Ад яркіх уражанняў і эмоцый да трывалых ведаў

Несумненна, кожны настаўнік пачатковых класаў імкнецца зрабіць свае ўрокі яркімі і інфарматыўнымі, цікавымі і запамінальнымі, карыснымі і развіццёвымі. Для павышэння матывацыі малодшых школьнікаў да навучання, развіцця іх пазнавальнай актыўнасці педагогі шукаюць найбольш эфектыўныя метады і прыёмы навучання. Пры іх выкарыстанні заўсёды ёсць месца эмоцыям, бо пачаткоўцы з захапленнем і радасцю ўключаюцца ў выкананне творчых заданняў. У выніку гэта прыводзіць да трывалага і ўсвядомленага засваення ведаў па пэўным прадмеце.

“Шэсць гексаў мыслення”

Пры вывучэнні рускай мовы і літаратуры настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Мінска Лідзія Анатольеўна Аў сюк выкарыстоўвае прыём “Гексы”.

“Метадычны прыём “Гексы” з’яўляецца адным са складнікаў актыўнага метаду навучання. У аснове прыёму ляжыць выкарыстанне шасцівугольных картак-гексаў-фігур, якія нагадваюць па форме пчаліныя соты. У шасцівугольніках можна размясціць прыклады, словы, тэкст, карцінкі па тэме ўрока. Ідэя такая: навучэнцы атрымліваюць вучэбны матэрыял, згенерыраваны на гексах, і выбудоўваюць яго па прынцыпе пазлаў, мазаікі, калажу такім чынам, каб была лагічная сувязь паміж старанамі шасцівугольнікаў, якія датыкаюцца”, — адзначае настаўніца. — “На I ступені агульнай сярэдняй адукацыі гэты прыём з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця метапрадметных кампетэнцый, такіх як выбудоўванне ўласнай адукацыйнай траекторыі, планаванне і вырашэнне вучэбнай задачы, атрыманне адсутных дадатковых даных і новых спосабаў вырашэння вучэбнай задачы, вылучэнне і праверка гіпотэз, ацэнка вынікаў дзейнасці (як сваёй, так і чужой), фарміраванне ўменняў і навыкаў маўленчых зносін адпаведна камунікатыўнай сітуацыі”.

Лідзія Анатольеўна складае заданні для розных этапаў вучэбных заняткаў. Напрыклад, на этапе актуалізацыі ведаў пры вывучэнні раздзела “Склад слова” работа з гексамі арганізоўваецца наступным чынам: вакол цэнтральнага гекса, на якім размешчаны суфікс, выкладваюцца гексы з прадметнымі малюнкамі або словамі-назоўнікамі. Навучэнцам прапаноўваецца ўтварыць пры дапамозе гэтага суфікса новыя словы, запісаць іх парамі, вы­дзеліць у аднакаранёвых словах корань і суфікс (мал.1).

На ўроках рускай літаратуры (навучанне чытанню) у 1 класе на этапе замацавання навучэнцам прапануецца набор з гексаў з прадметнымі малюнкамі і гукавымі схемамі слоў (мал. 2). Прапанаваныя гексы можна пера­класці рознымі спосабамі, знаходзячы розныя прычынна-выніковыя сувязі. Дзякуючы вялікай колькасці граней, навучэнцы могуць устанаўліваць розныя сувязі паміж напаўненнем шасцівугольнікаў. Яны атрымліваюць магчы­масць ствараць уласныя класіфікацыі і пры гэтым нічым не абмяжоўваюцца ў сваіх разважаннях.

На этапе рэфлексіі Л.А.Аўсюк аб’ядноўвае прыёмы “Гексы” і “Шэсць капелюшоў мыслення”. З апошняга бярэцца ідэя ўсебаковага аналізу з’явы (тэмы), што вывучаецца, а з прыёму “Гексы” — форма прадстаўлення ў выглядзе шасцівугольнікаў. У выніку аб’яднання двух вядомых прыёмаў атрымліваюцца “Шэс ць гексаў мыслення”, якія дазваляюць правесці рознабаковую рэфлексію літаратурнага твора.

Вакол цэнтральнага гекса з назвай твора або тэмы ўрока размяшчаюцца каляровыя гексы: белы — “факты”, жоўты — “пазітыў”, чырвоны — “эмоцыі”, сіні — “высновы”, зялёны — “творчасць”, чорны — “крытыка”. Навучэнцам прапануецца выказаць сваё меркаванне па кожным пункце, упісаўшы яго ў пустыя гексы адпаведных колераў, і размясціць іх згодна з каляровым колам.

З дапамогай дыдактычнай гульні

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 39 Магілёва Алена Валер’еўна Багдановіч у сваёй дзейнасці аддае перавагу дыдактычным гульням, якія фарміруюць у навучэнцаў цікавасць да ведаў, развіваюць вучэбную матывацыю і ініцыятыву, імкненне да творчай дзейнасці.

На думку педагога, сістэматычнае прымяненне гульняў дазваляе фарміраваць ключавыя кампетэнцыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў. Яны атрымліваюць магчымасць працаваць у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі. Пачаткоўцы авалодваюць крэатыўнымі навыкамі, сярод якіх — здабыванне ведаў непасрэдна з навакольнай рэчаіснасці, авалодванне прыёмамі вырашэння вучэбна-пазнавальных праблем, дзеянняў у нестандартных сітуацыях.

На ўроках літаратурнага чытання на дапамогу Алене Валер’еўне прыходзяць слоўныя, сюжэтна-ролевыя, дзелавыя тыпы гульняў. Так, падчас правядзення сюжэтна-ролевых гульняў настаўніца прадугледжвае розныя сітуацыі. Праз разуменне думак, пачуццяў і ўчынкі герояў навучэнцы мадэлююць рэальнасць. Пры гэтым веды, якія набываюцца ў гульні, становяцца для кожнага вучня асобасна значнымі, эмацыянальна афарбаванымі, што дапамагае яму глыбей зразумець, лепш адчуць твор, які вывучаецца. Практыкуе педагог і правядзенне дзелавых гульняў. Напрыклад, падчас гульні-абмеркавання “Асабістае меркаванне” ставіцца праблемнае пытанне, адказ на яго нараджаецца ў працэсе дыскусіі. Такая гульня будуецца на вучэбным дыялогу, але нават пры пэўнай праграме дзейнасці праводзіцца з вялікай доляй імправізацыі дзяцей. Асаблівае месца ў рабоце А.В.Багдановіч займае тэатралізаваная гульня (“Падарожжа ў літаратурную краіну”, “У гасцях у казкі”, “Літаратурнае кафэ”).

“Улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў з’яўляецца адной з умоў эфектыўнасці гульнявой дзейнасці”, — заўважае Алена Валер’еўна. — “Больш за тое, адбіраючы гульні да ўрока, зыходжу з таго, якія праграмныя задачы буду вырашаць з іх дапамогай, ці адпавядае дыдактычная задача гульні праграмнаму зместу. Выбар метадаў і прыёмаў, сродкаў арганізацыі навучання залежыць ад задач, пастаўленых на пэўным этапе ўрока. Напрыклад, у 1 класе пры вывучэнні літар выкарыстоўваю разразную азбуку, табліцу складоў і праводжу дыдактычныя гульні “Пакажы літару”, “Пакажы склад” і інш. Пасля вывучэння ўсіх літар выкарыстоўваю прыёмы навучання сачэнню па тэксце з прымяненнем метаду гукавога арыенціру. На этапе паведамлення новай тэмы прымяняю табліцы для чытання, запісы любімых дзіцячых песень, пацешкі, лічылкі, скорагаворкі. Яны спрыяюць развіццю лагічнага мыслення, узбагачаюць слоўнікавы запас вучняў і пры складанні адказу з літар замацоўваюць навыкі чытання. На этапе актуалізацыі ведаў прапаноўваюцца гульні “Пазнай літару”, “Жывыя літары”, “Знайдзі свой домік”. Гукавыя гульні развіваюць фанематычны слых дзіцяці, фарміруюць уменне свядома выконваць гукавы аналіз слова, развіваюць памяць, увагу, назіральнасць”.

У выніку такой работы падтрымліваецца цікавасць пачаткоўцаў да мастацкай літаратуры, узбагачаецца іх духоўны свет, мастацкія творы ўспрымаюцца ўсвядомлена.

У стане творчасці

На думку настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 22 Мінска Вольгі Аляксееўны Баравік, урокі літаратурнага чытання праз выкарыстанне заданняў творчага характару здольны выхаваць навучэнца думаючага, мэтанакіраванага, самастойнага, творчага.

“Менавіта малодшы школьны ўзрост асабліва спрыяльны для творчасці. У гэтым узросце практычна ўсе дзеці хочуць маляваць, спя­ваць, іграць на сцэне. У іх закладваюцца асновы творчай дзейнасці: развіваюцца ўяўленне, фантазія, творчае мысленне; выхоўваюцца дапытлівасць, ініцыятыва; фарміруюцца ўменні назіраць, параўноўваць, абагульняць; пачынаюць выяўляцца цікавасці, схільнасці. Творчасць прыносіць дзецям велізарную радасць. У кожнага дзіцяці ёсць свае здольнасці, таленты. Усё, што патрабуецца ад настаўніка пачатковых класаў, — заўважыць дзіцячую адоранасць, стварыць умовы для развіцця дзіцячай творчасці, спрыяць раскрыццю яго індывідуальнасці”, — падкрэслівае настаўніца.

 Вольга Аляксееўна прапаноўвае сваім выхаванцам самыя розныя заданні. Напрыклад, настаўніца дае вучням творчы пераказ (трансфармацыя тэксту з мэтай яго пераасэнсавання). Творчыя пераказы развіваюць уяўленне, павышаюць цікавасць да мастацкіх твораў, спрыяюць фарміраванню прамоўніцкага майстэрства. Дастаткова складана даецца навучэнцам слоўнае маляванне да зададзенага тэксту. Таму для выканання гэтага задання ім прапануецца памятка.

Дзеці вельмі любяць слухаць казкі, але часта не ўмеюць іх складаць. Таму, перш чым даваць навучэнцам заданне напісаць уласную казку ці прыдумаць працяг казкі, педагог выкарыстоўвае заданні, якія падводзяць іх да ролі казачніка. Тут на дапамогу прыхо­дзіць стварэнне “казачнага слоўніка”, у які навучэнцы запісваюць зачыны, канцоўкі, казачныя выразы, назвы чароўных прадметаў, сродкаў чароўных перамяшчэнняў і г.д. (заданне, прапанаванае Т.Д.Зінкевіч-Еўсцігнеевай).

 На ўроках літаратурнага чытання В.А.Баравік звяртаецца да рэпрадукцый карцін мастакоў. “Такія віды мастацтва, як літаратура і жывапіс, здаўна цесна звязаны. Зы­ходзя­­чы са свайго вопыту, магу адзначыць, што разглядванне рэпрадукцый карцін развівае ў дзяцей назіральнасць, уяўленне, абу­джае ў іх крытычнае ўспрыманне твора, спрыяе праяўленню шырыні думкі. Зрокавы вобраз карціны дапамагае вучню засяродзіць сваю ўвагу на адборы неабходных моўных сродкаў, падказвае лагічную паслядоўнасць выкладання думкі, бо дзіця мае магчымасць зрокава ўспры­маць тое, пра што павінна сказаць, — тлумачыць настаўніца. — А паколькі найважнейшай умовай развіцця мовы дзяцей з’яўляецца патрэба ў выказванні, жаданне выказаць свае думкі і пачуцці, то карціна стварае аптымальныя ўмовы для гэтага. Выкарыстанне рэпрадукцый карцін робіць урок больш эмацыянальным, зацікаўлівае вучняў, павышае іх творчую актыўнасць, што дабратворна адбіваецца на канчатковых выніках навучання. Аналізуючы і апісваючы карціну, часта выкарыстоўваю тэхналогію пад назвай “Увайдзі ў карціну”. Сутнасць заключаецца ў тым, што дзеці расказваюць пра карціну, быццам бы знаходзячыся ў тым месцы, якое адлюстроўвае мастак, з’яўляючыся непасрэднымі ўдзельнікамі намаляваных падзей. Таксама часта выкарыстоўваю прыём “Адна карціна — 10 слоў”. Вельмі цікавы прыём “Дзве прапановы”: карціна застаецца — тэкст падарожнічае. На маю думку, карціна — гэта магутны сродак, які спрыяе развіццю асацыятыўнага мыслення, творчага ўяўлення, камунікатыўных уменняў, неабходных для развіцця звязнага маўлення”.

Ісціна — у даследчым пошуку

Па меркаванні настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 27 Магілёва Ліліі Анатольеўны Стрыжанавай, сёння ўзрастае актуальнасць прымянення такіх метадаў і сродкаў навучання, якія валодаюць высокай ступенню дзейснай актыўнасці, вялікім развіццёвым патэнцыялам і адпавядаюць патрэбам малодшага школьніка ў даследчым пошуку. Да такіх метадаў адносіцца пошукава-даследчая дзейнасць.

Найбольш спрыяльныя ўмовы для ўключэння кожнага вучня ў пошукава-даследчую дзейнасць стварае тэхналогія праблемнага навучання, цэнтрам якой з’яўляецца праблемная сітуацыя, якая прадугледжвае актыўную самастойную работу па яе вырашэнні. У аснове праблемнай сітуацыі ляжыць супярэчнасць. Ствараючы праблемныя сітуацыі, настаўніца выкарыстоўвае наступныя супярэчнасці: “канфлікт” (разглядае супярэчлівыя факты, пункты гледжання, думкі вучняў), “пастка” (ствараецца практычным заданнем з загадзя дапушчанай памылкай), “не магу” (даецца практычнае заданне, невыканальнае ў прынцыпе), “выбар” (даецца шэраг гатовых рашэнняў, вучню трэба выбраць правільнае і абгрунтаваць яго), “неадпаведнасць” (неабходна выкарыстоў­ваць наяўныя веды ў новай сітуацыі), “нечаканасць” (выклікае здзіўленне незвычайнасцю, парадаксальнасцю), “нявызначанасць” (выклікаецца неадназначнымі рашэннямі з прычыны недахопу даных).

Гульнявыя тэхналогіі настаўніца гарманічна спалучае з пошукава-даследчымі метадамі. “Гульні-даследаванні дазваляюць матываваць навучэнцаў, аблягчаюць успрыманне, памяншаюць нагрузку, робяць вучэбны матэрыял займальным. Акрамя таго, спаборніцкі характар заняткаў добра актывізуе пазнавальны пошук. У сваёй практыцы выкарыстоўваю некаторыя гульнявыя прыёмы: прашу дапамагчы якому-небудзь казачнаму герою знайсці і выправіць памылкі або прашу праверыць, як персанаж выканаў заданне (рэдагаванне); сутыкаю думкі двух добра вядомых герояў (з мультфільмаў, казак і т.д.) і прашу дзяцей вырашыць, хто з іх мае рацыю; расказваю лінгвістычныя казкі, фрагменты з мастацкай літаратуры, выпадкі са штодзённага жыцця, жарты і любы іншы матэрыял, здольны прыцягнуць увагу, але абавязкова звязаны з тэмай урока. Галоўнае ў тым, каб гэты матэрыял ствараў канфлікт або праблемную сітуацыю па вучэбнай задачы, якая цікавіць нас, і падахвочваў навучэнцаў да пошуку”, — адзначае Л.А.Стрыжанава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.