Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця!

- 12:28Адукацыйная прастора, Рознае

На пачатку лістапада ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшоў VІ Злёт выдатнікаў вучобы агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Кожная ідэя, якая ўзнікае ў галаве, падмацаваная эмоцыямі ў душы і агнём у сэрцы, не можа быць не рэалізавана. Менавіта такой ідэяй стаў Злёт выдатнікаў вучобы. Сотні гадзін роздумаў і абмеркаванняў, тысячы спісаных і размаляваных аркушаў паперы з ідэямі, думкамі, накідамі. Магчымасць для навучэнцаў пагутарыць з роўнымі, адчуць, што ты ўжо дасягнуў поспехаў, але ёсць яшчэ і няскораны Эверэст навукі!
Упершыню праведзены ў 2008 годзе па ініцыятыве Міністэрства адукацыі нашай краіны і НДЦ “Зубраня” Злёт выдатнікаў вучобы агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь стаў вынікам творчых і арганізацыйных намаганняў вялікай колькасці людзей. Яго нязменным дэвізам сталі словы “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця!”.
З цягам часу ў злёту з’явіліся свае традыцыі. Галоўная з іх — гэта завязванне кожнаму вучню, які прыехаў на злёт, чырвона-зялёнай стужкі “Выдатнік вучобы”, якая стала атрыбутам і каштоўнасцю, што захоўвае не толькі гісторыю, але і энергію злёту.
Яшчэ адной традыцыяй з’яўляецца рэалізацыя праграм “ЛУЧ” (Личный Успех Человека), “Шанс” (Школьная Акадэмія Навук “Спектр”), работа дзіцячых даследчых інстытутаў і стварэнне сацыяльна значных праектаў, якія ўжо сталі рэальнасцю: маладзёжная бібліятэка, лідар-клуб, піцэрыя, праект святкавання 45-годдзя “Зубраняці”.
За 6 змен “Максімум, або 100%” у віртуальную Кнігу ведаў НДЦ “Зубраня” занесена каля 1200 навучэнцаў, якія прыязджалі на злёт.
Пастаяннымі партнёрамі змен “Максімум, або 100%”, падчас якіх праходзіць Злёт выдатнікаў, з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, Упраўленне дзяржаўнай аўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Парк высокіх тэхналогій і іншыя арганізацыі.
Толькі даследчых работ напісана і рэалізавана звыш 250, 62 з якіх былі адзначаны дыпломамі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. 104 удзельнікі з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд па прадметах у школе НДЦ “Зубраня”, трое сталі лаўрэатамі конкурсу “Фестываль мастацтваў”.
Удзельнікі шостага злёту звярнуліся да ўсіх навучэнцаў Рэспублікі Беларусь з заклікам спасцігаць асновы навукі, не страчваць цікавасць да нязведанага, вучыцца з захапленнем, напаўняючы кожны дзень радасцю адкрыццяў. Жадалі навучэнцам краіны, каб настойлівасць, прага пазнання і адданасць Радзіме прывялі да ажыццяўлення запаветнай мэты.
Злёт выдатнікаў стаў не проста рэгулярным мерапрыемствам. Ён ператварыўся ў жывы арганізм, які пастаянна расце і развіваецца. Ён вучыць, натхняе, збліжае, правярае і бадзёрыць сотні дзяцей, дорачы ім не толькі поспех, але і сэнс жыцця.
Але нельга спыняцца на дасягнутым. Для злёту і яго ўдзельнікаў ёсць яшчэ шмат нязведаных берагоў і новых вяршынь.

Ганна ПЛЯШАК,
намеснік дырэктара НДЦ “Зубраня” па вучэбнай рабоце.
Фота Кірыла ЛЕСАВОГА.