ, 13 — прадстаўнікі навучальных устаноў новага тыпу: ліцэяў і гімназій, 3 навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі.

Традыцыйна алімпіяда праходзіла ў тры туры: практычны, на які адводзілася чатыры гадзіны (паўгадзіны — на складанне тэхналагічнай карты, а астатні час — непасрэдна на выкананне вырабу), тэарэтычны (на працягу гадзіны навучэнцам прапаноўваліся тэарэтычныя заданні і разліковыя задачы) і абарона творчых праектаў, якія суправаджаюцца тлумачальнай запіскай. Дзяўчаты і хлопцы падзяліліся на дзве ўзроставыя групы: старэйшую, у якую увайшлі вучні 10-11 класаў, і малодшую, якая ўключала школьнікаў 8-9 класаў.
Сёлетняя абласная алімпіяда мела свае асаблівасці. Так, у адрозненне ад мінулых гадоў, калі заяўлялася абавязковая тэма творчых праектаў (“Мая Радзіма — Беларусь”) і ад навучэнцаў патрабавалася ўнесці пэўны нацыянальны аспект, сёлета пэўная тэма не была заяўлена і дзеці ў свабоднай форме выбіралі напрамак сваёй работы. Абарона творчых праектаў з’яўляецца бадай што адным з самых цікавых і захапляльных тураў на алімпіядзе, бо адкрываецца ўнікальная магчымасць паглядзець на вялікую колькасць вырабаў, выкананых у розных тэхніках, куды ўкладзена душа не толькі дзіцяці, але і яго настаўнікаў, бацькоў. Гэты тур з’яўляецца своеасаблівым дамашнім заданнем (калі навучэнцы рыхтуюць пэўныя вырабы дома). Дзяўчаты ў асноўным займаюцца апрацоўкай тканіны, рукадзеллем, дэкаратыўным афармленнем жылля (праекты былі выкананы ў розных тэхніках: бісерапляценне, вышыўка, скрапбукінг, батык, вязанне кручком і інш). Юнакі прывезлі вырабы з драўніны, паколькі гэта найбольш тэхналагічна пластычны матэрыял, з металу, аб’екты тэхнічнай творчасці. Хлопцы прадставілі развіццёвыя дзіцячыя цацкі, прычым дастаткова самабытныя — выкананыя на аснове беларускіх традыцый і аснашчаныя механікай. Вучнёўскія праекты вылучаліся разнастайнасцю інтарэсаў — ад свідравальнага станка да электрагітары і дзіцячай калыскі.
Тэарэтычны тур складаўся з 25 пытанняў, адказваючы на якія навучэнцам неабходна было прадэманстраваць глыбокае веданне матэрыялу школьнай праграмы. Так, пытанні для дзяўчат уключалі веды амаль па ўсіх раздзелах падручніка: раслінаводства, кулінарыя, матэрыялазнаўства і інш. Для хлопцаў — веданне інструментаў, тэхналогій вырабу, станочнага абсталявання і г.д.
Заданне практычнага тура было абумоўлена навагодняй тэматыкай. Малодшай групе хлопчыкаў прапаноўвалася зрабіць сувенірную мадэль цацкі — коніка з металу на драўлянай падстаўцы, старэйшай групе — драўлянага коніка на драўлянай падстаўцы, а страмёны і сядло вырабіць з металу. Дзяўчатам прапаноўвалася работа з тканінай з выкарыстаннем розных тэхнік. Малодшая група шыла чахол для мабільнага тэлефона з ільняной тканіны і аздабляла яго вышыўкай на канве і карункамі. Дзяўчаты старэйшай групы выконвалі закладкі для кнігі з канвы з элементамі вышыўкі.
Важным з’яўляецца тое, што заданнi тэарэтычнага і практычнага тураў накiраваны не на простую дэманстрацыю ведаў і ўменняў, а на прымяненне гэтых ведаў i ўменняў для вырашэння тэхнiка-тэхналагiчных задач. Гэта дазваляе ўдзельнiкам алiмпiяды прадэманстраваць i прымянiць на практыцы свае творчыя здольнасцi.

Па словах члена журы алімпіяды метадыста вучэбна-метадычнага аддзела прыродазнаўчых і тэхналагічных дысцыплін МАІРА Вольгі Станіславаўны Базыльчык, дзяўчаты добра справіліся з заданнямі тэарэтычнага і практычнага тураў. Абарона праектаў у дзявочых групах таксама праходзіла на высокім узроўні. Дзяўчаты былі падрыхтаваны, дакладна і паслядоўна выкладалі свае думкі. Сёлета праекты былі дастаткова разнастайныя. Навучэнкі прадставілі работы, якія падтрымліваюць нашы нацыянальныя традыцыі (ручнікі, вясельныя камплекты ў традыцыйнай тэхніцы, сталовыя камплекты, абярэгавыя кампазіцыі). Захапленне журы выклікалі праекты “Неразлучнікі”, “Салодкае натхненне”, “Ружовы жэмчуг”. У кожнай рабоце прысутнічаў элемент унікальнасці, непаўторнасці. Тлумачальныя запіскі былі складзены на дастаткова высокім узроўні ў старэйшых дзяўчынак. Дзесьці яны і не адпавядалі патрабаванням, аднак тэхналагічныя аспекты, графічная дакументацыя была правільна аформлена. Малодшая група з году ў год паказвае лепшыя вынікі. Вялікіх разрываў паміж вынікамі не было, аднак пераможцы выявіліся адразу.
“Абласны этап алімпіяды арганізаваны на высокім узроўні, — адзначыў старшыня журы, загадчык кафедры механікі матэрыялаў і дэталей машын Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Віктар Мікалаевіч Асновін. — Сумаваць навучэнцам не даводзілася: акрамя алімпіядных тураў, для іх была арганізавана вялікая культурная праграма, заняткі спортам. Удзельнікі алімпіяды прадэманстравалі глыбокія веды, мэтанакіраванасць і ўпартасць. Прычым юнакам не толькі трэба было паказаць, як яны ўмеюць працаваць у сталярнай і слясарнай майстэрні, а дзяўчатам — як яны віртуозна спраўляюцца з іголкай і нажніцамі, а і прадэманстраваць наяўнасць мастацкага густу, веды па планіметрыі, геаметрыі, фізіцы, прамоўніцкае майстэрства. На тэарэтычным туры большасць удзельнікаў алімпіяды паказала грунтоўныя веды. Цяжкасці выклікалі заданні па раздзелах, якім у вучэбнай праграме адводзіцца мала часу, альбо пытанні, якія толькі між іншым разглядаюцца ў дапаможніку.
Юнакі падышлі сур’ёзна падрыхтаванымі да практычнага тура. Прычым некаторыя навучэнцы зрабілі мадэлі правільна, захоўваючы геаметрычныя памеры. Яны прадэманстравалі ўменне працаваць з драўнінай і металам. 50 — 60 працэнтаў работ выкананы хлопцамі на высокім узроўні.
Правяраючы тлумачальныя запіскі творчых праектаў, у адной з іх я знайшоў словы: Не запрещай себе творить, пусть иногда выходит криво, твои нелепые мотивы никто не в силах повторить”. Кожнае тварэнне было індывідуальным, кожны выраб быў па-свойму цікавым, арыгінальным. І ў гэтым плане вялікая заслуга настаўнікаў, якія прывілі цікавасць, і бацькоў, якія падтрымлівалі. Мяне вельмі ўразілі адносіны дзяцей да гэтай творчасці. У нашых навучэнцаў — высакародная матывацыя: дапамагчы маме пры зборы клубніц (крэсельца з сакрэтам), дзядулю на пчальніку, маладой маме зака-лыхаць дзіця (калыска).
І калі тлумачальныя запіскі праектаў былі крыху горшыя за мінулагоднія (менш разгорнутыя, часам не поўнасцю была прадстаўлена інфармацыя аб творчым праекце і тэхналагічная карта не адлюстроўвала тую работу, якую навучэнец выконваў), то самі вырабы парадавалі членаў журы. У будучым школьнікам трэба звярнуць увагу на падрыхтоўку тлумачальнай запіскі. У ёй павінны быць адлюстраваны актуальнасць тэмы, графічнае выяўленне, тэхналагічная карта. Неабходна таксама звярнуць увагу на фармулёўку вынікаў работы і эканамічную мэтазгоднасць работы. Па выніках спаборніцтваў у юнакоў былі вялікія разрывы паміж набранымі баламі”.

На трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні школьнікі Міншчыны заваявалі 37 дыпломаў, з іх 7 дыпломаў І ступені, 11 — ІІ, 19 — ІІІ. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі васьмікласніца Цімкавіцкай сярэдняй школы імя К.Чорнага Капыльскага раёна Марына Нікалаеня (Г.У.Федаровіч), навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Ксенія Скрыба (І.Ф.Арол), навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 2 Дзяржынска Наталля Старжынская (настаўніца Н.Л.Кардаш), дзевяцікласнік Гразоўскай сярэдняй школы Капыльскага раёна Мікіта Нікалаеня (І.В.Дубіна), дзесяцікласнік гімназіі № 1 Валожына Аляксандр Біцель (А.А.Кербедзь), адзінаццацікласнік клецкай сярэдняй школы № 1 Ігар Новік (Д.М.Маляўка), навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Сячко Аляксандр Хаміцэвіч (А.С.Вярбіцкі). Па колькасці набраных дыпломаў лідзіруюць Дзяржынскі раён (5 дыпломаў), Вілейскі (5 дыпломаў), Салігорскі (5 дыпломаў), Жодзіна (4 дыпломы).
Як адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага аддзела прыродазнаўчых і тэхналагічных дысцыплін МАІРА Наталля Іосіфаўна Панфілава, сярод пераможцаў трэцяга этапу алімпіяды — дастаткова вопытныя навучэнцы, якія неаднойчы прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Паспяхова і стабільна выступаюць прадстаўнікі навучальных устаноў Слуцка, Вілейкі, Нясвіжа, Барысава, Валожына, Маладзечна. Школьнікі, якія маюць вопыт удзелу ў алімпіядзе, адрозніваюцца ад “навабранцаў” тым, што выкарыстоўваюць дастаткова цікавую форму прадстаўлення творчых праектаў. Яны суправаджаюцца мультымедыйнамі прэзентацыямі, музыкай, песнямі, танцамі і г.д. Радуе, што навучэнцы маюць не толькі навыкі ўдзелу ў алімпіядным руху, але і сацыяльнага вопыту.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і ўдзельнікі алімпіяды.

Марына Нікалаеня, навучэнка 8 класа Цімкавіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна, уладальніца дыплома І ступені:
— Для мяне самым складаным на алімпіядзе было прадставіць свой праект перад журы, а таксама скласці тлумачальную запіску на практычным туры. На конкурс творчых праектаў я прадставіла ансамбль у стылі рэтра, які складаецца з сарафана і шляпкі. Яшчэ ў другім класе захапілася рукадзеллем — рабіла ігольніцу. Потым сястра навучыла рабіць ланцужок з паветраных пяцелек, і я пачала вязаць. Сваімі слушнымі парадамі ў гэтай справе мне дапамагала бабуля. Да алімпіяды я рыхтавалася са сваёй настаўніцай Ганнай Уладзіміраўнай Федаровіч. Мы чыталі тэарэтычны матэрыял, самі складалі тэсты і выконвалі іх — так лягчэй запаміналася. У будучыні я планую звязаць сваё жыццё з працоўным навучаннем: хачу паступіць у каледж на тэхнолага швейнай справы.

Наталля Старжынская, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 2 Дзяржынска, уладальніца дыплома І ступені:
— У алімпіядзе я ўдзельнічаю ўжо ў чацвёрты раз і таму хвалявалася не так, як упершыню. Тэарэтычныя заданні былі не вельмі складанымі. Цяжкасці адчула на практычным туры ў складанні тэхналагічнай карты. На творчы тур я прадставіла сталовы камплект, які называўся “Салодкае натхненне” і складаўся з абруса, сурвэтак (вялікай, аб’ёмнай і маленькіх), на якіх былі вышыты кексікі, трымальнікаў для сурвэтак. Камплект быў выкананы ў жоўта-белым колеравым рашэнні.
З шостага класа я займаюся рукадзеллем. Мая настаўніца — Наталля Леанідаўна Кардаш. Падрыхтоўка да алімпіяды вялася амаль кожны дзень. Думаю, у будучыні набытыя навыкі спатрэбяцца мне ў жыцці.

Лізавета Красінская, навучэнка 9 класа гімназіі № 1 Жодзіна, уладальніца дыплома ІІ ступені:
— Я ўжо мела вопыт удзелу ў абласной алімпіядзе. У мінулым годзе атрымала дыплом ІІ ступені і прайшла на рэспубліку. Сёлета на алімпіядзе я прадстаўляла праект “Сямейны абярэг — неразлучнікі”. Яго я зрабіла ў падарунак сваім бацькам на пятнаццатую гадавіну вяселля. Не зусім задаволена сваім выступленнем на практычнай частцы алімпіяды. Да спаборніцтваў мне дапамагала рыхтавацца мая настаўніца — Наталля Аляксандраўна Караленка. Дома я вывучала тэарэтычны матэрыял, рыхтавалася да тэстаў, а ў школе, каб падрыхтавацца да практычнага тура, мы складалі тэхналагічныя карты, выконвалі заданні мінулагодніх алімпіяд. Заняткі праходзілі некалькі разоў на тыдзень па 1-2 гадзіны.

Іван Зялінскі, навучэнец 11 класа Лашанскай сярэдняй школы Мінскага раёна, уладальнік дыплома ІІ ступені:
— На гэтай алімпіядзе самым складаным для мяне падаўся практычны тур, асабліва металічны выраб. Мне не хапіла часу, каб зрабіць яго да канца. Са мной займаецца мой настаўнік Андрэй Якаўлевіч Кур’янаў пры падтрымцы дырэктара школы Лідзіі Васільеўны Івінскай. На туры творчых праектаў я прадстаўляў калыску для нованароджанага — месца, дзе дзіцятка будзе знаходзіцца паўгода свайго жыцця. Гэтую калысачку мне неяк параіла зрабіць бабуля. Яна больш зручная і функцыянальная, чым звычайны ложак. Тут ёсць месца для мамы дзіцяці ці іншага чалавека, які будзе прыглядаць за ім.
Працоўным навучаннем захапіўся дзесьці ў 7 класе. Спачатку мяне цікавілі невялікія рэчы: зрабіць указку ці выпаліць штосьці на дрэве, а потым ужо больш сур’ёзныя. Хачу стаць праграмістам, а захапленне працоўным навучаннем — для душы.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.