Ад з’езда да з’езда

Тэзісы справаздачнага даклада ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на Х з’ездзе Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

Х з’езд Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі праходзіць у знакавы для нашай Радзімы год — год 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Гэта палітычна важны год: прэзідэнцкія выбары, з’езд народа Беларусі — Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на перспектыву. Прафсаюзы тут павінны адыграць сваю ролю”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М.С.Ордай 20 студзеня.

Дзейнасць Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза, яго арганізацыйных структур у справаздачны перыяд была накіравана на рэалізацыю задач, пастаўленых на VII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў маі 2015 года, V Усебеларускім народным сходзе (2016 год) і Рэспубліканскім педагагічным савеце, які адбыўся з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі 23—24 жніўня 2017 года. У праграме дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2015—2020 гады асноўным напрамкам было вызначана павышэнне ўзроўню і якасці жыцця працоўных, забеспячэнне поўнай і прадукцыйнай занятасці, дастойнай заработнай платы, сацыяльнай абароненасці членаў прафсаюзаў. Таксама важную ролю ва ўмацаванні нашай арганізацыйнай структуры адыграла вяртанне прафсаюза НАН Беларусі ў снежні 2016 года. Практыка паказвае, што аб’яднанне роднасных прафсаюзаў дазваляе больш эфектыўна і мэтанакіравана вырашаць пастаўленыя перад намі задачы.

Гісторыя зараджэння прафесійных аб’яднанняў у настаўніцкім асяроддзі пачы­наецца з XIX стагоддзя. Клю­чавым стаў з’езд Саюза работнікаў асветы і сацыя­лістычнай культуры, які адбыўся ў студзені 1921 года. Прафсаюз удзельнічаў у рэвалюцыйным працэсе, ва ўста­ляванні савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, выконваў цяжкія задачы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, паэтапнага ажыццяўлення ўсенавуча і ліквідацыі масавай непісьменнасці. Поспехі ў гэтай дзейнасці былі заслужана адзначаны першай беларускай узнагародай — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР — у 1931 годзе.

28 студзеня на Х пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшынёй галіновага прафсаюза абрана Таццяна Раманаўна Якубовіч, чалавек з багатым педагагічным вопытам. Яна працавала выкладчыкам матэматыкі, загадчыкам завочнага аддзялення, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума. Займала пасаду прарэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, а таксама першага прарэктара Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Была намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI склікання.

Затым на фронце і ў тыле, у партызанскіх атрадах і антыфашысцкім падполлі члены прафсаюза, як маглі, набліжалі дзень Вялікай Перамогі. Потым разам з усім народам адраджалі і закладвалі падмурак сістэмы адукацыі. На працягу наступных гадоў на прафсаюз ускладаюцца арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел ва ўмацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў і ахове грамадскага парадку, ажыццяўленне дзяржаўнага нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

У пераходны для гісторыі краіны перыяд, у пачатку 90-х, быў створаны Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі суверэннай Рэспублікі Бе­ларусь. На I з’ездзе прафсаюза былі прыняты часовы статут і праграма дзейнасці, узначаліла праф­саюз Тамара Іосіфаўна Чобатава.

Наладжваюцца адносіны з сацыяльным партнёрам — Міністэрствам народнай адукацыі. Сумесная работа хутка прыносіць свой плён. У 1990 годзе прафсаюз таксама стаў адным з заснавальнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, якая ў 2002 годзе была перайменавана ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усё гэта абумовіла высокі аўтарытэт галіновага прафсаюза, які да гэтага часу не страціў, а прымнажае ўсё лепшае з назапашанага вопыту. Сёння членамі прафсаюза з’яўляюцца больш за 600 тысяч чалавек.

Галоўны дакумет, на аснове якога працуе прафсаюз і яго сацыяльныя партнёры, — галіновае пагадненне. За справа­здачны перыяд у яго ўнесена больш за 60 змяненняў і дапаўненняў. Двойчы на год выкананне пагаднення разглядаецца на пасяджэннях галіновага Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, зацвярджаецца на сумесных пасяджэннях калегіі Міністэрства і прэзідыума прафсаюза. Такая ж работа праводзіцца па тарыфным пагадненні паміж Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў НАН Беларусі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Зараз праходзіць абмеркаванне ўнясення ў пагадненне дапаўненняў і змяненняў у сувязі з пераходам бюджэтнай сферы на новыя ўмовы аплаты працы і змяненнямі і дапаўненнямі ў Працоўным кодэксе. Упершыню ў гісторыі адным з распрацоўшчыкаў дакумента стала ФПБ, дзякуючы чаму палепшаны палажэнні больш чым 30 артыкулаў кодэкса. Так, дзякуючы ініцыятыве ФПБ у артыкул 367 Працоўнага кодэкса ўнесена дапаўненне аб працягу дзеяння пагаднення (а таксама калектыўнага дагавора) са згоды бакоў шляхам афармлення дадатковага пагаднення да яго.

ЦК галіновага прафсаюза пастаянна засяроджваў увагу органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса і грамадства ў цэлым на праблеме павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, бо фінансавы, маральны дабрабыт работнікаў нашай галіны — гэта ключавыя фактары яе якаснага росту.

Неабходна адзначыць, што ў справаздачным перыядзе назіраецца тэмп росту налічанай намінальнай заработнай платы работнікаў галіны. Сярэднямесячная заработная плата ў галіне за 2019 год склала 767,6 рубля, у тым ліку педагагічных работнікаў — 900,2 рубля, настаўнікаў — 945,5 рубля, прафесарска-выкладчыцкага складу — 1357,7 рубля. Намінальная налічаная заработная плата за 2015—2019 гады павялічылася на 283,8 рубля, або на 58,7%.

Праблема аплаты працы работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі, прыцягнення ў сістэму вышэйшай адукацыі высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў за справаздачны перыяд вырашалася прыняццем шэрагу нарматыўных дакументаў па павышэнні тарыфных ставак на 30% з 1 снежня 2017 года, на 20% — з верасня 2018 года, а са студзеня бягучага года ўстаноўлены надбаўкі ў працэнтах ад тарыф­най стаўкі першага разраду.

Двойчы зроблена павышэнне аплаты працы памочнікам выхавальнікаў у 2018 і 2019 гадах адпаведна на 20% і 25% тарыфных ставак (акладаў).

Нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца, сістэма адукацыі па ўзроўні налічанай сярэднямесячнай заработнай платы сярод паказчыкаў па асобных відах эканамічнай дзейнасці знаходзіцца на перадапошняй пазіцыі, рост рэальнай заработнай платы з 2015 па 2018 гады ў адносінах да індэкса спажывецкіх цэн не пакрывае рост цэн на тавары і паслугі. Таму наша агульная з сацыяльнымі партнёрамі задача — выхад на сярэднюю заработную плату на ўзроўні 80% ад сярэдняй па краіне, а ПВС — 150%.

Пра неабходнасць змены дзеючай сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы свед­чыць Указ, падпісаны кіраўніком дзяржавы 18 студзеня мінулага года № 27, “Аб аплаце працы работнікаў бю­джэтных арганізацый”. У рамках рэалізацыі гэтага ўказа Міністэрства адукацыі стварыла рабочую групу. У яе склад увайшлі і прадстаўнікі галіновага прафсаюза. Былі прыняты нашы прапановы па ўстанаўленні разрадаў метадыстам арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі, на разрад вышэй тарыфных разрадаў педагагічных работнікаў, па канкрэтызацыі залежнасці памераў стымулюючых і кампенсацыйных выплат педагагічным работнікам і служачым бюджэтных арганізацый, занятым у адукацыі, ад педагагічнай нагрузкі або аб’ёму працы, якая выконваецца.

З увядзеннем новых умоў аплаты працы ўстанаўленне надбавак за працу па кантракце, дадатковае прэміраванне нізкааплатнай катэгорыі работнікаў (абслуговы персанал) да памеру мінімальнай заработнай платы застанецца ў значнай катэгорыі работнікаў.

На гарачую лінію ФПБ паступіла 252 званкі ад розных катэгорый работнікаў адукацыі (пераважна ад педагогаў) па пытаннях прымянення новай сістэмы аплаты працы ў бю­джэтных арганізацыях.

Людзі звяртаюцца за растлумачэннем налічанай заработнай платы па разліковых лістках, з пытаннямі аб парадку разліку надбаўкі за стаж працы ва ўстанове адукацыі, аб устанаўленні надбавак за працу па кантракце, аб парадку налічэння прэміі, аб аднаразовай выплаце работніку пры сыхо­дзе на адпачынак, аб аказанні матэрыяльнай дапамогі работніку, аб устанаўленні над­бавак за спецыфіку работы ў сферы адукацыі педагагічным работнікам і кіраўнікам устаноў адукацыі, аб памерах надбавак за кваліфікацыйную катэгорыю.

Апошнім часам павялічылася колькасць званкоў з прось­бамі растлумачыць налічаную заработную плату па разліковых лістках. Работнікаў галіны хвалююць пытанні аплаты працы ў лютым, сакавіку і далей. ФПБ, сацыяльныя партнёры правялі вялікую растлумачальную работу, але сказаць, што дайшлі да кожнага члена прафсаюза, нельга, бо шмат тэхнічных памылак, шмат завышаных чаканняў у педагогаў. У гэтай сітуацыі больш памяркоўнасці і прафесіяналізму неабходна праявіць бухгалтарскім службам. Даказваць свой аўтарытэт у людзей прафсаюзнаму актыву на месцах неабходна тут і зараз, нягледзячы на прыток маладых лідараў у гэтую справаздачна-выбарчую кампанію.

Кастусь Міцкевіч (Якуб Колас) — удзельнік І настаўніцкага з’езда, прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі прафсаюза настаўнікаў.

У апошнія гады Цэнтральны камітэт прафсаюза актыўна працаваў па разглядзе і ўзгадненні нарматыўных прававых актаў. Разгледжаны і ўзгоднены змены і дапаўненні ў Інструкцыю па атэстацыі педагагічных работнікаў, у тыпавыя штаты і нарматывы колькасці работнікаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, інстытутаў развіцця адукацыі, па даплатах маладым спецыялістам, па пытаннях прафесійнага пенсіённага страхавання педагагічных работнікаў, падліку стажу работнікам устаноў адукацыі, якія працяглы перыяд працавалі ва ўстановах, што належалі розным ведамствам і ў далейшым былі перададзены ў сістэму адукацыі.

Выкладзена пазіцыя ЦК аб захаванні стажу работы па спецыяльнасці (у галіне) у дачыненні да былых работнікаў дзяржаўных арганізацый, якія працавалі ў падведамасных ім установах дашкольнай адукацыі, арганізацыях грамадскага харчавання, якія былі перададзены ў сістэму Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Унесены прапановы і заўвагі ў праекты пастаноў па аптымізацыі колькасці работнікаў устаноў агульнай сярэдняй, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, па пытаннях аплаты працы работнікаў у сферы адукацыі.

У 2016 годзе ў рамках рэалізацыі галіновага пагаднення прынята Інструкцыя аб парадку разліку планавага фонду заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі і эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы.

Увядзенне ў 2018 годзе дапаўнення аб уключэнні ў планавы фонд заработнай платы сродкаў на даплаты за звышурочную работу выхавальнікам дашкольнай адукацыі дазволіла вырашыць існуючую праблему замены выхавальнікаў, якія часова адсутнічаюць, ва ўстановах дашкольнай адукацыі шляхам прыцягнення іншых выхавальнікаў да звышурочнай работы.

За справаздачны пе­рыяд прававая інспекцыя працы, кіраўнікі і ўпаўнаважаныя прадстаўнікі прафсаюза ажыццявілі кантроль у больш чым 21 тысячы арганізацый. Выдадзена амаль 22 тысячы прадстаўленняў, рэкамендацый і даведак, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 92 кіраўнікі. Па патрабаванні прафсаюза вернута незаконна ўтрыманых ці не выплачаных членам прафсаюза каля 2 млн рублёў. Асноўныя парушэнні звязаны з невыкананнем норм ПК Рэспублікі Беларусь наймальнікамі ў частцы рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў.

Заўсёды ў цэнтры ўвагі прафсаюза быў, ёсць і бу­дзе чалавек працы. У 2019 годзе 76% работнікаў мелі кантракты на працяглы тэрмін. Павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу) утрымліваюць 98,3% кантрактаў, дадатковы заахвочвальны адпачынак з захаваннем заработнай платы — 97,8%. На кантролі прафсаюза захаванне значнага працэнта (23,5%) кантрактаў, заключаных на адзін год.

За 5 гадоў, якія прайшлі пасля ІХ з’езда, у арганізацыйныя структуры прафсаюза паступіла больш за 345 тысяч зваротаў, значная іх частка (25,5%) — з просьбай аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, па пытаннях звальнення і працаўладкавання — 17,7%, кампенсацыі кошту санаторных пуцёвак — 13,8%. Праз суд на рабоце адноўлены 13 чалавек, складзена 121 іскавая заява, прадстаўнікі прафсаюза 41 раз прадстаўлялі інтарэсы членаў прафсаюза ў судах.

Пра маштабнасць работы галіновай тэхнічнай інспекцыі прафсаюза сведчаць выяўленыя за справаздачны перыяд сіламі 9 тэхнічных інспектараў працы больш за 25,5 тысячы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы пры правядзенні 3429 праверак і маніторынгаў. Тэхнічныя і грамадскія інспектары працы прафсаюза прынялі ўдзел у расследаванні 171 няшчаснага выпадку на вытворчасці, прадстаўлялі інтарэсы пацярпелых і іх сем’яў, прымалі меры па недапушчэнні парушэння правоў пры атрыманні страхавых выплат. Па-ранейшаму выклікаюць трывогу паказчыкі траўматызму навучэнцаў у час адукацыйнага працэсу. За справаздачны перыяд афіцыйна было зарэгістравана 3267 няшчасных выпадкаў, у тым ліку 4 — са смяротным канцом.

Падчас абследавання 285 летніх дзіцячых аздараўленчых лагераў пры падрыхтоўцы іх да работы выяўлена больш за 1600 парушэнняў. Удзяляецца ўвага пытанням стварэння бяспечных умоў працы ў студэнцкіх атрадах, лагерах працы і адпачынку, падчас летняй уборачнай кампаніі, пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, да асенне-зімовага перыяду.

У сувязі з узмацненнем патра­баванняў Дырэктывы № 1 мы ўскладаем вялікія надзеі на 15,3 тысячы грамадскіх інспектараў па ахове працы ППА. Яны павінны стварыць у працоўных калектывах атмасферу нецярпімасці да парушэнняў працоўнай, вытворчай дысцыпліны і патрабаванняў аховы працы. Задача кіраўнікоў абласных камітэтаў, Мінскага гарадскога, аб’яднанай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі НАН — праводзіць гэтую работу не за кошт колькасці грамадскіх інспектараў па ахове працы, а за кошт якаснага падбору і падрыхтоўкі гэтых спецыялістаў.

Дзякуючы адпаведнасці галіновага, мясцовых пагадненняў і калектыўных дагавораў устаноў адукацыі нормам Генеральнага пагаднення, у справаздачным перыядзе ў сувязі са стратай прафесійнай працаздольнасці ў выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці па віне наймальніка па ініцыятыве прафсаюза былі знойдзены сродкі і выплачана матэрыяльная дапамога наймальнікам загадчыку майстэрань Смаргонскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя, рабочаму па мыцці i рамонце спеца­дзення санаторнага ясляў-сада № 174 Мінска для дзяцей, хворых на туберкулёз, прыбіральніку службовых памяшканняў сярэдняй школы № 2 Чачэрска.

Завяршаецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Пабудаваны 2 школы, 4 дзіцячыя сады, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Прыбылі маладыя спецыялісты, 31 спецыялісту Цэнтральны камітэт аказаў матэрыяльную дапамогу на ўладкаванне побыту.

На сёння наш прафсаюз — гэта амаль 7 тысяч пярвічных прафарганізацый, што на 41 больш, чым у мінулым го­дзе, 134 раённыя, 8 гарадскіх, 6 абласных, Мінская гарадская і аб’яднаная галіновая работнікаў НАН Беларусі прафсаюзныя арганізацыі.

Прафсаюз адукацыі і навукі сёння — найбуйнейшая галіновая арганізацыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Рэалізацыя даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па стварэнні прафсаюзных арганізацый у кожнай установе надала актыўнасць рабоце па гэтым напрамку. У цэлым за 2015—2019 гады створаны 284 арганізацыі.

Штогод больш за 1,5 тысячы прафсаюзных актывістаў праходзяць навучанне на базе Рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”. Галіновы прафсаюз робіць стаўку на маладыя, адукаваныя і ініцыятыўныя кадры. Сярэдні ўзрост выбранага ўпершыню старшыні раённай арганізацыі — 45 гадоў, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў УВА — 46,5 года, а студэнтаў — 22 гады.

Іван Фёдараў (Янка Маўр) — удзельнік І настаўніцкага з’езда, прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі прафсаюза настаўнікаў.

У 2019 годзе Рэспубліканскі савет ветэранаў працы галіны і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адзначыў 20-гадовы юбілей. Увайшло ў практыку правя­дзенне сумесных пася­джэнняў Рэспубліканскага савета ветэранаў і маладзёжнага савета галіновага прафсаюза.

У 2017 годзе на базе Нацыянальнай акадэміі навук Белару­сі прайшло сумеснае пасяджэнне маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і савета маладых вучоных НАН Беларусі, на якім адным з асноўных пытанняў быў разгляд праекта Плана па рэалізацыі Канцэпцыі маладзёжнай палітыкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

У цяперашні час памер мінімальнай вучэбнай стыпендыі навучэнцаў складае 67,04 рубля, максімальнай — 182,36 рубля. У адносінах да бюджэту пражытачнага мінімуму: мінімальная стыпендыя — 26%, максімальная — 70,7%. Варта адзначыць, што са сродкаў прафкамаў ППА УВА студэнтам аказана матэрыяльная дапамога на суму 231 тысячы 81 беларускі рубель.

За справаздачны перыяд 107 прафсаюзных актывістаў атрымалі выплаты Цэнтральнага камітэта прафсаюза. 61 члену нашага галіновага прафсаюза была прызначана стыпендыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Вялікую ўвагу пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі студэнтаў удзяляюць аздараўленню навучэнцаў. ППА студэнтаў актыўна займаюцца арганізацыяй санаторна-курортнага лячэння для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. 9,5 тысячы членаў галіновага прафсаюза змаг­лі акунуцца ў неверагодную атмасферу спартыўнага свята і пабалець за нашых спартсменаў на II Еўрапейскіх гульнях.

У сярэднім па краіне паказчык забяспечанасці навучэнцаў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, месцамі ў інтэрнатах устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 98,42%, устаноў вышэйшай адукацыі — 89,45% (па Мінску — 85,87%). ГрДУ імя Янкі Купалы, БНТУ, БДУІР, БДТУ адчуваюць недахоп месцаў у інтэрнатах.

Інфармацыйная работа, яе стан і перспектыва развіцця — адзін з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці арганізацыйных структур прафсаюза. Новы сайт прафсаюза estu.1prof.by ў 2019 годзе наведалі 14 759 чалавек, а групу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” — 56 622 чалавекі.

У рамках рэалізацыі планаў мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, 115- годдзю прафсаюзнага руху Беларусі, 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 50- годдзю стварэння мемарыяльнага ком­плексу “Курган Славы”, пра­ведзены акцыі па рамонце і добра­ўпарадкаванні мемарыя­лаў, помнікаў і абеліскаў воінскай славы і іншыя. Гэтая работа працягваецца.

Справаздачны перыяд можна назваць плённым і прадукцыйным у галіне наладжвання міжнародных кантактаў. Цэнтральны камітэт прафсаюза падпісаў 6 дагавораў аб міжнародным узаемадзеянні. Зараз ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з 12 замежнымі прафсаюзамі. Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі актыўна ўдзельнічае ў рабоце такіх глабальных міжнародных арганізацый, як “Інтэрнацыянал адукацыі”, “Міжнароднае аб’яднанне прафсаюзаў “Адукацыя і навука” СНД”. Прадстаўнікі прафсаюзаў адукацыі 17 краін абмеркавалі пытанні маладзёжнай палітыкі на міжнародным семінары “Прафсаюз і моладзь — мы разам. Разам у будучыню”.

У красавіку 2018 года прадстаўнікі Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Літвы, Таджыкістана і Украіны прынялі ўдзел у II Міжнародным форуме “Прафсаюзы і “зялёныя працоўныя месцы”, які праходзіў пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Самыя лепшыя ўражанні атрымалі ўдзельнікі Міжнароднага маладзёжнага прафсаюзнага адукацыйнага форуму “ТЭМП-2018” Незалежнага прафсаюза адукацыі і навукі Грузіі, прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі і Рэспублікі Таджыкістан.

Толькі за 2017—2020 гады, дзякуючы прафсаюзу, амаль 11 тысяч дзяцей наведалі навагоднія мерапрыемствы ў палацах культуры ФПБ. Таксама ўсё больш актыўна развіваецца супрацоўніцтва арганізацыйных структур прафсаюза з ТЭУП “Беларустурыст”. Дзякуючы актыўнай пазіцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і рабоце арганізацыйных структур прафсаюза, у 2018—2019 гадах у санаторыях ФПБ аздаравілася амаль 7 тысяч членаў прафсаюза. Працягваецца работа па інфармаванні кожнага члена прафсаюза аб прадастаўленні скідак ФПБ на санаторна-курортныя пуцёўкі ў памеры 25% і кампенсацыі 5% іх кошту за кошт ЦК прафсаюза ў вясенне-восеньскі перыяд.

Члены прафсаюза мо­гуць атрымаць якасныя паслугі і азда­равіцца ў прафілакто­рыях на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Для работнікаў НАН прадугледжаны датацыі на адну пуцёўку на аздараўленне ў санаторыі “Іслач” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У першым і чацвёртым кварталах года датацыя складае 60% ад кошту, у першым квартале — 40%. Таксама членам прафсаюза датуецца 20% ад кошту пуцёўкі аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў НАН Беларусі, для лячэння членаў прафсаюза і іх дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў уключна. Аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў НАН Беларусі датуе 100 рублёў на 1 пуцёўку ў санаторыях Белпрафсаюзкурорта.

За справаздачны пе­рыяд 157 тысяч дзяцей адпачылі ў стацыянарных дзіцячых аздараўленчых лагерах. На патанненне кошту пуцёвак у 2019 го­дзе з прафсаюзнага бюджэту накіравана больш за 180 тысяч рублёў.

Амаль 50 тысяч членаў прафсаюза прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Упэўнены, што новы склад дэпутатаў — прадстаўнікоў галіны адукацыі будзе прыкладаць усе намаганні, каб апраўдаць давер сваіх выбаршчыкаў. Перш за ўсё, гэта прасоўванне інтарэсаў работнікаў галіны.

У 2019/2020 навучальным годзе ў краіне адкрыта 438 педагагічных класаў і груп, у якіх вучыцца больш за 4 тысячы старшакласнікаў. Абітурыенты педагагічных спецыяльнасцей — гэта асаблівая катэгорыя. Таму прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у палажэнне “Аб выплатах Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў” з улікам выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія пасля працягваюць работу па спецыяльнасці навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2017 годзе 23 удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Бе­ларусь” (члены прафкамаў ППА, рэвізійных камісій) атрымалі грашовую ўзнагароду за развіццё традыцый і павышэнне іміджу галіновага прафсаюза. Пераможцы конкурсу Святлане Леанідаўне Румянцавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 Наваполацка, аплачана пуцёўка ў санаторый “Крыніца” за кошт сродкаў Цэнтральнага камітэта прафсаюза.

Актывізавалася работа па ўдзеле ў саісканні прэмій Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.