Ад вайны да вайны

Днямі ў Мінску прэзентавалі маштабны культурна-гістарычны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава “Вайна і мір. Беларусь памятае”, прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Праект складаецца з некалькіх экспазіцый, якія дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа ў жорсткіх войнах з 1812 па 1945 год, а таксама мірныя гады і сучаснасць. “Перамога стваралася не толькі з 1941 па 1945 год: бацькі і дзяды герояў Вялікай Айчыннай вайны былі героямі Першай сусветнай, а іх дзяды і прадзеды — героямі вайны 1812 года. Гэты ланцужок, па якім перадавалася любоў да Радзімы, і будзе паказаны ў новым праекце, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Вайна 1812 года, Першая сусветная вайна і міжваенныя перыяды — падзеі, якія сфарміравалі характар і стрыжань народа, што дазволілі выстаяць у гады ліхалецця. Мы хочам нагадаць, якія выпрабаванні вытрымалі наша зямля і нашы продкі, што, дзякуючы іх подзвігу, сёння мы жывём у мірнай краіне”.

Ігар Іванавіч расказаў, што праект бу­дзе прадстаўляць пяць часавых перыядаў: 1812, 1814—1914, 1914—1918, 1920—1940 і 1941—1945 гады. “Іх мы пакажам на розных выставачных пляцоўках. Думаю, праект бу­дзе папаўняцца і 9 мая, калі будзе маштабнае святкаванне юбілейнай даты, стане пляцоўкай, якая аб’яднае ўсе нашы экспазіцыі. Мы спадзяёмся, што праект зацікавіць і маладое пакаленне”, — дадаў ён.

Неад’емнай часткай усіх выставачных пляцовак стануць юбілейная дата Вялікай Перамогі і прэзентацыя кніг з унікальнымі фотаматэрыяламі. “Першая кніга, якая будзе дэманстравацца на ўсіх выставах, — гэта зборнік дакументальных апавяданняў “Родники памяти” Аляксандра Карлюкевіча і Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, — патлумачыў намеснік міністра інфармацыі. — У кнізе праз гістарычныя дакументы адлюстраваны тыя разбурэнні, якія былі нанесены ў час вайны нашай краіне”.

Усе экспазіцыі праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” будуць заснаваны на матэрыялах, сабраных знакамітым гісторыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. “Майму праекту “У пошуках страчанага” ўжо 16 гадоў, у яго межах выдадзена 27 кніг. Амаль усе яны падыходзяць для гэтага праекта, бо заснаваны на маёй калекцыі старых фатаграфій і паштовак, літаграфій канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, — расказаў Уладзімір Аляксеевіч.

Першая выстава праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” адкрылася 21 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Яна расказвае пра падзеі 1812 года. На ёй прадстаўлены арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў нямецкага мастака-баталіста Фабера дзю Фора, па малюнках якога пазней зрабілі шмат гравюр і паштовак. Таксама дэманструюцца літаграфіі па карцінах вядомага мастака-баталіста Васіля Верашчагіна. Па іх можна прасачыць шлях Напалеона да Масквы і ўцёкі яго арміі праз Бярэзіну, Ашмяны, Смаргонь. Прыемным сюрпрызам для прысутных на адкрыцці выставы стала дэгустацыя стравы, якая з’яўляецца традыцыйнай у Беларусі з часоў Напалеона, ад Алены Мікульчык — аўтара кнігі “Смак беларускай кухні”. “Тэма вайны і міру была актуальная і ў кулінарным свеце, бо, як ні парадаксальна, такія трагічныя падзеі ўзбагачалі культуру, у тым ліку і кулінарную, — сказала Алена Мікульчык. — Кожная вайна пакідала спадчыну і традыцыі, у тым ліку і заваёўнікаў. І калі гаварыць пра вайну 1812 года, то ў наступныя дзесяцігоддзі расійская і беларуская кухні адчувалі ўплыў французскай”.

Астатнія выставачныя пляцоўкі плануецца арганізоўваць сумесна з вядучымі музеямі і бібліятэкамі краіны. Так, праз месяц адкрыецца экспазіцыя ў Нацыянальным гістарычным музеі. “Разам з Уладзімірам Ліхадзедавым мы хутка адкрыем цікавую нестандартную выставу, у якой звернем больш увагі на тэму рэстытуцыі — вяртання і выратавання тых каштоўнасцей, якія некалі былі вывезены з тэрыторыі Беларусі як у гады вайны, так і ў мірны час, — анансаваў ды­рэктар музея Павел Сапоцька. — Па выніках выставы будзе выдадзены альбом у межах праекта “У пошуках страчанага” Уладзіміра Ліхадзедава. Акрамя таго, наш музей сёлета арганізуе і іншыя праекты, прысвечаныя Вялікай Перамозе. Мы рыхтуем выставу сумесна з Музеем-запаведнікам “Сталінградская бітва”, экспазіцыю жывапісу “Мы памятаем май 45-га”, праект “Мелодыя Перамогі” ра­зам з Расійскім нацыянальным музеем музыкі”.

Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ўсе экспазіцыі праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” аб’яднаюцца на адной пляцоўцы. “Кульмінацыя праекта — вялізная выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе на 1500 кв.м будзе прадстаўлена звыш 2000 экспанатаў. Прынамсі, далучыцца да нашага праекта я запрасіў каля 50 пісьменнікаў і калекцыянераў з 10 краін блізкага і далёкага замежжа, такім чынам, мы збяром міжнародны форум”, — сказаў Уладзімір Ліхадзедаў. Па яго словах, да юбілейнай даты таксама запланаваны выхад дзвюх кніг. “Адна будзе прадстаўляць беларускія гарады праз старыя і сучасныя здымкі, а другая будзе прысвечана блакадзе Ленінграда”, — патлумачыў ён.

Праект “Вайна і мір. Беларусь памятае” пакуль не мае даты завяршэння, бо ўжо сёння паступае вялікая колькасць прапаноў аб яго экспанаванні як у Беларусі, так і за мяжой.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА.