Адчуць сваю ўнікальнасць з тактыльнай кнігай Алены Масла

Беларуская дзіцячая пісьменніца Алена Масла прэзентавала і падарыла вучням спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Мінска сваю тактыльную кнігу “Мяне завуць Лахнэска” і аўдыядыск з агучаным творам.

Унікальнасць выпушчанай кнігі — у спалучэнні тактыльнага малюнка галоўнага героя, створанага ўручную гродзенскімі лялечнымі майстрыхамі, і шрыфта Брайля, які даступны невідушчым людзям. Першыя экзэмпляры кнігі разам з аўдыядыскамі перададзены ў школы для дзяцей з парушэннямі зроку Гродна, Жабінкі, Васілевіч Гомельскай вобласці, Маладзечна, Шклова.

Ідэя стварыць такую кнігу належыць калектыву сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт” на чале з дырэктарам Аляксандрам Калошай. Працэс рэалізацыі праекта быў даволі працаёмкі: пошук дабрачынных сродкаў, майстроў, якія ўручную зробяць тактыльных герояў кнігі, раздрукоўка па Брайлі на беларускай мове і поўны пераплёт. Да таго ж пошук невідушчых чытачоў-экспертаў, якія выправяць памылкі перад выданнем гатовага варыянта кнігі.

Аляксандр Калоша адзначыў, што дзіцячай літаратуры, асабліва на беларускай мове, выдадзенай шрыфтам Брайля, вельмі мала. Чаму была выбрана менавіта гэтая кніга? Яе галоўная гераіня — маленькі дыназаўр Лахнэска (прататып пачвары, якая, згодна з шатландскай легендай, жыве ў возеры Лах-Нэс) — сумуе з-за таго, што яна не такая, як усе, што яе не прымаюць навакольныя. Яна марыць стаць прынцэсай, але вымушана збегчы з роднага возера, таму што там яе ўсе дражнілі. У сажалцы яна сустракае апалоніка па мянушцы Апалон, які лічыць сябе нікчэмным з-за невялікіх памераў і марыць стаць вялікай і моцнай жабай. Яны суцяшаюць адно аднаго і спрабуюць разабрацца, што такое прыгажосць. Толькі ўбачыўшы адно ў адным лепшае, яны змаглі знайсці цудоўнае і ў сабе. У выніку да іх прыхо­дзіць разуменне, што іх унікальнасць — гэта нават добра, яны могуць быць шчаслівымі, як і кожны чалавек. Можна быць Лахнэскай з доўгай шыяй, вялікімі вачыма і грубай скурай. Галоўнае — гэта ўнутраная прыгажосць і вера ў сябе. Гэтая гісторыя пра непадобнасць блізкая ўсім дзецям, а тым, у каго ёсць інваліднасць, асабліва.

Дзеці праслухалі казку ў выкананні Алены Масла. Аўтар расказала пра галоўных герояў, правяла з дзецьмі невялікую моўную размінку, ажывіла ў іх памяці некаторыя беларускія словы. Яна адзначыла, што яе твор пра тое, як трэба шукаць сяброў, што ўсе людзі розныя, што свет быў бы нецікавым, калі б усе былі аднолькавыя. Наша прыгажосць — у разнастайнасці і ўнікальнасці. Кожны чалавек, кожная істота мае права жыць, быць сабой, марыць і верыць у сябе. Галоўны закон казачнага жанру ў тым, што дабро аднойчы перамагае. Чым больш людзей нешта дзеля гэтага будзе рабіць, тым больш наша жыццё стане падобным на казку. Па кнізе “Мяне завуць Лахнэска” зняты мультфільм, як і яшчэ па адной казцы пісьменніцы — “Лагодны воўк”. Алена Масла плануе і далей супрацоўнічаць з установай “МоцАрт”, у планах якой — працягнуць праект і стварыць серыю дзіцячых кніг са шрыфтам Брайля.

Зараз “МоцАрт” у працэсе стварэння ўнікальнай кнігі, напісанай шрыфтам Брайля, пра Ефрасінню Полацкую. У выданні будзе змешчаны тактыльны абраз у гонар святой і падрабязнае апісанне да яго. Кожны элемент святога малюнка будзе максімальна дэталізаваны. Аляксандр Калоша запэўнівае, што падобнага твора для лю­дзей з парушэннямі зроку ў Беларусі пакуль няма.

Надзея ЦЕРАХАВА.