Ад зямнога да нябеснага…

Менавіта такую назву мае праект, які рэалізуецца ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў і царквой святых апосталаў Пятра і Паўла, што знаходзіцца ў аграгарадку Валеўка.

Мэта праекта: адра­джэнне духоўнай культуры продкаў, знаём­ства моладзі з культурнай і матэрыяльнай спадчынай краю, выхаванне любові і павагі да нацыянальнай культуры праз прызму духоўна-маральнага выхавання.

Праект пачаў рэалізоўвацца ў ліпені гэтага года, калі храм святых апосталаў Пятра і Паўла, унікальны помнік гі­сторыі і культуры Беларусі, адзначаў 335-годдзе. Вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў школы збіралі вышываныя ручнікі, арнаменты сваёй мясцовасці, якімі ўпрыгожылі храм да  прастольнага свята апосталаў Пятра і Паўла.

Супрацоўнікі цэнтра рамё­стваў прапанавалі жыхарам Валеўкі выставу работ май­строў-умельцаў Алены Міхайлаўны і Аляксандра Валянцінавіча Піразевых, а таксама для моладзі правялі  май­стар-клас па пляценні паясоў. У гэты час працаваў кірмаш народных рамёстваў. Сапраўднае свята прыйшло ў вёску, якое аб’яднала і дзяцей, і дарослых.

Наступным крокам праекта стала свята Успення Багародзіцы. На гэты раз дзеці ўпрыгожылі храм жытнімі каласамі і кветкамі, а ўсіх, хто прыйшоў у храм на набажэн­ства, чакала выстава “Творение женских рук прекрасных…, дзе былі прадстаўлены тканыя вырабы, ручнікі, вырабы з саломкі. Загадчыца Навагруд­скага цэнтра рамё­стваў Наталля Аляксандраўна Клімко цікава расказала моладзі аб тым, колькі любові і працы трэба было ўкласці жанчынам у свае вырабы, а старэйшае пакаленне ўспамінала сваіх матуль і бабуль.

У час майстар-класа дзеці навучыліся вырабляць анёлаў з саломкі. І кожны панёс іх дадому — добры падарунак для матуль, зроблены сваімі рукамі.

У праекце прымаюць удзе­л цэлыя сем’і, якія не толькі наведваюць набажэнствы, а і вучацца народным промыслам, а наш храм становіцца цэнтрам духоўнасці і культуры не толькі для жыхароў Валеўкі.

Тамара СУРАГА,
настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.