Ад вяршыні да вяршыні

- 11:36World Skills

Нядаўна ў Мінску прайшоў турнір па прафесійнай фларыстыцы “Кубак Мінска”. Упершыню, акрамя беларускіх фларыстаў, удзел у ім прынялі майстры кветкавай справы з Літвы і Расіі. Конкурсныя работы ацэньвала інтэрнацыянальнае журы: чэмпіён Расіі па фларыстыцы Андрэй Філаненка, чэмпіён Літвы Марыюс Гвілдзіс, майстар-фларыст з Мінска Вольга Баніс і майстар-фларыст з Расіі Святлана Саўчанка. Сярод 9 фларыстаў — удзельнікаў розных узростаў самай юнай была 15-гадовая навучэнка эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна Настасся Стэмплеўская, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018. Менавіта яна і заваявала 2-е месца.

Фота да матэрыяла: Ад вяршыні да вяршыні.Кубак Мінска стаў для Насці адным з этапаў падрыхтоўкі да Міжнароднага конкурсу WorldSkills, які будзе праходзіць у Казані ў 2019 годзе. Як член нацыянальнай зборнай WorldSkills Настасся вучыцца таксама ў Мінскай школе фларыстыкі ў вядомага фларыста Вікторыі Маркачовай. Дарэчы, каманда MFS, у складзе якой былі члены нацыянальнай зборнай Настасся Стэмплеўская і Марыя Савіч, заваявала залаты медаль на конкурсе фларыстычных школ у Маскве.

Адметнай рысай Кубка Мінска заўсёды з’яўляецца арганізацыя яркага, дынамічнага шоу, прысвечанага не толькі майстэрству работы з кветкамі, але і пэўнай тэме. У гэтым годзе сюжэтам для шоу стала “Кабарэ”. Для зусім яшчэ юнай дзяўчынкі гэта даволі складаная тэма, бо ўсе прывыклі, што кабарэ — гэта пёры, стразы, канкан. Але хто ведае Насцю, скажа, што для яе няма невыканальных задач, калі справа тычыцца кветак. Да таго ж яна заўсёды ідзе сваёй дарогай. Вось і гэты раз не стала выкарыстоўваць трывіяльныя элементы, а звярнулася да стылістыкі 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. У якасці асновы работы над вобразам акцёра кабарэ Настасся выкарыстала сюжэт фільма “Вялікі Гэтсбі”.

Для першага задання фларыстам было прапанавана за 2 гадзіны стварыць інтэр’ерную кампазіцыю для афармлення сцэны з прапанаваных матэрыялаў. Такія сюрпрызныя заданні з’яўляюцца традыцыйнымі на значных фларыстычных конкурсах, бо выдатна дэманструюць, наколькі якасна фларысты могуць працаваць экспромтам у любых умовах, не абапіраючыся пры гэтым на дамашнія нарыхтоўкі. Другім заданнем конкурсу стаў аўтарскі букет на каркасе. Ён павінен быў адыгрываць ролю аднаго з дэкаратыўных элементаў вобраза акцёра кабарэ. Трэцяе заданне прадугледжвала стварэнне галаўнога ўбору, які павінен быў адпавядаць стылю букета і гарманічна ўпісвацца ў вобраз акцёра кабарэ. Якасна злучаючы ў адзінае цэлае складаныя канструкцыі-асновы, жывыя расліны, рознакаляровыя пёры, бліскучыя стразы і пацеркі, фларысты правялі сапраўдную ювелірную работу. Нават людзям з самай бурнай фантазіяй прыйшлося б добра падумаць, перш чым падабраць адпаведную назву і апісанне прадстаўленым упрыгажэнням.

Выхаванка эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна Настасся Стэмплеўская заваявала ганаровае 2-е месца. Аднак гэтае “серабро” мае вагу “золата”, таму што змагацца за перамогу Настассі прыйшлося ўжо з вопытнымі і дарослымі фларыстамі. Уступіла яна некалькі балаў толькі вядомаму 36-гадоваму расійскаму фларысту. Так што Насця на належным узроўні склала канкурэнцыю прафесіяналам.

Варта адзначыць, што гэты раз педагог дзяўчыны Наталля Бортнік практычна не ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да конкурсу. Пакінула навучэнку адну ў такі момант, скажаце вы? Не! Кансультацыі Наталля Эдуардаўна давала, але ад дапамогі і кіраўніцтва ў падрыхтоўцы да конкурсу адмова была свядомай. Справа ў тым, што для ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills у Казані Настассі трэба засвоіць пэўныя навыкі, у тым ліку работы без настаўнікаў.

— Для нас задачай гэтага конкурсу стала праверка стрэсаўстойлівасці, самастойнасці, работы ў незнаёмых умовах і нават у пэўнай ізаляванасці, у асяроддзі высокай прафесійнай канкурэнцыі, бо конкурс у Казані — гэта зусім іншы ўзровень. І важна, каб Настасся была гатова да няпростых умоў спаборніцтваў з прафесіяналамі міжнароднага ўзроўню. Менавіта ў такой сітуацыі можна ўбачыць, дзе і якія недахопы выяўляюцца ў выкананні заданняў, — адзначыла Наталля Эдуардаўна Бортнік, педагог дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна.

Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна.