Ад урока традыцыйнага — да кампетэнтнасна-арыентаванага

ІІ Адкрытая навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя з міжнародным удзелам “Педагагічная навука і адукацыйная практыка” дала магчымасць сталічным педагогам падзяліцца сваімі напрацоўкамі, папоўніць новымі метадамі і прыёмамі педагагічную скарбонку, абмеркаваць набалелыя пытанні. Некаторыя цікавыя моманты з вопыту работы настаўнікаў мы прапануем вашай увазе.

Фота да матэрыялу: Ад урока традыцыйнага — да кампетэнтнасна-арыентаванага.

Па сінгапурскай методыцы

Апошнія гады шмат настаўнікаў спрабуе перайсці ад традыцыйнага ўрока да ўрока інавацыйнага, кампетэнтнасна-арыентаванага. Пры традыцыйнай мадэлі вынікам навучання з’яўляецца ўзровень засваення навучэнцамі аб’ёму інфармацыі, які вызначаецца вучэбнай праграмай. У інавацыйнай мадэлі важны сам працэс, дзе настаўніку неабходна навучыць школьніка вучыцца, здабываць веды самастойна, несці адказнасць за ўласнае навучанне. Настаўнік сёння не адзіная крыніца ведаў, а кансультант, рэжысёр, фасілітатар. У выніку традыцыйныя формы арганізацыі ўрока, у большай ступені франтальныя і індывідуальныя, ужо неэфектыўныя. Актуальнай становіцца работа ў камандзе, групе, пары.

Па словах настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 6 Мінска Вольгі Антонаўны Салауі, адной з методык, якая максімальна спрыяе фарміраванню ключавых кампетэнцый XXI стагоддзя, з’яўляецца сінгапурская. У яе аснове ляжаць прынцыпы навучання ў супрацоўніцтве. Кожны член групы выконвае свой аб’ём работы, прымяняючы атрыманыя веды для выканання калектыўнага задання, і робіць свой уклад у стварэнне агульнага новага прадукту. Праз узаемадзеянне навучэнцы вучацца працаваць у камандзе, адчуваць сябе важнай часткай цэлага, браць на сябе адказнасць, разумеючы, што агульны поспех залежыць і ад іх укладу.

— Гэта набор інструментаў-структур, з якіх настаўнік, як з кубікаў LEGO, выбудоўвае ўрок, — тлумачыць Вольга Антонаўна. — Усяго больш за 250 структур, аднак часта ўжываецца каля 20. Неабавязкова ўсе этапы ўрока павінны складацца менавіта з гэтых структур, можна іх прымяняць на адным або некалькіх этапах. Ёсць структуры, якія дазваляюць арганізоўваць работу ў парах, камандай-чацвёркай або цэлым класам. Навучэнцы ўстаюць, рухаюцца па класе, шукаюць новых партнёраў, каб данесці свой кавалачак інфармацыі, падзяліцца тымі ведамі, якія яны здабылі, абмяняцца думкамі. Гэта структуры “Фінк-райт-раўнд робін”, “Ол райт раўнд робін”, “Раўнд тэйбл”, мадэль Фрэера. На працягу ўсіх зносін сярод умоў, абавязковых для выканання, — неабходнасць вітаць партнёраў, хваліць, падтрымліваць у выпадку няправільнага адказу. Так закладваецца ўменне слухаць і чуць, дапаўняць і даносіць свой пункт гледжання, паважаючы суразмоўцаў. Гэта значыць, няспынна выпрацоўваюцца кампетэнцыі камунікацыі, а таксама фарміруецца адказнасць за ўласнае навучанне.

Сінгапурская методыка высокаэфектыўная і для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Існуе цэлая група структур, якія робяць акцэнт на развіцці крэатыўнасці. Напрыклад, у мадэлі Фрэера матэрыял разглядаецца з розных бакоў, якія не маюць дачынення да вывучаемай тэмы, што забяспечвае глыбіню разумення праз нестандартнасць мыслення, а “Фо бокс сінтэкціс” — гэта вучэбная структура, якая дапамагае разгледзець якую-небудзь тэму (канцэпцыю) з розных бакоў шляхам складання аналогій.

У краме арфаграм

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 40 Мінска Анжэла Міхайлаўна Бічэўская асаблівую ўвагу ўдзяляе развіццю арфаграфічнай пільнасці праз гульнявыя практыкаванні, заснаваныя на розных формах работы з чыстым тэкстам і тэкстам, якія малодшыя школьнікі ўспрымаюць на слых, а затым запісваюць у сшытак (рукарухальны фактар з’яўляецца таксама немалаважным).

— Калі праводзіла вусныя апытанні навучэнцаў у сваім класе, прысутнічала на вучэбных занятках па рускай мове ў сваіх калег, неаднаразова пераконвалася, што большасць навучэнцаў дастаткова добра і нават выдатна ведае правілы рускай мовы. Аднак падчас выканання практычных заданняў, напісання дыктантаў, твораў або пераказаў многія дзеці з тых, хто ведае спосабы праверкі напісання, дапускаюць памылкі. Чаму навучэнцы ведаюць правіла, але пішуць з памылкамі? Адказ адзін: яны не бачаць арфаграм! Не ведаюць, дзе трэба прымяніць дадзенае правіла. Адсутнасць арфаграфічнай пільнасці або недастатковая яе сфарміраванасць з’яўляецца галоўнай прычынай памылак, якія навучэнцы дапускаюць у сваіх работах, — заўважае настаўніца.

А.М.Бічэўская прапануе дзецям шэраг гульнявых практыкаванняў, сярод якіх “Крама арфаграм”.

Варыянт 1. На дошцы запісваюцца словы з рознымі арфаграмамі. Настаўніца прапануе купіць словы, у якіх ёсць арфаграма… Навучэнцы ў сваіх сшытках запісваюць словы з дадзенай арфаграмай. Работа можа праводзіцца і вусна.

Варыянт 2. На дошцы запісваюцца словы з рознымі арфаграмамі. Настаўніца падкрэслівае 5—8 слоў і кажа, што яна прадае словы з… арфаграмай. Навучэнцы запісваюць у свае сшыткі толькі тыя словы, у якіх ёсць дадзеная арфаграма. Педагог можа падабраць усе словы правільна, можа дадаць словы-пасткі. Далей яна паведамляе навучэнцам, што сёння ў краме арфаграм праводзіцца акцыя і яны могуць дакупіць (дапісаць) словы з такой жа арфаграмай. Падобная работа часам праводзіцца вусна.

Варыянт 3. Работа праводзіцца франтальна. Настаўніца прапануе дзецям купіць у яе краме слова. Для гэтага навучэнец выбірае любое слова, называе, якая арфаграма (арфаграмы) ёсць у гэтым слове, у якой частцы слова яна знаходзіцца, і падбірае, калі гэта магчыма, праверачныя словы. Калі навучэнец усё правільна сказаў, значыць, слова куплена.

Усяго ў калекцыі А.М.Бічэўскай 33 распрацаваныя гульнявыя практыкаванні і 2 гульні, складзеныя ў праграме PowerPoint. Іх выкарыстанне не толькі дазваляе развіваць арфаграфічную пільнасць малодшых школьнікаў, але і дапамагае зняць напружанне і страх у навучэнцаў, а таксама стварае станоўчы эмацыянальны настрой падчас вучэбных заняткаў.

Хімічныя гульні

Гульнявыя тэхналогіі прыходзяць на дапамогу і настаўніцы хіміі гімназіі № 146 Мінска Таццяне Львоўне Бабарыка. Яны даюць магчымасць фарміраваць вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі (авалодваць прыёмамі дзеяння ў нестандартных сітуацыях, эўрыстычнымі метадамі вырашэння праблем), рабіць цікавай і захапляльнай не толькі работу на творча-пошукавым узроўні, але і ўласна на ўроках хіміі.

— Займальнасць умоўнага свету гульні робіць эмацыянальна афарбаванай манатонную дзейнасць па запамінанні, паўтарэнні, замацаванні або засваенні інфармацыі, а эмацыянальнасць гульні актывізуе ўсе псіхічныя працэсы і функцыі дзіцяці. Іншым станоўчым бокам гульні з’яўляецца тое, што яна спрыяе выкарыстанню ведаў у новай сітуацыі, — адзначае настаўніца.

Шматлікія гульні, якія прымяняе педагог на сваіх уроках, даволі разнастайныя: настольныя (рэбусы, крыжаванкі, чайнворды), дыдактычныя (праводзяцца для абагульнення ведаў пра канкрэтныя рэчывы і іх уласцівасці, для фарміравання канкрэтных элементарных паняццяў аб прыродзе), дзелавыя (спрыяюць паглыбленню, замацаванню вучэбнага матэрыялу, дазваляюць наладжваць узаемасувязі ў прыродзе), інтэлектуальныя гульні-задачы на кемлівасць (шарады, галаваломкі, загадкі). Таццяна Львоўна выкарыстоўвае гульні экалагічнага характару, калі дзеці выступаюць у ролі эколагаў, дырэктараў прадпрыемстваў і вырашаюць экалагічныя праблемы. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў дасягаецца праз цікавы сюжэт гульні, асабісты ўдзел дзяцей.

Часта ва ўрок хіміі настаўніца ўключае дзелавую гульню. Напрыклад, гэта гульня-падарожжа. Так, пры вывучэнні тэмы “Атамы. Хімічныя элементы” яна прапануе дзецям падзяліцца на экіпажы караблёў, што ляцяць у космас, і ахарактарызаваць тыя хімічныя элементы, якія можна сустрэць у космасе. Дзелавая гульня развівае ў дзяцей фантазію, але фантазію рэальную, заснаваную на набытых ведах, вучыць разважаць, параўноўваць, даказваць, расказваць.

Гульні лёгка ўключаюцца ў методыку выкладання хіміі ў 7 класе. Яны ўводзяць дзіця ў свет чалавечых дзеянняў і адносін, тым самым замацоўваючы нормы зносін у калектыве, спрыяюць развіццю асобы, асноў яе тэарэтычнага мыслення. Урокі з прымяненнем гульняў прыносяць радасць, захапляюць навучэнцаў, падштурхоўваюць да пошукавай дзейнасці, пераадолення праблемнай сітуацыі, знаходжання самастойнага рашэння.

Сэрвісы Web 2.0 на гісторыі

Настаўніца гісторыі гімназіі № 32 Мінска Алена Іванаўна Шараева для павышэння якасці выкладання свайго прадмета выкарыстоўвае сэрвісы Web 2.0.

— Падрастаючае пакаленне ўжо з ранняга дзіцячага ўзросту прывыкае атрымліваць інфармацыю ў новай форме, пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў (камп’ютара, планшэта, тэлефона, тэлевізара і г.д.), а ў школе мы выкарыстоўваем традыцыйныя формы падачы інфармацыі (кнігі, аповед настаўніка), — гаворыць Алена Іванаўна. — Нашы навучэнцы часам не здольны ўспрымаць інфармацыю ў той форме, у якой яна падаецца педагогам, і не разумеюць, як яны могуць выкарыстоўваць гэтую інфармацыю ў штодзённым жыцці. Вырашэнне праблемы бачыцца ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, якія дазваляюць хутчэй і зручней працаваць з інфармацыяй, планаваць сваю работу. Усё гэта можна ажыццявіць пры выкарыстанні сэрвісаў Web 2.0. У адрозненне ад першага пакалення сэрвісаў яны даюць магчымасць карыстальнікам, якія былі раней толькі чытачамі і гледачамі інфармацыі ў інтэрнэце, стаць яе аўтарамі, рэдактарамі, удзельнікамі — сумесна працаваць і размяшчаць у сетцы любую інфармацыю. Настаўнік можа выкарыстоўваць розныя сэрвісы і складаць зручныя яму і яго навучэнцам практыкаванні, а можа прыцягваць да стварэння гатовага прадукту сваіх выхаванцаў.

Вывучэнне сусветнай гісторыі пачынаецца ў 5 класе, і перад настаўнікам ставіцца задача не толькі дапамагчы вучням засвоіць вялікі аб’ём інфармацыі, але і сфарміраваць шэраг уменняў, без якіх немагчыма далейшае асэнсаванне гістарычнай інфармацыі. У гэтым педагогу дапамагаюць інтэрактыўныя модулі LearningApps — сэрвіс дазваляе распрацоўваць розныя практыкаванні для замацавання і самакантролю ведаў і адпрацоўкі ўменняў. Пры дапамозе інтэрактыўных модуляў былі створаны практыкаванні на класіфікацыю, засваенне гістарычных паняццяў, адпрацоўку картаграфічных і храналагічных уменняў.

Як правіла, спасылкі на створаныя заданні А.І.Шараева размяшчае ў сваім блогу. Часта яна прапануе навучэнцам выканаць практыкаванні дома ў якасці неабавязковага задання і тым самым праверыць, наколькі ўважліва яны прачыталі матэрыял параграфа, чаму неабходна было ўдзяліць больш увагі. На старонках блога настаўніца таксама пакідае спасылкі на прэзентацыі, дакументы якіх выкарыстоўваліся на ўроках (дарэчы, для публікацыі прэзентацый выкарыстоўваюцца сэрвісы Slideshare, Calomeo, Google Docs). Праглядаючы гэтыя матэрыялы, навучэнцы могуць успомніць, што рабілі на ўроках, а гэта таксама спрыяе лепшаму засваенню інфармацыі.

— Выкарыстанне рэсурсаў Web 2.0 дазваляе арганізаваць больш якаснае выкананне навучэнцамі дамашняга задання. Першапачаткова менавіта з гэтай мэтай я стварыла блог “Рыхтуемся да ўрокаў”, дзе спачатку размяшчала спасылкі на розныя інтэрнэт-рэсурсы, якімі могуць карыстацца навучэнцы пры падрыхтоўцы. Пазней блог стаў месцам, дзе можна знайсці спасылкі, патрэбныя не толькі навучэнцам, але і настаўніку для хуткай падрыхтоўкі да ўрока, — тлумачыць Алена Іванаўна. — Пры дапамозе блога я хацела арганізаваць віртуальныя зносіны паміж мной і вучнямі. Аднак гэтыя зносіны атрымаліся аднабаковымі. Пакуль мае навучэнцы не спяшаюцца пакідаць для мяне пытанні ці каментарыі. Праз блог я нагадваю сваім навучэнцам пра тэматычны кантроль, які плануецца, прапаную ўспомніць тыя пытанні, якія разбіраліся ў рамках пройдзенай тэмы. Дзеці перасталі баяцца праверачных работ, і адзнакі ў іх павысіліся.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.