Ад усмешкі стане ўсім святлей

- 16:35Нашы дзеці

Старт акцыі “Нашы дзеці” быў дадзены 10 снежня 2018 года. Навучэнцы, педагогі, работнікі нашай установы адукацыі не засталіся ўбаку і на працягу месяца дарылі радасны навагодні настрой усім, хто меў патрэбу ў дапамозе, хто проста знаходзіцца побач. Інфармацыя аб кожным дні акцыі размяшчалася на сайце ўстановы.

Праведзены шэраг акцый па зборы навагодніх падарункаў для дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў Іўеўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, навучэнцаў пачатковых класаў “Кошык радасці”, “Цуды на Каляды”, “Чырвоная рукавічка”, “Навагодні падарунак”, “11 клас — дзецям”.

Навучэнцы — валанцёры Чырвонага Крыжа наведалі выхаванцаў Іўеўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, перадалі сабраныя падарункі і павіншавалі з Новым годам. Навучэнцы 10 і 11 класаў уручылі свае падарункі малодшым школьнікам каля навагодняй елкі. Падарыць камусьці радасць і ўсмешку — гэта так прыемна і проста. У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” навагоднія падарункі былі ўручаны шматдзетнай сям’і Нехвядовіч, у якой выхоўваецца чацвёра дзяцей. Цікава было атрымаць “навагодні зімовы яблык” з рук Дзеда Мароза (аперацыя “Зімовы яблык”), а пажаданні — з кошыка Снягуркі (акцыя “Я хачу пажадаць сабе ў Новым годзе”).

Навучэнцы змаглі праявіць творчасць у навагодніх майстэрнях “Навагодні школьны класс”, “Раз — сняжынка, два — сняжынка”, “Маска, маска, карнавал”, “Навагодні цуд сваімі рукамі”.

Дзеці са шматдзетных сем’яў, адораныя дзеці ўзялі ўдзел у абласным і раённым навагодніх дабрачынных святах. Так, навучэнка 9 класа Маргарыта Шыбут пабывала на абласным навагоднім дабрачынным свяце. Маргарыта — пераможца раённага конкурсу работ даследчага характару, неаднаразовы пераможца II этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дыпламант абласнога конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Хрустальная Альфа”.

Навучэнцы сярэдніх класаў падарылі навагодняе свята самым маленькім — выхаванцам дашкольнай групы дзіцячага сада. Навучэнцы 5 і 6 класаў правялі ў дашкольнай групе дзіцячага сада гульнявыя праграмы “Цуды на Каляды”, “Няхай свята да кожнага прыйдзе”, “Зімовае свята”. Малышы адчулі сябе казачнымі персанажамі: падпявалі Снягурцы, пляскалі ў ладкі, танчылі.
Весела былі арганізаваны флэшмобы “Навагоднія радасці” і “Настрой? Клас!!!”.

Каб быць міласэрным і здзяйсняць высакародныя ўчынкі, проста весяліцца, не трэба валодаць ніякімі звышнатуральнымі здольнасцямі і мець пад рукой модныя гаджэты. Падарыць усмешку нават незнаёмаму чалавеку, падтрымаць у цяжкую хвіліну можа кожны — і тады ў свеце стане крышачку цяплей і святлей.


Ірына РАШКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.