Адчуць настаўніцкае шчасце

- 10:30Людзі адукацыі

Родным домам для прыгажуні з далёкага Прымор’я стала Віцебшчына, прафесійным прызваннем — выкладанне замежнай мовы ў школе.

Кацярына Касцюкевіч нарадзілася ў самым паўднёвым горадзе на ўсходзе Расіі, вырасла ў Мінскім раёне (сюды пераехалі бацькі, калі дзяўчынцы споўнілася чатыры гады), а ў паўночную сталіцу Беларусі трапіла адразу пасля заканчэння сярэдняй школы. Як сама прызнаецца, выпадкова: старэйшая сястра марыла аб прафесіі ветэрынарнага ўрача і паступіла ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. “Разам вучыцца весялей”, — вырашыла малодшая і праз год прыехала ў Віцебск. Толькі сваю прафесійную будучыню Кацярына ўяўляла зусім іншай: яе з дзяцінства мацней за іншыя прадметы прываблівала англійская мова. Разам з тым, пачынаючы са старшых класаў, не раз у думках прымярала на сябе прафесію настаўніка, прычым пачатковай школы — і гэта таксама падабалася. Узважыўшы ўсе варыянты, выбрала для сябе аптымальны і падала дакументы на педагагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава на спецыяльнасць “Англійская мова. Пачатковыя класы”. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымала размеркаванне ў Віцебскі раён і зараз працуе настаўнікам англійскай мовы ў Сасноўскім дзіцячым садзе — базавай школе.

За параўнальна невялікі час малады педагог і яе навучэнцы дасягнулі прыкметных поспехаў. Так, творчая каманда з Сасноўкі не першы год трымае лідарства на раённым этапе, а ў мінулым годзе адзначана дыпломам ІІ ступені заключнага этапу Абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый за тэатральную пастаноўку паводле казкі пра цара Мідаса.

— На ўласным вопыце — як навучэнка, студэнтка, настаўнік — пераканалася ў педагагічнай аксіёме: прадмет лёгка даецца, калі ёсць матывацыя. А яе павышаюць цікавыя ўрокі. У сваю чаргу цікавы ўрок — заўсёды творчая імправізацыя на аснове дэталёва прадуманага плана, вялікай папярэдняй падрыхтоўкі, — разважае Кацярына Аляксандраўна. — Падчас вучобы ва ўніверсітэце мне пашанцавала праходзіць практыку ў адной з лепшых у рэгіёне і краіне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — гімназіі № 8 Віцебска. Навучэнцы прыемна здзівілі: у 4 класе сярэдні ўзровень валодання англійскай мовай быў вельмі высокі. У сельскай школе трымаць падобную планку складаней — найперш, відаць, таму, што зусім іншыя матывацыя і прыярытэты ў бацькоў, а ад гэтага ў малодшым і сярэднім школьным узросце многае залежыць.

У кожны свой урок Кацярына Касцюкевіч стараецца ўнесці нечаканую цікавую іскрынку — элементы спаборніцтва, пошуку, гульні. Актыўна выкарыстоўвае мультымедыа, інтэрактыўныя тэхналогіі. Па назіраннях педагога, дзецям больш падабаецца кантактаваць паміж сабой, дыскутаваць, працаваць у групах — і патэнцыял вучня так лепш раскрываецца, чым пры класічным адказе па заданні ці на пытанне настаўніка. Сваёй звышзадачай на ўроку Кацярына Аляксандраўна бачыць развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі.

— Можа здацца, што сама я не вельмі кантактная, але з дзецьмі заўсёды ёсць пра што пагаварыць, — усміхаецца наша гераіня. — Важна, каб навучэнцы пераадолелі сарамлівасць, страх дапусціць памылку і пачалі размаўляць, адказваць на пытанні нязмушана. Мне здаецца, дзеці, калі размаўляюць на англійскай мове, больш разняволеныя. Такі вось парадокс: тое, аб чым на рускай мове вучань саромеецца расказаць пра сябе, на англійскай раскажа без ваганняў. Адпаведна маем моцны выхаваўчы рэсурс, эфектыўны інструмент фарміравання асобы. А яшчэ англійская мова як прадмет сама па сабе цікавая: гэта лінгвістыка, літаратура і геаграфія, гісторыя, этыка, культура. Многія тэмы цесна звязаны з жыццём, яны хвалююць моладзь. Дарэчы, здараецца, што ўпершыню цікавую інфармацыю па іншых вучэбных прадметах — той жа геаграфіі — мае вучні атрымліваюць на ўроку англійскай мовы. Адчуваеш непараўнальны эмацыянальны ўздым, калі на вучэбных занятках, выхаваўчым мерапрыемстве ці ў аздараўленчым летніку дзеці запытаюць ці самі ўспомняць, як гэта будзе па-англійску, і заўзята развіваюць тэму. Або калі фразы з нашых спектакляў пачынаюць выкарыстоўваць у штодзённых зносінах. Навучэнцы цікавяцца замежнай музыкай, песнямі — часам нават у сярэдніх класах на ўроку мы спяваем. Падказваюць тэмы, ідэі для новых пастановак, рэдагуюць сцэнарыі, спрачаюцца, эксперыментуюць. Вельмі радуе, калі ад мяне дзеці даведваюцца пра нешта новае для сябе — і прымаюць як асабістую каштоўнасць, у іх загараюцца вочы. Шчырая зацікаўленасць, поспехі вучняў акрыляюць, падштурхоўваюць да пошуку і пастаяннага развіцця. Напэўна, у гэтым і ёсць наша настаўніцкае шчасце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.