Ад унутранай прыгажосці да прэстыжу прафесіі

- 10:54Людзі адукацыі

Алена Аляксандраўна Джэрэн, метадыст Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, сама з’яўляецца выпускніцай гэтай навучальнай установы. У 2007-м яна скончыла каледж, атрымаўшы магчымасць працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Пачынаючы педагог працягнула навучанне, ужо завочна, у Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Руская філалогія”. Паралельна з вучобай працавала ў Ветрынскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у вёсцы Быкаўшчына Полацкага раёна. Там сябе выдатна зарэкамендавала, была перспектыва стаць намеснікам дырэктара. Сёння ў родным каледжы, акрамя метадычнай работы, Алена Аляксандраўна выкладае сусветную дзіцячую літаратуру будучым выхавальнікам дзіцячых садоў. Акрамя таго, яна захоплена навуковай дзейнасцю і “запальвае” сваім прыкладам калег-выкладчыкаў.

Якім сёння павінен быць педагог каледжа? Чаму вучоная ступень для выкладчыка сярэдняга адукацыйнага звяна — гэта ўжо неабходнасць? Што змянілася ў падыходах у падрыхтоўцы будучых настаўнікаў, якія заканчваюць каледж? Чаму ўсё новае ў педагогіцы павінна быць у тандэме з ужо апрабаванымі методыкамі? Пра гэта і не толькі наша размова з Аленай Аляксандраўнай Джэрэн.

Алена Аляксандраўна Джэрэн падчас выставы ў Мінску, 2021г.

“Мне цікавая педагогіка ў любым яе праламленні”

— Метадыстам я стала не адразу, быў вопыт і іншага кірунку. Мая прафесійная дзейнасць пачалася ў школе-інтэрнаце ў Быкаўшчыне, дзе я працавала па размеркаванні. Спачатку маральна было складана, але вельмі цікава працаваць. Дзеткі там асаблівыя, у мяне быў свой клас, я яго выпусціла як класны кіраўнік. Я да гэтага часу падтрымліваю кантакт са сваімі былымі навучэнцамі, якія ўжо даўно сталі дарослымі людзьмі і стварылі свае сем’і, але мы захоўваем добрыя адносіны. Гэтую працу нельга параўноўваць ні з якой іншай, яна цяжкая, напружаная, эмацыя­нальна затратная, але ад яе і велізарная аддача — у выглядзе незвычайна цёплых і па-сапраўднаму сяброўскіх адносін паміж выхаванцамі і педагогамі. Сённяшняя мая дзей­насць больш звязана з паглыбленымі ведамі тэорыі педагогікі. Каб быць кампетэнтнай, трэба шмат чы­таць, вывучаць новы матэрыял, — пачынае Алена Аляксандраўна.

Метадычная работа ў каледжы прадугледжвае цесны прафесійны кантакт з выкладчыкамі. Большая частка іх ва уста­нове мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 39 маюць вучоную ступень магістра, 15 педагогаў у гэтым навучальным годзе сталі магістрантамі. Відавочна, што большасць калег-выкладчыкаў Алены Аляксандраўны — з вялікім педагагічным стажам і вопытам работы, таму як метадыст яна прад’яўляе да сябе сур’ёзныя патрабаванні.

— Метадыст у каледжы ў нас толькі адзін па штаце, у дапамогу мне працуе лабарант. А кожны выкладчык унікальны: у кожнага — свае характар, стыль і вопыт работы, да іх, як і да навучэнцаў, патрэбен індывідуальны падыход. Але самае складанае — гэта быць аналітыкам педагога, у якога ты сама калісьці вучылася азам педмайстэрства, — дзеліцца асаблівасцямі сваёй работы метадыст.

Але далікатную сітуацыю атрымліваецца пераадолець, калі да адпрацаваных класічных методык дадаць новыя метады і прыёмы, іншымі словамі, надаць звыклым ведам сучасную абалонку, тады і вынік будзе выдатным, і ўсе будуць задаволены такім супрацоўніцтвам.

— У гэтым годзе навукова-метадычныя распрацоўкі нашых педагогаў былі адзначаны дыпломам 1-й ступені на ХІХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая праходзіла на мінулым тыдні ў Мінску. Гэта наш трэці вопыт удзелу ў аналагічным мерапрыемстве, мы ўжо былі дыпламантамі 1-й і 2-й ступені.

Магістры, кандыдаты — запыт сённяшніх рэалій

Дарэчы, на пасадзе метадыста Алена Аляксандраўна працуе пяты год. І на нейкім этапе адчула, што без навуковай дзейнасці не абысціся. Прадметам яе навуковых інтарэсаў з’яўляюцца вывучэнне і аналіз узаемадзеяння кале­джа і ўніверсітэта ў плане спалучэння вучэбных праграм, а дакладней — “Фарміраванне прафесійнай кампетэнцыі навучэнцаў педагагічнага каледжа ў рамках кластара “каледж-універсітэт”.

— Мне важна паказаць пераем­насць гэтых дзвюх навучальных устаноў з улікам таго, што нашы выпускнікі пасля заканчэння каледжа могуць працягнуць сваю адукацыю ва ўніверсітэце. Іншымі словамі, я цікаўлюся бесперапыннай педагагічнай адукацыяй, і калі гэта адзіная сістэма, то яна павінна працаваць, як га­дзіннік: вучэбныя праграмы павінны спалучацца і дапаўняць адна адну. Трэба выкарыстоўваць каледж як месца навучання, дзе закладваюцца тэарэтычныя асновы і практычная база. Па праграме кале­джа прадугледжваецца вялікая колькасць гадзін практычных заняткаў, і гэта трэба выкарыстоў­ваць найлепшым чынам. А ва ўніверсітэце павінна працягнуцца фарміраванне ма­дэлі будучага педагога, паглыбляцца і дапаўняцца тэарэтычныя веды, — працягвае Алена Аляксандраўна.

Па яе словах, ва ўстанове адукацыі навукова-дасле­дчая работа сёння пастаўлена на даволі высокі ўзровень. Выкладчыкі і навучэнцы кале­джа ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях універсітэта. Самыя папулярныя канферэнцыі праходзяць у рамках так званых машэраўскіх чытанняў, і часам маладое пакаленне “абыхо­дзіць” больш дасведчаных калег, дзякуючы крэатыўнасці і свежаму погляду на прадмет.

— Калі гаварыць пра мой навуковы вопыт, то ступень магістра я абмінула, адразу паступіла ў аспірантуру РІПА, — расказвае А.А.Джэрэн. — З гэтай установай адукацыі на працягу некалькіх гадоў мы актыўна супрацоўнічалі праз метадычныя семінары, якія я праводзіла для калег нашага профілю з іншых рэгіёнаў. Ёсць задума супрацоўнічаць з РІПА яшчэ больш цесна, у новым праекце наш каледж стане эксперыментальнай пляцоўкай: бу­дзем працаваць над стварэннем адзінага адукацыйнага рэсурсу.

Універсітэт пастаянна запрашае да супрацоўніцтва, і, працуючы ў каледжы, педагогі маюць выдатную базу для творчасці і прымянення сваіх ідэй на практыцы. Акрамя таго, на мой погляд, выкладчык каледжа апрыёры павінен быць больш кампетэнтным, чым школьны настаўнік, бо мы рыхтуем будучых педагогаў і павінны быць на галаву вышэй. І гэта пацвяр­джае вопыт калег. Так, у мінулым годзе мы заключылі 5 дагавораў аб су­працоўніцтве з некалькімі ўстановамі адукацыі нашага профілю з Расіі. Там ужо стала практыкай, што педагогі каледжаў маюць ступені магістраў і кандыдатаў навук.

Настаўнік — прафесія будучыні

Змяніліся з цягам часу і патрабаванні да выпускнікоў каледжа, павысілася планка да набору іх кампетэнцый і ўменняў.

— Наш каледж выпускае будучых настаўнікаў па чатырох спецыяльнасцях. Сённяшнія выпускнікі каледжа на самай справе ў некалькі разоў павінны больш ведаць, чым мы ў свой час! У сучасным варыянце веды па прадмеце трансліруюцца праз камунікацыйныя тэхналогіі, і будучы настаўнік павінен умець карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі, інтэрактыўнымі тэхналогіямі, прымяняць мабільны тэлефон на занятках, запаўняць электроны дзённік і г.д. Вельмі прыемна, што нашымі выпускнікамі задаволены работадаўцы, іх хваляць, адзначаюць іх годны ўзро­вень падрыхтоўкі.

Мы ганарымся тым, што ў нас 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў-бюджэтнікаў, сёлета мы нават прапаноўвалі выпускнікам з платных аддзяленняў першае працоўнае месца.

Вялікае значэнне мае той факт, што каледж нацэлены вучыць будучага спецыяліста праз вялікую колькасць практычных заняткаў. Менавіта на практыцы наш навучэнец разумее, ці тую ён прафесію выбраў, ці справіцца з ёй, калі прыйдзе час працоўнай дзейнасці. Па выніках мінулага года ў нас было 11 выпускнікоў, якія атрымалі дыпломы з адзна­кай, — працягвае Алена Аляксандраўна.

Акрамя настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнікаў замежнай мовы, музычных работнікаў дашкольнай адукацыі, выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, каледж выпускае на камерцыйнай аснове спецыялістаў турыстычных агенцтваў — турагентаў і экскурсаводаў. Але апошняя спецыяльнасць з наступнага навучальнага года закрываецца, на яе змену прыйдзе іншая — “Арганізацыя гасцінічных паслуг”, а рыхтаваць каледж будзе спецыялістаў па гасцінічным бізнесе.

— Але ўсё ж наш галоўны акцэнт зроблены на будучых настаўніках. І нават на нашай старонцы ў Instagram у шапцы профілю напісана, што “мы рыхтуем лепшых настаўнікаў для дзяцей Беларусі”. І гэта не пустыя словы. Наш каледж адзін з найстарэйшых у краіне — у наступным годзе навучальная ўстанова адзначыць 150-годдзе. У свой час каледж, а тады яшчэ педагагічнае вучылішча, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і насіў ганаровае “імя Францыска Скарыны”, нашага знакамітага земляка і перша­друкара. У гэтых лепшых традыцыях мы і рыхтуем будучыя кадры для беларускай адукацыі, расстаўляючы правільныя акцэнты не толькі ў ведах, але і ў маральным абліччы будучага настаўніка. А гэта заўсёды дасягаецца толькі асабістым прыкладам выкладчыка. Я ўпэўнена, што добры настаўнік заў­сёды будзе ў спісе галоўных прафесій і ў будучыні, бо менавіта ён закліканы закласці асновы маральнасці ў падрастаючым пакаленні, — падагульняе Алена Аляксандраўна Джэрэн.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва Алены Джэрэн.