Адчуць смак роднай мовы

- 11:34Адукацыйная прастора

На працягу месяца ў Палескім дзяржаўным універсітэце дзейнічала выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў, арганізаваная ў рамках рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі “Грані творчасці”. На ёй прэзентаваліся лепшыя творчыя работы студэнцкай моладзі на тэму роднай мовы. 

— На гэтую цікавую і актуальную тэму арганізатараў праекта натхніла трылогія малой радзімы, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі А.С.Лаўрыновіч. — На змену вершаваным радкам Янкі Купалы “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, якія былі дэвізам акцыі летась, прыйшлі словы Навума Гальпяровіча “Захавай маю мову, чарговы наш век, як мелодыю свету, якую я чую”.

Аснову акцыі склала тэматычная інтэрактыўная экспазіцыя, падрыхтаваная па выніках выставы-конкурсу, у якой удзельнічалі больш за 200 творчых работ з 24 устаноў вышэйшай адукацыі. Лепшыя з іх у намінацыях “Летэрынг”, “Каляровая графіка. Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт” і “Візуальны сэт” экспанаваліся ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” і пабываюць на працягу года ў розных універсітэтах краіны, дзе адбудуцца інтэрактыўныя прэзентацыі і культурна-асветніцкія мерапрыемствы.

Удзельнікі стваралі работы ў тэхніцы летэрынг, дзе асэнсоўвалі вершаваныя радкі У.Дубоўкі, паштоўкі і віншаванкі, візуалізавалі беларускія прыказкі і прымаўкі, ілюстравалі беларускія святы з выкарыстаннем нацыянальных сімвалаў і арнаментальных матываў, абапіраючыся на словы Л.Геніюш. Акрамя таго, удзельнікі візуалізавалі рэдкаўжывальныя ці забытыя беларускія словы праз фотапартрэты і рэпартажныя фотаздымкі. На гэта аўтараў натхнялі словы К.Цвіркі. Астатнія работы былі выкананы ў розных тэхніках выяўленчага мастацтва і ілюстравалі вершаваныя радкі Якуба Коласа. Сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, жывапісу, графікі, фатаграфіі і лічбавай творчасці дазволіў азнаёміцца з візуалізацыямі эстэтычных уражанняў і мастацкімі эксперыментамі студэнцкай моладзі.

Па словах А.С.Лаўрыновіч, педагогі і студэнты праявілі вялікую цікавасць да акцыі, якая праводзіцца з мэтай удасканалення сістэмы патрыятычнага і мастацка-эстэтычнага выхавання моладзі на аснове фарміравання каштоўнасных адносін да айчыннай гістарычна-культурнай спадчыны, прапаганды сучасных напрамкаў і лепшых узораў мастацкай творчасці, стварэння аптымальных умоў для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі, укаранення ў практыку інавацыйных і эфектыўных форм сацыякультурных камунікацый.

У рамках акцыі выкладчыкі і студэнты ПалесДУ, чые работы заўсёды вылучаюцца высокім узроўнем выканання і цікавымі аўтарскімі ідэямі, правялі шэраг цікавых інтэрактыўных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Сярод іх — кулінарны паядынак “СТУДшэф па-беларуску”, прысвечаны 15-годдзю ўніверсітэта. Студэнты сабраліся ў клубе, каб ацаніць кулінарнае майстэрства ўдзельнікаў. Па выніках галасавання лепшымі кухарамі аказаліся Дзмітрый Чыжык і Дар’я Спіркіна (“Студэнцкі бургер” і “Мяса па-беларуску”), Валерыя Емяльянава і Паліна Снітко (“Дранікі-нікандрыкі” і “Ноч перад экзаменам”), Шатлык Авезгелдыеў і Рахман Гайджаў (“Самса па-беларуску”), а таксама Лізавета Саўчанка (“Ружачкі з сюрпрызам”). Атрымаўся цудоўны калейдаскоп смакаў і эмоцый!

Настаўніца чарчэння В.Г.Блох правяла майстар-клас па літэрынгу для дзесяцікласнікаў Ліцэя ПалесДУ, якія на прыкладзе розных мастацкіх шрыфтоў азнаёміліся з архітэктурнай графікай. Увазе ліцэістаў былі прадстаўлены адметныя работы студэнтаў, якія атрымліваюць спецыяльнасць у галіне садова-паркавага будаўніцтва.

Не менш цікавым атрымаўся і майстар-клас “Шчодрае Палессе” па вырабе паштовак у тэхніцы выцінанка, прысвечаны Году народнага адзінства. Удзельнікі майстар-класа расказвалі адно аднаму гісторыі сваіх сем’яў, апісвалі іх традыцыі. Натхніўшыся творчасцю У.Мулявіна і ансамбля “Песняры”, студэнты вырабілі тэматычныя паштоўкі па матывах упадабаных твораў.

Падчас ART-флэш-мобу “Мілы кут маёй Айчыны” яго ўдзельнікі выбіралі работы, прадстаўленыя на выставе, і малявалі на іх аснове свае карціны, пасля чаго параўноўвалі з арыгіналамі.

У рамках выставы студэнты і выкладчыкі сустрэліся з В.С.Мяцельскім, аўтарам больш як 120 песень на вершы знакамітых беларускіх паэтаў, членам саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, і з Ж.Я.Завацкай, паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком літаратурнага клуба “Пінчукі” пры Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я.Янішчыц.

Шмат добрых уражанняў пакінулі вечар беларускай паэзіі “Жыві і квітней, родная мова!” і тэматычная сустрэча “Душа пяе на розных мовах” з удзелам замежных студэнтаў.

Пасля ПалесДУ тэматычная інтэрактыўная экспазіцыя накіравалася на Гомельшчыну.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.