Праект “Дакрананне да Мінска” сёлета пачаў рэалізоўвацца ў нашай краіне. У яго аснове — ідэя аб арганізацыі паўнавартасных экскурсій для людзей, якія з-за парушэнняў зроку не могуць убачыць прыгажосць роднага горада. Паколькі невідушчыя бачаць рукамі, аўтары праекта вырашылі стварыць серыю тактыльных сродкаў — міні-барэльефаў і макетаў помнікаў архітэктуры, праз дакрананне да якіх людзі з парушэннямі зроку змогуць уявіць архітэктурныя помнікі ў поўным аб’ёме.
Галоўнае — прыгожая ідэя!
Самае складанае для невідушчых і людзей са слабым зрокам падчас звычайных экскурсій — уявіць, як выглядае тая ці іншая славутасць горада ў цэлым, які яе аб’ём. Пра дэталі канструкцыі і асаблівасці архітэктурнага стылю і гаворка ісці не можа, нават самая моцная фантазія не здольна намаляваць ва ўсіх падрабязнасцях гістарычны помнік. Праект “Дакрананне да Мінска” закліканы дапамагчы невідушчым людзям паўнавартасна ўспрымаць аб’екты архітэктуры. Аўтарам ідэі тактыльных экскурсій стала выпускніца гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці “Музейная справа” Юлія Валента. Арганізатар праекта, Людміла Скрадаль, прафесійны экскурсавод і гід-перакладчык, выпускніца МДЛУ і БДЭУ (па спецыяльнасці “міжнародны маркетынг”), а таксама Упсальскага ўніверсітэта ў Швецыі па кірунку “кіраванне праектамі”. Па меркаванні аўтараў праекта, тактыльныя экскурсіі з выкарыстаннем 3D-макетаў асноўных славутасцей Мінска (а ў перспектыве і іншых гарадоў) павінны праходзіць не ў памяшканнях, а пад адкрытым небам, каб экскурсанты ўспрымалі інфармацыю непасрэдна на мясцовасці, недалёка ад аб’екта, аб якім расказваецца, удыхаючы свежае паветра, назіраючы за чаргаваннямі святла і ценяў.
У якасці першага аб’екта, які было вырашана прапанаваць для наведвання невідушчым людзям, была абрана Мінская ратуша. Да стварэння аб’ёмнага макета гэтага будынка на аснове дакладных чарцяжоў далучыліся людзі розных прафесій: архітэктары, скульптары, дызайнеры, а таксама прадстаўнікі IT-супольнасці, мастакі. Макет ратушы зрабілі з даволі трывалага пластыку. Архітэктары, напрыклад, распрацавалі спецыяльныя ўмацаванні ўнутры макета, у выніку чаго макет стаў больш устойлівым, але ў той жа час, за кошт пластыка, ён застаўся лёгкім, а значыць, мабільным. Ад моманту атрымання чарцяжоў ратушы да завяршэння работы над макетам прайшло амаль паўгода. У гэты ж час зрабілі і дадатковы тактыльны элемент: барэльеф цэнтральнага фасада ратушы з усімі дэталямі і ўпрыгажэннямі, каб невідушчыя людзі атрымалі інфармацыю і аб стылі, у якім створаны будынак. Барэльеф выканаў скульптар Ігар Якавенка. Дакранаючыся да яго, экскурсанты пашыраюць прастору свайго ўяўлення. У іх ёсць магчымасць дакрануцца да тых частак ратушы, якія ім недаступны ў рэальнасці. Каб уявіць, наколькі вялікі будынак знаходзіцца перад імі, экскурсанты могуць абняць сапраўдную калону ратушы, а потым адшукаць калону на макеце, каб памацаць і тое, што знаходзіцца ўверсе, да чаго нельга дакрануцца ў рэчаіснасці.
“Дэманстрацыя вынікаў праекта “Дакрананне да Мінска” праходзіла сёлета ў красавіку ў рамках фэсту экскурсаводаў, падчас якога для невідушчых людзей і людзей са слабым зрокам (20-ці чалавек) упершыню была праведзена экскурсія каля ратушы, — гаворыць Людміла Скрадаль. — Экскурсанты даведаліся пра гісторыю будынка, паспрабавалі ўявіць, дзе на плошчы Свабоды знаходзіцца ратуша і што з ёй суседнічае і г.д. Словы, якія часцей за ўсё чую пасля такіх экскурсій: “Я не бачыў Мінск дагэтуль!”, “Я шмат гадоў хадзіў каля ратушы і не ведаў, што ж увогуле яна сабой уяўляе!”. Для таго, каб тактыльная экскурсія прайшла для яе ўдзельнікаў з камфортам і была пазнавальнай, арганізатарам неабходна прытрымлівацца пэўных правіл. Так, напрыклад, у групу павінны ўваходзіць максімум двое невідушчых дзяцей і 3–5 дзяцей з парушэннямі зроку. Для дарослых (невідушчых і тых, хто бачыць слаба) аптымальная колькасць прысутных — 4-5 чалавек, каб кожны меў магчымасць дакрануцца і дэталёва памацаць макет і барэльеф будынка”.
Па горадзе з завязанымі вачыма
Тактыльнымі экскурсіямі ўжо зацікавіліся не толькі людзі з парушэннямі зроку. У іх могуць прымаць уд зел людзі з рознымі асаблівасцямі ў развіцці — з сіндромам Даўна, з парушэннямі слыху, інваліды-калясачнікі. А таксама дарослыя і дзеці, якія пражываюць у дзіцячых дамах, дамах інвалідаў, дамах для састарэлых. Тактыльныя экскурсіі будуць цікавымі для выхаванцаў дзіцячых садоў, для школьнікаў, і ўвогуле для ўсіх людзей, хто настроены на новыя ўражанні.
“У межах праекта мы праводзім экскурсіі для інвалідаў-калясачнікаў па плошчы Незалежнасці, — заўважае Людміла Скрадаль. — Дарэчы, гэтая плошча даступная для перамяшчэння на мыліцах. Кожная экскурсія доўжыцца гадзіну-паўтары ў залежнасці ад надвор’я і настрою экскурсантаў. На мерапрыемства мы запрашаем не толькі людзей з абмежаваннямі, але і ўсіх жадаючых, каб захоўваўся інклюзіўны падыход, каб ішло ўзаемадзеянне. Аналагічныя экскурсіі праводжу і для звычайных людзей, каб прыцягнуць іх увагу да праблем людзей з абмежаваннямі. Відушчым людзям завязваю вочы і працую з імі так, як і з невідушчымі, цалкам акунаю іх у іншую рэальнасць. Я для іх у такія моманты і вочы, і рукі. Удзельнічаюць у такім эксперыменце тры чалавекі: адзін суправаджальнік і двое экскурсантаў з завязанымі вачыма па баках злева і справа. Для відушчых у мяне ёсць некалькі варыянтаў маршрутаў. Адзін з іх, напрыклад, калі мы з экскурсантамі сустракаемся на станцыі метро і ед зем разам (яны — з завязанымі вачыма) некалькі прыпынкаў, адчуваючы ўсю атмасферу падземнага горада, прыязджаем да ратушы, дзе праводзіцца экскурсія. Уражанні людзей, калі ім урэшце развязваюць вочы, незабыўныя: першыя 15 хвілін ідзе стыхійны паток удзячнасці і радасці ад таго, што ў іх ёсць вочы. Не так проста аказваецца нават дакранацца да аб’екта так, каб не стукнуцца аб яго рукой. Усе зыходзяцца ў адным: з заплюшчанымі вачыма яны ўбачылі значна больш. Адну з такіх экскурсій я правяла для дзяўчыны-архітэктара. Мы сустрэліся з ёй на станцыі метро “Фрунзенская” і праехалі з завязанымі вачыма да станцыі “Няміга”, адчулі ў поўнай меры той шлях, які пераадольвае чалавек са слабым зрокам да плошчы Свабоды. Вы нават уявіць не можаце, колькі нюансаў, недапрацовак яна заўважыла падчас паездкі — адсутнасць бардзюраў, ліфтаў на станцыях метро (а тыя, што былі, не працавалі), вельмі высокія парэнчы там, дзе яны павінны быць ніжэй, скрыні каля пандусаў, з-за чаго яны становяцца недаступнымі. З мэтай прыцягнення ўвагі будучых архітэктараў да гэтых пытанняў, планую ў найбліжэйшы час выйсці на аддзяленне архітэктуры і будаўніцтва БНТУ з прапановай увесці факультатыўны курс з выкарыстаннем нашай методыкі правядзення экскурсій для відушчых, каб кожны будучы архітэктар мог прайсці з завязанымі вачыма па Мінску і адчуць, што і як у ім пабудавана”.
У планах — пашырэнне геаграфіі экскурсій
У планах аўтараў праекта “Дакрананне да Мінска” — пашырыць геаграфію макетаў: ахапіць тактыльнымі экскурсіямі ўсю плошчу Свабоды ў Мінску, дзе знаходзяцца аб’екты, цікавыя і з гістарычнага, і з архітэктурнага пункта гледжання. Ёсць ідэя зрабіць калекцыю макетаў і барэльефаў найбольш значных будынкаў кожнага абласнога цэнтра Беларусі. Такім чынам, магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі сваёй мясцовасці з’явіцца не толькі ў мінчан, але і ў жыхароў іншых гарадоў. Адным з этапаў у развіцці праектаў стане выстава фатаграфій і карцін на тэму “Нечаканая ратуша” і “Сны невідушчых”. Ёсць ідэя зрабіць аб’ёмныя выявы партрэтаў, нацюрмортаў і пейзажаў мастакоў, а таксама абразоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Зараз аўтары праекта вядуць перамовы аб супрацоўніцтве з літоўскім і польскім бакамі аб тым, каб абменьвацца экскурсіямі (для груп людзей са слабым зрокам і невідушчых) і самімі макетамі, каб знаёміць жыхароў іншых краін з архітэктурай Беларусі. Рыхтуюцца буклеты, відэаролікі на розных мовах для таго, каб распаўсюджваць інфармацыю аб праекце за мяжой у арганізацыях, якія ёю зацікавяцца. “На жаль, даводзіцца прызнаваць, што наша краіна пакуль не вельмі добра падрыхтавана да прыёму замежных грамадзян з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — зазначае Людміла Скрадаль. — Гэтае пытанне, у прыватнасці, узнімалася падчас круглага стала на базе БДУФК, які быў прысвечаны праблемам экскурсійнага абслугоўвання людзей з інваліднасцю і абмежаванымі магчымасцямі. Інваліды-калясачнікі не могуць, напрыклад, знайсці нумар у гасцініцы, адаптаваны да сваіх патрэб, яны не ў стане перамяшчацца па нашым горадзе без праблем. Калі казаць пра інвалідаў па зроку, то ў Беларусі ёсць некалькі музеяў, якія могуць іх прыняць, але экспанатаў, даступных для іх успрымання, у гэтых музеях няшмат. Нашым спецыялістам давядзецца прыкласці шмат намаганняў для таго, каб Беларусь стала даступнай для ўсіх людзей, незалежна ад іх псіхафізічных асаблівасцей. Праект “Дакрананне да Мінска” закліканы звярнуць увагу кожнага з нас на тое, што адбываецца навокал, пагаварыць аб праблемах іншых людзей, зрабіць для блізкага штосьці карыснае”.