Пад такім дэвізам на базе сярэдняй школы № 1 Драгічына прайшоў метадычны фестываль, каардынатарам якога выступіла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.І.Сілюк. Праект сабраў прафесіяналаў, тых, хто знаходзіцца ў пастаянным пошуку, актыўна ўкараняе інавацыі і ахвотна дзеліцца творчымі здабыткамі з калегамі.
Усваім выступленні Н.І.Сілюк адзначыла, што ў раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца кадраваму забеспячэнню адукацыйнай галіны, бо гэта — асноўная ўмова якаснай адукацыі. Амаль 94% педагогаў Драгічыншчыны маюць вышэйшую адукацыю, а 70% настаўнікаў — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Сістэма метадычнай работы ў раёне накіравана на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. З гэтай мэтай дзейнічаюць 34 вучэбна-метадычныя аб’яднанні, 9 творчых груп, праблемная група, 2 пастаянныя семінары, 5 кансультацыйных пунктаў і даследчая лабараторыя. Праводзіцца індывідуальная работа з кадрамі, праходзяць кансультацыі па пытаннях атэстацыі. Каб не пакідаць сам-насам са сваімі праблемамі маладых спецыялістаў, у раёне працуе Школа маладога настаўніка.
Сучаснага педагога немагчыма ўявіць без валодання інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Сёння ў раёне 47% настаўнікаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ.
На Драгічыншчыне шмат таленавітых педагогаў. Так, настаўніцы рускай мовы і літаратуры С.І.Хілько з сярэдняй школы № 2 Драгічына і Т.А.Багатырова з Антопальскай сярэдняй школы ўзнагароджаны прэміямі Брэсцкага аблвыканкама. Дзякуючы прафесійным дасягненням настаўніцы хіміі Н.Г.Крыцкай з сярэдняй школы № 1 Драгічына, гэтая ўстанова летась увайшла ў лік лепшых школ краіны па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі. Вучні педагога з’яўляюцца прызёрамі абласных алімпіяд па хіміі, набіраюць больш за 90 балаў на ЦТ.
Добрым прыкладам паспяховай рэалізацыі ў прафесіі з’яўляецца настаўнік-метадыст А.Б.Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына. У 2013 годзе яна стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года” і фіналістам заключнага этапу спаборніцтва. А.Б.Пратасевіч — адзін з актыўных членаў клуба “Крыштальны журавель”. Яна задзейнічана ў сістэме павышэння кваліфікацыі педагогаў не толькі раёна, але і краіны, праводзіць вялікую работу з маладымі настаўнікамі.
Адным з прыемных момантаў фестывалю стала ўзнагароджанне найбольш актыўных настаўнікаў за значны асабісты ўклад у арганізацыю метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі. Сярод іх — намеснікі дырэктара гімназіі Драгічына А.В.Арлінская, сярэдняй школы № 2 Драгічына Г.П.Гардзяйчук, Пярковіцкай сярэдняй школы Г.А.Арцёменка, Ліпніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя М.М.Папова А.А.Савульчык, Радастаўскай сярэдняй школы С.У.Назарчук, Асавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Д.Э.Мелібоева, Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Р.І.Церашкевіч, а таксама настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 1 Драгічына А.Б.Пратасевіч.
Цікавымі і змястоўнымі былі выступленні педагогаў. Так, настаўніца пачатковых класаў Гутаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Г.В.Кочык прэзентавала праект “Логіка і творчасць”, а настаўніца абслуговай працы гімназіі Драгічына А.В.Стасюк, выхаванцы якой неаднаразова перамагалі ў творчых конкурсах і прадметных алімпіядах, падзялілася напрацоўкамі па стварэнні ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне розных відаў самастойнай работы.
Карысным было выступленне настаўніцы інфарматыкі гімназіі Драгічына С.П.Жаландзеўскай. Педагог вывучае воблачныя тэхналогіі і магчымасці іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
Яркія і незабыўныя ўражанні пакінула прэзентацыя работы Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які ўзначальвае Л.І.Еўчык. Дырэктар зрабіла экскурс у гісторыю ўстановы, расказала пра дасягненні калектыву, а выхаванцы цэнтра падарылі ўсім прысутным радасныя імгненні ад творчых нумароў. Зала апладзіравала Аляксандры Міневіч і Ксеніі Ялец з гуртка “Мяккая цацка” (кіраўнік Н.М.Барадзінчык), Кацярыне Саенка, пераможцы конкурсу “Сузор’е юных талентаў”, Ягору Мацкевічу з вакальнай студыі (кіраўнік А.У.Голік), танцавальнаму гурту пад кіраўніцтвам І.А.Цыганчук, уладальніку дыплома ІІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет” (намінацыя “Харэаграфія”).
Практычная частка фестывалю складалася з майстар-класаў, падрыхтаваных вопытнымі педагогамі раёна. Так, метадыст раённага ВМК В.П.Боева азнаёміла аўдыторыю з метадамі нейтралізацыі супраціўлення навучанню. Тэмай майстар-класа настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына А.Б.Пратасевіч стаў алгарытмічны падыход у навучанні матэматыцы. Аб прымяненні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі на ўроках гісторыі і ў пазакласнай рабоце па прадмеце расказала настаўніца гісторыі гімназіі Драгічына Т.Я.Салавейка. На майстар-класе настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 1 Драгічына А.М.Нерад педагогі вучыліся працаваць з інтэрактыўнай дошкай, а калегі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Асавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Г.В.Ярмоцык далучыліся да духоўнай спадчыны беларусаў праз танец кракавяк і народны абрад “Радзіны”.
Метадычны фестываль падарыў педагогам магчымасць абмяняцца цікавым вопытам, натхніцца на дасягненне новых вяршынь у практычнай дзейнасці. Настаўнікі спадзяюцца, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі.
Валянціна ВАЛАШЧУК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму
Драгічынскага райвыканкама.